Вы тут

Наколькі запатрабаваны спецыялісты з прафесійнай адукацыяй?


Мода на пагалоўную вышэйшую адукацыю пройдзе, пэўна, яшчэ не хутка. Сёлета, напрыклад, 76 працэнтаў выпускнікоў мінскіх школ вырашылі працягнуць навучанне ва ўніверсітэтах. Але на рынку працы ёсць попыт не толькі на работнікаў з дыпломамі ВНУ. Калі патрабаванне да вышэйшай адукацыі ўтрымліваюць 23 працэнты вакансій, то патрабаванне да прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай — 42 працэнты.


Машыністу цеплавоза — 1500 рублёў

Згодна з аналізам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, самыя папулярныя рабочыя прафесіі ў горадзе — прадавец, швачка, кіроўца аўтамабіля, бетоншчык і муляр. У сельскай мясцовасці найбольш не хапае трактарыстаў, аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, кіроўцаў аўто.

— Вакансій па рабочых спецыяльнасцях дастаткова, — запэўнівае кіраўнік агенцтва па працаўладкаванні «Работа для ўсіх» Наталля РЫБАК. — Да нас нават людзі амаль не звяртаюцца па падобныя месцы: самастойна знаходзяць работу. А вось прадпрыемствам часам не хапае працоўных рук, просяць дапамагчы набраць персанал.

Так, нядаўна з Астраўца вялікая заяўка прыйшла. Там патрэбны і зваршчыкі, і стропальшчыкі, і тынкоўшчыкі.

На думку Наталлі Рыбак, тым, у каго вышэйшая адукацыя, цяпер уладкавацца нават больш складана — вялікая канкурэнцыя. Перавагу дае, хутчэй, вопыт, а не дыплом.

Універсітэт моладзь часта выбірае таму, што спадзяецца на высокія заробкі пасля. Але рабочая спецыяльнасць можа карміць не горш. Напрыклад, у Оршы шукаюць машыністаў электравоза і цеплавоза на паўтары тысячы рублёў у месяц. Столькі ж можа атрымліваць прараб у Мінску (пры наяўнасці вопыту і кваліфікацыйнага атэстата). У Смалявіцкім раёне патрэбны слесары па рамонце аўтамабіляў і дарожна-будаўнічых машын і трактароў (5—6 разрад). Гатовы плаціць 1400 рублёў. Заробак у тысячу абяцаюць на асобных сталічных вакансіях токара, тынкоўшчыка, майстра электрамантажных работ.

Інтарэс з боку заказчыкаў кадраў

Пра запатрабаванасць выпускнікоў з прафесійнай адукацыяй мы пацікавіліся ў некаторых навучальных установах.

У Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М. С. Высоцкага, дзе нядаўна пабываў Прэзідэнт, назіраюць устойлівы інтарэс да ўсіх спецыяльнасцяў — «аўтамабіле-будаванне», «гідрапнеўмасістэмы мабільных і тэхналагічных машын», «тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў». Прычым яны карыстаюцца попытам як у абітурыентаў, так і ў заказчыкаў кадраў.

— Мы працуем па дагаворах на падрыхтоўку спецыялістаў і па заяўках арганізацый, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Віктар ІСАКАЎ. — Асноўныя прадпрыемствы, з якімі мы супрацоўнічаем, — гэта Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі маторны завод, «Амкадор-Белвар», Мінсктранс. Нашы хлопцы размяркоўваюцца таксама ў буйныя дылерскія цэнтры, на станцыі тэхнічнага абслугоўвання. У год мы супрацоўнічаем з 300—400 прадпрыемствамі.

Заробкі, па словах Віктара Ісакава, у маладых спецыялістаў розныя. Але той, хто стараецца і ўдасканальвае свае навыкі, праз год пасля выпуску можа і да дзвюх тысяч долараў атрымліваць.

У Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі набор з кожным годам павялічваецца. Сёлета, напрыклад, замест 300 чалавек набралі 330, бо ад абітурыентаў было пададзена пад 500 заяў. Вельмі карысталася попытам такая інтэграваная кваліфікацыя, як кандытар-кухар. Сярэдні бал, каб паступіць на гэтую спецыяльнасць, быў вельмі высокі — 8,5. Каб пайсці, вучыцца на кухара, трэба было мець у атэстаце ў сярэднім 7,5, на афіцыянта і кухара дзіцячага харчавання — 6,5.

— Да нас ідуць матываваныя абітурыенты, — адзначае намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Святлана КУЛЯШОВА.

У год установа адукацыі супрацоўнічае са 100—150 прадпрыемствамі. З 25 заключаны дагаворы аб падрыхтоўцы спецыялістаў. У іх лік уваходзяць такія буйныя і вядомыя прадпрыемствы, як «Прэзідэнт-гатэль», гасцініцы «Мінск», «Вікторыя», «Марыёт», «Рэнесанс», «Пекін», а таксама розныя рэстараны — «Бергама», «Ракаўскі бровар» і іншыя.

Цікава, што 80 працэнтаў навучэнцаў каледжа — хлопцы.

— Напэўна, такая тэндэнцыя ва ўсім свеце: лепшымі кухарамі лічацца мужчыны, — каментуе Святлана Куляшова. — Гэта не такая лёгкая прафесія, як здаецца. Цэлы дзень на нагах! А ў летні перыяд, калі ўключана ўсё цеплавое абсталяванне, на кухні вельмі горача.

Пра тое, што выпускнікі разбіраюцца хутка, чуем і ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Хлопцы пасля заканчэння гэтай навучальнай установы ўладкоўваюцца трактарыстамі, кіроўцамі, слесарамі па рамонце аўтамабіляў. Дзяўчаты ідуць у кухары. Вельмі актыўна работнікаў бяруць сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы.

— Нашы хлопцы становяцца пераможцамі раённых «Дажынак». Многія ў перадавіках ходзяць, — з гонарам кажа намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля ШЫЛЬКО.

Сёлета тут адкрылі падрыхтоўку ў завочнай форме па спецыяльнасці «станочнік дрэваапрацоўчых станкоў». Кадры ўжо чакаюць два гарадскія мэблевыя прадпрыемствы. На завочную форму каледж набірае яшчэ сацыяльных работнікаў. Цяпер вось цэнтр занятасці Шаркаўшчынскага раёна заказаў навучыць групу з 20 чалавек.

— Калі ў аснове ляжыць прафесійна-тэхнічная адукацыя, атрымліваюцца вельмі добрыя спецыялісты, — мяркуе Наталля Шылько. — Бо калі дом пачынаюць будаваць з фундамента, ён трывала стаіць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Гатэлі чакаюць... кухараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?