Вы тут

Каму давераць незалежную ацэнку якасці адукацыі?


У Агенцтва па кантролі якасці адукацыі плануецца аб’яднаць дзве міністэрскія структуры: Дэпартамент кантролю якасці адукацыі і Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Пра гэта расказаў журналістам міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.


Ён адзначыў, што якасць ведаў павінна вызначацца не толькі правядзеннем унутраных кантрольных мерапрыемстваў, але і ўдзелам у міжнародных праграмах па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў, такіх, напрыклад, як PISA. У наступным годзе беларускія школьнікі ўпершыню будуць “праэкзаменаваныя” па міжнародных індыкатарах якасці PISA нароўні са школьнікамі яшчэ больш чым з 70 краін. У прыватнасці, комплексныя тэсты PISA ацэньваюць не акадэмічны аб’ём ведаў, а тое, наколькі 15-гадовыя падлеткі гатовы прымяняць на практыцы атрыманыя ў школе веды. Міністр падкрэсліў, што гэта дазволіць нашай краіне звяраць свае крокі з сусветнай адукацыйнай прасторай.

Варта нагадаць, што падчас нядаўняга Рэспубліканскага педагагічнага савета абмяркоўваліся  перспектывы ўвядзення ў Беларусі незалежнай атэстацыі для выпускнікоў базавай школы, а таксама  змяненне формы атэстацыі выпускнікоў сярэдняй школы. Гэта будзе задачай Агенцтва па кантролі якасці адукацыі. Разам з тым міністр падкрэсліў, што ўсе пераўтварэнні неабходна праводзіць асцярожна, арыентуючыся на досвед правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ, у прыватнасці, на празрыстую і зразумелую ўсім сістэму ЦТ, якой у нашай краіне ўсе давяраюць.

Адказваючы на пытанні журналістаў наконт плануемай аптымізацыі ў сферы вышэйшай адукацыі, Ігар Карпенка патлумачыў, што аптымізацыя мае на ўвазе не скарачэнне, а сыход ад дубліравання шэрагу спецыяльнасцяў і закрыццё няпрофільных спецыяльнасцей у ВНУ.

— У нас сёння хіба што толькі самы лянівы не займаецца падрыхтоўкай юрыстаў і эканамістаў, а павінны быць пэўныя напрацоўкі, дзейнічаць навуковыя школы, якія змогуць забяспечыць якасную падрыхтоўку спецыялістаў, — адзначыў Ігар Карпенка. — Таксама неабходна ўлічваць патрэбы беларускай эканомікі: у першую чаргу трэба разглядаць тыя перспектыўныя спецыяльнасці, якія заўтра будуць запатрабаваныя на рынку працы і дадуць магчымасць спецыялісту з дыпломам уладкавацца і атрымліваць прыстойны заробак.

Па словах міністра, неабходна перагледзець і дубліраванне шэрагу спецыяльнасцей у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.

— Мы павінны ад гэтага адысці. Так, як гэта зроблена ў сістэме аховы здароўя, дзе спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй не дубліруе, а дапаўняе спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Урач працуе ў кантакце з сярэднім медыцынскім персаналам, і яны разам рэалізуюць медыцынскую праграму, — растлумачыў Ігар Карпенка. —   А ў нас, напрыклад, тэхнолагаў рыхтуюць і ў сярэдніх спецыяльных, і ў вышэйшых навучальных установах. Трэба іх функцыі размежаваць, але гэта праблема ўжо не Міністэрства адукацыі, а міжведамасная праблема, якую неабходна вырашаць ва ўзаемадзеянні з міністэрствамі эканомікі, працы і сацыяльнай абароны.

Надзея НІКАЛАЕВА 

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».