Вы тут

СЛОЎныя перавагі


Столькі пісьменнікаў разам у адным горадзе могуць сабрацца толькі ў гэты дзень. Для літаратараў прадумалі асаблівую пляцоўку, дзе людзі маглі паслухаць «Слова пісьменніка» (самі аўтары чыталі свае творы). Прыехалі пісьменнікі вядомыя і прадстаўнікі літаб’яднанняў розных гарадоў і мястэчак Беларусі. Прадстаўлялі свае кнігі, раздавалі аўтографы. Толькі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Полацк завіталі каля 150 аўтараў, а яшчэ мясцовыя творцы, ды вольныя майстры слова, што разумеюць: гэты дзень для ўсіх, бо падкрэслівае важнасць моўнай культуры, без якой не існуе народа.


Падчас уручэння Нацянальнай літаратурнай прэміі.

Імкнуліся гэта паказаць стваральнікі канцэрта-адкрыцця: усю гісторыю Беларусі і асноўныя сёлета вехі для айчыннай літаратуры адлюстравалі ў сцэнарыі. Нават блаславенне адноўленым крыжом Ефрасінні Полацкай ад мітрапаліта Паўла — на працяг у святочную нядзелю. І вершы класікаў, і правільныя словы пра іх — сучаснікі няхай трымаюць планку… І добра было б, каб тых сучасных аўтараў, што дзяржава адзначае асаблівым гонарам сёлета, прадставілі ўрачыста падчас цырымоніі адкрыцця свята: у галоўным эфіры, для шырокай аўдыторыі — было б лепшае сведчанне таго, што працягваецца традыцыя прыгожага пісьменства Беларусі. Не на словах, а на справе гэта можна было б паказаць, нават у асобах…

Але для тых, хто атрымаў узнагароды Нацыянальнай літаратурнай прэміі, сёлета вылучылі асаблівую цырымонію. Так, урачыстую, з вітаннем ад прэзідэнта, з удзелам віцэ-прэм’ера Васіля Жарко і ў прысутнасці трох міністраў: інфармацыі — Ліліі Ананіч, культуры — Барыса Святлова, адукацыі — Ігара Карпенкі. Сапраўды, Дзень беларускага пісьменства для літаратараў «як своеасаблівы экзамен», што падкрэсліў Мікалай Чаргінец. Здавалі яго і арганізатары, нездарма ганаровую ўзнагароду ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ўручылі Полацкаму райвыканкаму ў асобе яго старшыні Мікалая Шаўчука: раён мабілізаваў усе намаганні, горад гудзеў: пах смакотаў дзіўным чынам спалучаўся з гучнымі імпрэзамі ля кніжных стэндаў, але ў нядзелю днём людзі сабраліся ля галоўнай сцэны — лепшая магчымасць убачыць тых, каго ведаюць толькі па імёнах на вокладках.

— Гэта вельмі знакавая з’ява, што Нацыянальны конкурс на лепшы літаратурны твор менавіта ў гэты дзень агучвае імёны сваіх пераможцаў, — падкрэсліла Лілія Ананіч. — Сярод больш чым 10 000 найменняў кніг, якія штогод выдаюцца ў нашай краіне, накладам звыш за 35 мільёнаў экзэмпляраў, творы нашых нацыянальных літаратараў знаходзяць свайго вельмі чуйнага чытача. Гэтыя кнігі будуць падораны гораду Полацку, лепшыя з іх пойдуць у нашы бібліятэкі, школы. Дзякуючы дзяржаўнаму клопату гэты нацыянальны конкурс скіраваны на падтрымку нацыянальнай літаратуры і тых пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, якія годна нясуць справу, распачатую Францыскам Скарынам.

Конкурс Нацыянальнай літаратурнай прэміі сёлета ахапіў шырокае кола творцаў: больш за 40 аўтараў прэтэндавалі на ўзнагароду ў розных намінацыях (пра гэта мы распавядалі ў папярэдніх публікацыях). Сёлета іх было значна больш, чым у папярэднія два гады, у намінацыях з’яўляецца канкурэнцыя, што спрыяе паляпшэнню якасці літаратурных твораў. І, можа быць, з’яўленню той самай кнігі, «якая зацікавіць усё грамадства». Конкурс будзе працягвацца ў наступным горадзе: эстафету прыняла Брэсцкая вобласць, горад Іванава. Год пройдзе хутка, з чытаннем усіх кніг, што прыцягнулі ўвагу экспертаў сёлета.

Ларыса ЦІМОШЫК

Лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі сталі:

Людміла Рублеўская ў намінацыі «Найлепшы празаічны твор» — за раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», што прадставіў Выдавецкі дом «Звязда» ў 2016 годзе.

У намінацыі «Найлепшы твор паэзіі» Анатоль Аўруцін — за кнігу «Прасвятленне».

У намінацыі «Публіцыстыка» адзначаны яшчэ адзін аўтар Выдавецкага дома «Звязда» — Зіновій Прыгодзіч — за зборнік «Постаці».

Васіль Ткачоў у намінацыі «Драматургія» — за зборнік п’ес «Характары».

У намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» вылучылі кнігу «Возера Дзіва» паэта Міхася Пазнякова.

«Найлепшым творам літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» прызналі даследаванне Валерыя Назарава «Тайнапіс Андрэя Мрыя».

Пра тое, што ў Выдавецкім доме «Звязда» з’яўляюцца новыя зоркі літаратуры, сведчыць узнагарода ў намінацыі «Найлепшы дэбют» супрацоўніцы часопіса «Маладосць» Маргарыце Латышкевіч — за паэтычны зборнік «Яблыкі».

Паэт Сяргей Давідовіч (летась быў сярод лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі) атрымаў Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».