Вы тут

Ад «мультыфабрыкі» — да кіберспорту


Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стартаваў у краіне.

Ён уяўляе сабой своеасаблівую рэкламную кампанію аб'яднанняў па інтарэсах, якая традыцыйна праводзіцца на пачатку навучальнага года. Дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, выстаўкі творчых работ, кансультацыі для дзяцей і іх бацькоў будуць праходзіць паўсюдна да 9 верасня, а ўрачыстае закрыццё адбудзецца ў суботу ў Брэсце.


— Сёння ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуюць 297 устаноў і 31 тысяча аб'яднанняў па інтарэсах 12 профіляў, — расказала журналістам галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Таццяна ДРАПАКОВА. — Разнастайнасць і варыятыўнасць адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дазваляе кожнаму, у залежнасці ад яго патрэб і схільнасцяў, знайсці сабе занятак па душы. А задача педагогаў дадатковай адукацыі — дапамагчы зарыентавацца ў гэтым моры магчымасцяў. Для гэтага і праводзяцца паўсюдна дні адкрытых дзвярэй...

Дадатковая адукацыя не толькі дазваляе арганізаваць вольны час дзяцей і падлеткаў. Не менш важна, што яна стварае ўмовы для асобаснага і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Не ўсе дзеці паспяховыя ў школе, але ў сістэме дадатковай адукацыі яны могуць сябе рэалізаваць, асабліва калі трапляюць у групу аднадумцаў, з якімі робяць агульную справу. Гэта вельмі важна ў эпоху інтэрнэту і гаджэтаў, якія пазбаўляюць дзяцей рэальных стасункаў і ўскладняюць іх сацыялізацыю...

Кожная з рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі збіраецца прапанаваць у гэтым годзе, акрамя традыцыйных, таксама і новыя кірункі.

— Мабільная і прамысловая робататэхніка, інжынерны дызайн CAD, нейракіраванне, кіберспорт, прататыпіраванне, дапоўненая рэальнасць — такі блок праграм мы плануем запусціць у гэтым навучальным годзе ў нашай установе, — паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей САЧКО. 

У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства вялікай папулярнасцю карыстаюцца ландшафтны дызайн, гурток юных экскурсаводаў, спартыўны турызм, спартыўнае арыентаванне, скалалажанне... Між іншым, у 2020 годзе скалалажанне будзе ўпершыню прадстаўлена на летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа. Гэты від спорту актыўна набірае папулярнасць. Не застаецца ўбаку ад гэтай сусветнай тэндэнцыі і наша краіна.

У бягучым навучальным годзе сумесна з ПРААН на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства будзе створаны нацыянальны рэсурсны цэнтр па вывучэнні водных рэсурсаў і каардынацыі дзейнасці «зялёных школ», а ў кастрычніку сумесна з кампаніяй «Кока-Кола» тут адкрыюць сучасную лабараторыю па вывучэнні водных рэсурсаў.

Старшакласнікаў павінны зацікавіць навуковыя аб'яднанні «Батаніка і прыкладная мікалогія», «Генетыка і селекцыя», «Гідрабіялогія» і «Мікрабіялогія», «Глебазнаўства» і «Арніталогія».

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі канстатуюць вялікую цікавасць з боку школьнікаў і моладзі да аб'яднанняў па інтарэсах, звязаных з эканамічнай адукаванасцю, інтэлектуальным развіццём, развіццём логікі і эрудыцыі. Для прыкладу, на яго базе дзейнічае гурток інтэлектуальных гульняў «Сакрат» для моладзі ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў. А для школьнікаў тут адкрываецца гурток «Мульт-фабрык», дзе дзятву будуць знаёміць з усімі этапамі стварэння мультфільма, а таксама навучаць розным тэхнікам: маляванню, пластылінавай і лялечнай анімацыі, стоп-моўшэн і іншым. Таксама тут аб'яўлены набор у гурток сучаснай харэаграфіі «хіп-хоп».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».