Вы тут

Любоў Чаркашына: Адчуваю сябе шматдзетнай маці


Бронзавы медаль на Алімпійскіх гульнях у Лондане. Яшчэ гадоў пяць таму краіна трыумфавала: адна з выхаванак айчыннай школы мастацкай гімнастыкі дастойна прадставіла сваю краіну на сусветным спаборніцтве. Але ў тым жа 2012-м спартсменка заявіла аб сканчэнні кар'еры. Тым не менш яна не змагла цалкам адмовіцца ад справы ўсяго жыцця і трэніруе цяпер будучых «Мяліт Станют» і «Алін Туміловіч». Пра тое, як гэта — быць часткай вялікай сям'і ў спорце і дома, спалучаць у сабе сілу волі і жаноцкасць, у гутарцы сам-насам расказала алімпійская прызёрка Любоў Чаркашына.


— Вы строгі трэнер?

— Не столькі строгі, колькі патрабавальны. Я разумею, што калі б я працавала ў офісе і не падпісала ці не дарабіла пэўны дакумент, то заўжды быў бы шанц зрабіць гэта заўтра без страт. Але калі я не дараблю практыкаванне са спартсменам, то заўтра ён не выканае яго лепш.

— Адносіны паміж трэнерам і спартсменам — гэта дочкі-маці ці кіраўнік-падначалены альбо гэта двое дарослых, роўных адно аднаму?

— Адносіны мяняюцца па меры сталення спартсмена. Калі гэта яшчэ зусім маленькае дзіця — амаль што дочкі-маці. Бо калі чатырохгадовую дзяўчынку прыводзяць да цябе на заняткі, ты з'яўляешся для яе пэўным абсалютам, якому яна давярае амаль гэтаксама, як і бацькам. У перыяд сталення спартсмены становяцца, хутчэй, падначаленымі, таму што інакш іх немагчыма накіраваць у правільнае рэчышча. А калі трэніруеш ужо дарослую спартсменку, вы працуеце на роўных, як прафесіянал з прафесіяналам. Яна па адным поглядзе разумее, што памылілася, ці калі дрэнна выканала практыкаванне, адразу можа сказаць: «Я ўсё ведаю». Ты патрэбен ёй толькі для кантролю. Такія адносіны ў мяне складваліся з маім трэнерам Ірынай Ляпарскай у апошні трэніровачны год.

— Зразумела, што спартсмена немагчыма ўявіць без сілы волі. І гэта ў вас ёсць. Наколькі яе можна сумясціць з жаноцкасцю?

— Сілу волі ў нас, гімнастках, выхоўваюць з першых дзён заняткаў, і мы цяпер, трэніруючы дзяўчат, робім тое ж самае. Спаборніцтвы ніхто пад твой добры настрой пераносіць не стане. Таму ў гэты дзень у цябе павінна быць усё на месцах. Ніякіх трызненняў і эмацыянальных збояў. Мы звычайныя людзі, усялякае бывае, але ў момант выступлення ўнікальнасць спартсмена праяўляецца ў жалезнай хватцы і сіле волі, калі можаш сябе пераадолець і зрабіць усё для таго, каб перамагчы.

— І гэта не выкараняе жаноцкай сутнасці?

— Толькі калі падкрэслівае. Тым больш што ў нас від спорту, які нясе прыгажосць. Мы сочым за фігурай, робім макіяж, падбіраем касцюмы. Адным словам — эстэтыка, крыніца якой хаваецца ў жаночым пачатку. Добры прыклад таму — фантастычна валявая Кацярына Галкіна. Але хто скажа, што яна не жаноцкая?

Калі мужчына мусіць пасадзіць дрэва, вырасціць сына і збудаваць дом, то сапраўдная жанчына павінна тое дрэва даглядзець, выхаваць сына і падтрымліваць утульнасць у доме. Увогуле, такая жанчына відаць па дробязях у той прасторы і атмасферы, якую яна стварае вакол сябе. Можна зайсці ў кватэру і адразу зразумець, што тут жыве толькі мужчына. У гэтым уся мужчынская сутнасць: зрабіць канкрэтную, глабальную рэч — набыць кватэру. А вось жаночая рука ў доме адразу заўважна — маці, жонкі, сястры, — па інтэр'еры, паху, які лунае ў доме, атмасферы.

— Ці з'явілася больш вольнага часу пасля таго, як сталі трэнерам?

— Як ні дзіўна, але яго стала наадварот менш. Спадзявалася, што ўсё, цяпер не буду кругласутачна ў зале, пажыву для сябе. Не атрымалася, бо прафесія трэнера дыктуе, што ты цяпер адказваеш за тых, хто прыходзіць да цябе ў залу. Перастаеш думаць пра свае праблемы і заглыбляешся ў жыццё вучняў. Пастаянна шукаеш выйсце, як ім дапамагчы, хвалюешся, хто як выступіць. Думкі пра тых, каго трэнірую, цяпер займаюць увесь мой час. Да трэнерскай працы трэба мець схільнасць, бо тут на поўную аддаешся чужым, па сутнасці, людзям, прабіваеш для іх дарогу. Зараз я нашмат лепш стала разумець тую ж Ірыну Юр'еўну Ляпарскую, якая часам магла жорстка выказацца ў наш адрас. Я зараз зрабіла б гэтаксама.

Бывае, дзіця сёння займацца лянуецца, а ты яго спрабуеш зматываваць, угаварыць зрабіць хоць некалькі практыкаванняў. Пасля яно нагу падвярнула, у баку кальнула — перажываеш. Маці патэлефанавала — трэба тэрмінова з'ехаць. І ты пастаянна хвалюешся за іх, нібыта гэта адна вялікая сям'я і ў цябе дзевяць дзяцей, праблемы якіх табе даводзіцца штодзённа вырашаць.

Цалкам змянілася мера адказнасці. Раней я працавала на свой вынік, праблемы іншых мяне амаль не хвалявалі, за нас шмат чаго вырашалі. А цяпер ты павінен своечасова накіраваць спартсмена да доктара, каб была прафілактыка траўмаў, пракантраляваць, каб вучаніца дайшла да школы, каб у час зрабілі візу... Трэнер шмат за што адказвае.

— Што адчуваеш, калі прадстаўляеш перад усім светам сваю краіну?

— Гэта на ўзроўні гонару дужа прыемна. Але калі выступаеш на Алімпійскіх гульнях, Чэмпіянаце свету, калі ўся ўвага грамадскасці сканцэнтравана на спорце, выходзіш на арэну, пачынаеш уся дрыжаць ад хвалявання. Памятаю, перад выхадам у Лондане на дыван я стаю і думаю: «У мяне 30 секундаў, каб завярнуцца і пайсці адсюль, і больш гэтага страху не будзе». Але Ірына Юр'еўна каменнай сцяной стаяла: ідзі, выступай, усё будзе добра.

— Наколькі важна, каб сям'я падтрымлівала дзіця падчас заняткаў гімнастыкай?

— Важна, каб падтрымлівала, але пры гэтым не ўмешвалася. Я зараз назіраю, што занадта актыўныя бацькі, якія прыводзяць да нас малышоў, не хочуць нашкодзіць свайму дзіцяці, але робяць гэта. У пэўны момант пачынаюць кіраваць трэніровачным працэсам, расказваць трэнеру, як што лепш рабіць, які купальнік для іх дзіцяці больш падыходзіць, калі яму варта адпачываць... Маленькі спартсмен у гэтым выпадку знаходзіцца паміж двума агнямі: для прафесійнага росту трэба слухацца трэнера, але як жа бацькі? І ў гэты момант разумееш, што далей працаваць няма сэнсу.

— А як паводзілі сябе вашы бацькі?

— Тата ставіўся да маіх заняткаў спакойна, па-мужчынску: займаецца, значыць, усё добра. Маці была, хутчэй, памочнікам трэнераў. Яна з імі падоўгу гутарыла па тэлефоне, сутнасці размовы, вядома, мне не перадавала, але ў выніку накіроўвала мяне, асабліва ў пераходныя моманты. І нават калі я добра выступала, яна бачыла памылкі і казала пра іх. Калі хварэла і была дома, я трэніравалася пад пільным наглядам маці. Яна кантралявала, каб увечары я бегала кросы, у абед расцягвалася, сачыла за тым, што я ем, раілася пра гэта з трэнерам.

— Вы са шматдзетнай сям'і. У той час гэта была рэдкасць...

— Калі я была маленькай, гэта, хутчэй, была не рэдкасць, а складанасць. У 1990-я ўзровень жыцця быў іншы. Мама і тата браліся за любую працу. Памятаю, як мы ў маці пыталіся, чаму ў нас няма масла на сняданак. Зараз я ніколі б такое пытанне не задала, бо разумею, як зарабляюцца грошы. Сучасныя дзеці не здзівяцца апельсінам на Новы Год. А для нас гэта было шчасце! Мы дзялілі апельсін — многа нас, а ён — адзін! Я была не адна ў сям'і, не распешчаная, мне не было сорамна даношваць рэчы за старэйшымі сястрой ці братам. Нягледзячы на наша сціплае матэрыяльнае становішча, кожны з нас вырас асобай, кожны адбыўся ў гэтым жыцці. Гэта цудоўна, калі ты не адзін у сям'і.

Памятаю, што пастаянна прасіла старэйшых брата і сястру навучыць мяне чытаць, бо яны ўжо ўмелі, ім ніколі не было сумна. Таму чытаць навучылася рана, ужо ў 10 гадоў «праглынула» дарослыя творы: «Анну Карэніну» Льва Талстога, апавяданні Міхаіла Зошчанкі, «Людзі на балоце» Івана Мележа.

У нас ёсць нікім не агучанае, але нязменна дзейнае правіла: на зборы нашы дзяўчаты, як і мы калісьці, заўжды едуць з кніжкай — ці з падручнікам, калі гэта школьны час, ці з мастацкай літаратурай. І большасць, дарэчы, выкарыстоўвае папяровы варыянт, а не электронны. Памятаю, як Каця (Кацярына Галкіна. — «Зв.») зачытвалася ў пэўны перыяд Эрыхам Марыяй Рэмаркам, а ў Меліты Станюты ўвогуле была такая калекцыя кніг, што мы пастаянна прасілі ўзяць штосьці пачытаць.

— Цікава, слава не прайшла? Вас дагэтуль пазнаюць на вуліцы?

— Момантамі — так. Увогуле, беларусы нацыя не нахабная, таму нават калі пазналі, то не падыходзяць, толькі па вачах можна здагадацца. У такіх выпадках складана застацца самой сабой. У канфліктных сітуацыях, дзе трэба адстаяць сваю пазіцыю, замест гэтага спрабуеш дыпламатычна растлумачыць, што не так. Здараецца такое, што спачатку не пазнаюць, пачынаюць запісваць прозвішча, падымаюць вочы з пытаннем: «А, вы тая самая Чаркашына?». Але зараз гэта не прыносіць столькі здзіўлення, як гадоў пяць таму.

Зорнасці ў спартсмена ў цэлым і ў гімнастак у прыватнасці быць не можа. Бо як толькі яна з'яўляецца, пачынае шкодзіць спартыўнаму выніку і жыццю ў прынцыпе. Ірына Юр'еўна заўжды збівала ў нас гэтую ганарлівасць.

— Што для вас сапраўдны адпачынак?

— У мяне няма дзялення дзе адпачынак, а дзе праца. Бывае так, што я трэнірую і ў пэўны момант разумею, што атрымліваю такое задавальненне, што не адчуваю стомы. А ўвогуле люблю быць дома, мяне складана куды-небудзь выцягнуць. Гэта атрымліваецца толькі ў самых блізкіх сяброў.

— Але і для гэтага трэба адшукаць час. Ёсць сакрэт, якім чынам усё паспяваць?

— Захочаш — заўжды адшукаеш час. З узростам я шмат якім рэчам навучылася казаць «не». Зараз так шмат мерапрыемстваў, якія робяцца дзеля галачкі: туды мяне ўжо не зацягнуць. Да таго ж я не фанат начнога жыцця, і мяне пабачыць у клубах амаль немагчыма. Маці таксама не любіла шумныя застоллі, дыскатэкі, хвалявалася, калі мы туды хадзілі. Гэта не значыць, што бязвылазна сяджу дома. Мы з мужам можам і дома паляжаць, і на лецішча да бацькоў заехаць, і ў кіно схадзіць, Віця можа паехаць на хакей. Галоўнае — правільна расставіць прыярытэты. Не магу сказаць, што мяне сталі радзей запрашаць на мерапрыемствы. Хутчэй, я стала ўсё часцей адмаўляць.

— Адпаведна, і часу з'явілася больш?

— Больш майго ўласнага часу, які я магу патраціць на работу ў зале ці на тое, каб пабыць з сям'ёй. Ці проста паваляцца і пачытаць кніжку.

— Ці можа вас раніць крытычная заўвага?

— Зараз вельмі рэдка. Раней — магчыма. Я магу хадзіць некалькі дзён чорнай хмарай, перажываючы, і гэта пабачыць толькі мой Віця і скажа: «Ну, хопіць дуцца!». І пашкадуе, і пасварыцца, што я не ў тым настроі. Сыграе на ўсіх гранях, і тое пачуццё пройдзе. Але з думкай, што зрабіла штосьці не так, буду хадзіць і некалькі дзён яе пераварваць.

— Вы з мужам у шлюбе ўжо 9 гадоў. Псіхолагі кажуць, што гэта самы час прыцірак. У вас так было?

— Так атрымалася, што мы ўсё асэнсаванае жыццё разам. Разам сталелі, вучыліся, набівалі гузы, ачаг будавалі. За гэты час ён ператварыўся з хлопчыка ў мужчыну-гаспадара. Гляджу на мужа і разумею, што мне так пашчасціла! Не заўжды гэта прыкметна, але я бываю жорсткай. Не ведаю, хто яшчэ змог бы згладжваць вуглы так, як гэта робіць Віця.

— Гэта і ёсць шчасце.

— Абсалютна! Чалавек і прымае мяне такой, якая я ёсць, і не спрабуе мяне змяніць: усё адно бессэнсоўна. І гэта ўзаемна.

Мы не расказваем пра свае праблемы родным: напачатку далі зразумець сям'і, што мы — асобная ячэйка. Жывём толькі з уласных падказак і грабель. Я думаю, што гэта нас і ратуе. Вялікае шчасце быць з сапраўды родным табе па духу чалавекам.

— Згадваю, як вы апісвалі свае эмоцыі пасля таго, як узялі ў руку алімпійскі медаль у Лондане. Кавалак жалеза...

— Я была здзіўлена гэтаму пачуццю. Увогуле спартсмены дзеляцца на два лагеры: якія захапляюцца сваімі ўзнагародамі і якія ўспрымаюць іх толькі як метал. А колькі за гэтай кругляшкай сіл, слёз, перажыванняў! Усе бачаць толькі прыгожую карцінку: ты на п'едэстале, сцяг тваёй краіны. Але хто бачыць шлях?

Я люблю чытаць аўтабіяграфію пісьменніка перад тым, як прачытаць ягоны твор. Каштоўнасць створанага чалавекам тады ўзрастае. Галоўнае яе асэнсаваць.

Лёгкіх медалёў не бывае. Проста так чэмпіёнамі і прызёрамі не становяцца. Складаны шлях — перадумова для поспеху. Галоўнае адшукаць менавіта сваю дарогу.

Бліц-апытанне

— Жаваранак ці сава?

— Сава.

— Якія людзі падабаюцца?

— Усе!

— Без чаго немагчымае ваша жыццё?

— Без сабак.

— Раніцай кава ці прабежка?

— Кава.

— Дома цішыня ці свята?

— Цішыня.

— Калі футбольны клуб, то...

— «Чэлсі».

— Кніга, якую павінен прачытаць кожны.

— «Повесть о настоящем человеке» Барыса Палявога.

— Якую здраду нельга дараваць?

— Жыццё вучыць прабачаць усё.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіzda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».