Вы тут

Селядзец пад футрам


Днямі нам з мужам па пошце прыйшлі сланечнікі. І не адкуль-небудзь, а з Парыжа. Нашага, беларускага. Калі хто яшчэ не ведае, ёсць вёсачка з такой назвай на Віцебшчыне.


Справа ў тым, што нашы сябры сёлета вырашылі не ехаць за мяжу, а правесці свой адпачынак у вандроўках па Беларусі. Наведалі ўжо Бычкі Быкава,Ушачы Барадуліна, паплавалі ў Браслаўскіх азёрах, падыхалі чыстым паветрам балота Ельня. І, як вы ўжо зразумелі, дабраліся нават да Парыжа. Відаць, ім там было так добра, што вырашылі падзяліцца сваім шчасцем з кімсьці яшчэ. Зайшлі на пошту, купілі беларускамоўную паштовачку з сонечнымі сланечнікамі і даслалі нам «прывітанне з нашага беларускага Парыжа». Ад такога клопату ў мяне на душы стала сонечна.

Тая парыжская паштоўка нагадала мне іншую гісторыю — пра керамічную масленіцу, размаляваную сланечнікамі. У адзін цудоўны вечар муж вярнуўся ад бацькоў з Віцебска. Я была ў пакоі, калі ён пачаў распакоўваць сумкі. «Ну я ж прасіў...», — пачула я абураны голас з кухні. Аказваецца, Вова прасіў маці не класці масленіцу, бо маем ужо адну. І другая нам не патрэбна. Але яна, відаць, усё адно паклала. «І так паўтараецца кожны раз. Я ўжо не ведаю, што рабіць. Мая маці мяне не чуе. Адчуваю сябе «згвалтаваным» яе клопатам». У той вечар муж расказаў мне, як аднойчы ён ледзь дацягнуў дадому скрыню з буракамі, якія маці даслала па пошце, бо перажывала, што сыну няма чаго есці. «А аднойчы перад маім ад'ездам у Мінск яна запыталася: «Табе ж пакласці селядзец пад футрам?» Я, вядома, адказаў «не», бо не ем яго. І расслабіўся. А дарэмна. Дарэмна не праверыў, не пракантраляваў, бо адгадай, што чакала мяне дома ў пакеце пад кантэйнерам з піражкамі? Правільна, ЁН самы!»

Нашы з мужам мамы вельмі падобныя. Абедзве гатовыя аддаць дзецям апошняе. Раней я рэагавала на такі клопат прыблізна так, як і Вова. Раздражнялася, калі мама перадавала мне такую колькасць закрутак, якую з'есці адной ну проста нерэальна. Злавалася, калі яна штовечар пыталася: «А што ты сёння ела?» Ці прасіла: «Апранайся цяплей», «Патэлефануй, як дабярэшся дадому». Але дзякуючы мужу паглядзела на сябе збоку. І памяняла тактыку.

Зразумела, што матуль мы не ў сілах змяніць. А вось сваю рэакцыю на такое праяўленне любові можам. Замест таго каб раздражняцца і крыўдзіць іх сваім незадаволеным «ну я ж прасіў(-ла)», лепш проста з удзячнасцю прыняць клопат. Парадавацца, што як мінімум двум людзям на свеце важна ведаць ва ўсіх падрабязнасцях, ШТО мы сёння елі.

Ды і селядзец пад футрам не варты таго, каб крыўдзіцца на маму. Тым больш сярод вашых знаёмых дакладна знойдуцца людзі, якія абажаюць гэтую салату. Можна запрасіць сяброў у госці і пачаставаць іх мамінымі фірмавымі агурчыкамі, што я перыядычна і раблю. І потым прапанаваць камусьці з іх прыгожую масленіцу са сланечнікамі.

Я, дарэчы, так і зрабіла. Масленіцу, якая так узрушыла мужа, аддала каляжанцы. Яна вельмі абрадавалася такому падарунку. Больш за тое, на наступны дзень забегла да мяне ў кабінет з мабільным тэлефонам, каб паказаць фотаздымак. «Уяўляеш, учора дома на антрэсолях знайшла заварнік ды абрус з такімі ж сонечнымі сланечнікамі, як і на тваёй масленіцы». Убачыла я гэты сланечнікавы нацюрморт, і на душы зноў стала сонечна.

«Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў». Уладзімір Караткевіч, відаць, адчуваў прыблізна тое ж самае, калі пісаў гэтыя радкі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.