Вы тут

Далі локшыны з жабіны прыгаршчы


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» тэлевіктарына «Размаўляем па-беларуску». Для таго каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgоmеl.bу або 3bеlаrus.bу і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну, а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды».


Ці ведалі вы, што:

Локшыны — бліны, парэзаныя саломкай, падсушаныя ў печы. Такія, як цяпер скажуць, «снэкі» зручна было браць у поле ці на пашу.

Наро́г — частка плуга, якая падразае зямлю знізу.

Альке́ж (Этнаграфія Беларусі) — кабінет, летняя спальня ў дамах шляхты.

Бабі́нец — пярэдняя частка царквы перад паперцю.

Шэ́йгаць (размоўнае) — неразумна, без толку траціць.

Умалё́гаць (размоўнае) — умаліць, угаварыць. «Паволі, паволі ўмалёгалі Домну. Івану нават удалося за стол пасадзіць», — чытаем у Міколы Лобана.

З жабіны прыгаршчы — нечага вельмі мала (шчасця, здароўя і інш.). Беларусы яшчэ скажуць: з вераб'ёў нос, з макава зерне. Рускія: капля в море, кот наплакал. У Рыгора Барадуліна ёсць такія радкі:

...Малады табе не роўня,

І не знойдзеш горшага.

Даў жа Бог яму здароўя

З жабіны прыгоршчыкі!

Як у прорву — вельмі многа, уволю і ненасытна есці. Беларускія адпаведнікі: да адвалу, як не ў сябе, ад пуза, за трох дурных, хоць расперажыся, як на дзяды. Рускі: сколько влезет. Выраз «як у прорву» ўжываецца толькі пры дзеяслове «есці».

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?