Вы тут

Беларускім аграрыям засталося сабраць ураджай з 2% пасяўных плошчаў


Беларускім аграрыям засталося сабраць ураджай з 2% пасяўных плошчаў. Паводле аператыўнай інфармацыі Мінсельгасхарча, на 8 верасня спецыялісты сельгасарганізацый убралі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур (з грэчкай і просам) у памеры больш за 7,54 тысячы тон. Сярэдняя ўраджайнасць склала 35,7 ц/га.


Пакуль паўночны рэгіён спраўляецца з апошнімі гектарамі, на Гомельшчыне ўжо падлічылі, што валавы збор грэчкі ў вобласці бу-дзе перавышаць леташні больш чым у тры разы. Паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама пасевы грэчкі сёлета сканцэнтраваны ў чатырох раёнах: у Буда-Кашалёўскім, Жлобінскім, Рэчыцкім і Рагачоўскім, на долю якіх прыпадае больш за 65% плошчаў, адведзеных у рэгіёне пад гэтую культуру. Такая спецыялізацыя дазваляе сканцэнтраваць тэхніку і рэсурсы, і тым самым больш эфектыўна і аператыўна ажыццяўляць кантроль якасці выканання сельгасработ. Акрамя таго, гаспадаркі Гомельскай вобласці ўжо пачалі сяўбу азімых на збожжа. Яе тэмпы некалькі ніжэйшыя за леташнія — ідзе адставанне ад графіка на 3—4 дні. Яно адбываецца з-за ападкаў — на працягу гэтага тыдня ў вобласці амаль штодня ідуць дажджы. Аднак аграрыі вобласці бачаць у гэтым і станоўчы эфект — зямля атрымлівае неабходную вільгаць, якой ужо некалькі гадоў запар у глебе практычна не было.

Да зімы і традыцыйных восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў краіна гатова. Дарэчы, пра апошнія. Рэгіянальныя восеньскія кірмашы пройдуць у буйных гарадах Мінскай вобласці. Паводле інфармацыі Мінаблвыканкама, першае з такіх мерапрыемстваў запланавана 30 верасня ў Барысаве. У гэты ж дзень кірмаш пройдзе ў Слуцку. Далей эстафету прымуць у Нясвіжы (22 кастрычніка), у Вілейцы і Жодзіне (28 кастрычніка). Прадукцыю на іх будуць прадстаўляць арганізацыі адразу некалькіх рэгіёнаў вобласці. Сезон восеньскіх кірмашоў у райцэнтрах пачнецца раней — 16 верасня. Мерапрыемствы будуць праходзіць па выхадных днях. Працягнецца кірмашовы сезон да 4 лістапада.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Будзе ўраджай у 10 млн тон

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.