Вы тут

Вецер ламаў дрэвы і перавярнуў прыпынак


Непагадзь у панядзелак увечары найбольш «зачапіла» сталіцу.


Вячэрні шквал, які на некаторы час ахапіў сталіцу ў панядзелак, паваліў у многіх раёнах Мінска дрэвы і нават прыпынак грамадскага транспарту, размешчаны на вуліцы Янкі Брыля. Тры чалавекі былі шпіталізаваны, аднаму з іх патрабуецца аперацыя. Абставіны здарэння зараз вывучае адміністрацыя Маскоўскага раёна мегаполіса.

— Цяпер прыпынак знаходзіцца на рэканструкцыі, — паведаміў галоўны інжынер УП «Рамаўтадар Маскоўскага раёна Мінска» Сяргей Бяльковіч. — Неўзабаве павільён зноў вернецца туды, дзе і быў да непагадзі. Мушу зазначыць, што вецер быў настолькі моцны, што вывернуў канструкцыю разам з яе бетоннай асновай. Аднак спецыялісты ўжо правяраюць, наколькі трывалыя астатнія прыпынкі. Пры неабходнасці прымем меры па далейшым іх умацаванні.

Павалены падчас шквалу прыпынак у сталіцы — не ўнікальны выпадак. У маі 2009 года Мінск таксама апынуўся пад ударам моцнага ветру. Тады на пенсіянерку «прызямліўся» павільён у раёне вуліцы Ваўпшасава. Жанчына трапіла з пашкоджаннямі ў бальніцу.

Усяго, па інфармацыі Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, у сувязі з непагаддзю ў сталіцы былі зафіксаваныя 25 выпадкаў падзення дрэў. Імі былі пашкоджаны 17 аўтамабіляў і дахі двух жылых дамоў. Дрэвы таксама падалі на праезную частку ў некалькіх месцах, пешаходную дарожку, агароджы двух дзіцячых садкоў. Па вуліцы Куйбышава дрэва ўпала на балкон кватэры на пятым паверсе. Супрацоўнікі МНС і іншыя службы праводзілі работы па распілоўцы ствалоў, якія ўпалі. Усяго для ліквідацыі наступстваў кароткатэрміновага ўзмацнення ветру былі задзейнічаны 20 адзінак тэхнікі МНС і 91 работнік. На падтопленых участках праезных частак рух грамадскага транспарту не абмяжоўваўся.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».