Вы тут

Аб асаблівасцях выканання Указа №100 у прыгарадным сельсавеце


Гэта памылка — думаць, што ў прыгарадным сельсавеце няма праблем са старымі трухлявымі дамамі. Яны ёсць. Хоць варта ўсё ж адзначыць, што вёскі Лышчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна выглядаюць даволі дагледжанымі і прывабнымі. Нават на ўскраінах няма такога запусцення, паваленых агароджаў, хацін з дзіравымі стрэхамі, якое можна сустрэць у аддаленых населеных пунктах глыбінкі. Апусцелыя дамы і ўчасткі тут хутка купляюць. Асабліва ў вёсках па дарозе на Брэст.


Стар­шы­ня  Лы­шчыц­ка­га сель­ска­га Са­ве­та  Іна Дзя­чэк.

Але пытанні з нічыйнымі пабудовамі на вялікай тэрыторыі ўсё ж перыядычна ўзнікаюць. Іх даводзіцца вырашаць сельвыканкаму. У 17 вёсках сельсавета пражывае амаль 4700 чалавек. Вядома, аграгарадок Астрамечава альбо вёску Лышчыцы не параўнаеш з Малымі Сухарэвічамі, у якіх засталося восем пажылых жыхароў. Але нават у вялікіх густанаселеных вёсках, здараецца, сыходзіць з жыцця адзінокі чалавек, а яго жытло застаецца нікому не патрэбным. Альбо сваякі пражываюць надта далёка, каб цікавіцца сельскай нерухомасцю. Што ўжо казаць пра вёскі меншыя? Вось і ў Лышчыцкім сельсавеце за апошнія гады знеслі сем дамоў, а ўчасткі перадалі пад сельгасугоддзі. Зараз на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі таксама ёсць дамы, якія рашэннем райвыканкама прызнаныя непрыгоднымі для пражывання.

Са старшынёй сельскага Савета Інай ДЗЯЧЭК накіроўваемся ў вёску Пагубяцічы. Паводле слоў Іны Анатолеўны, тут маем прыклад таго, як населены пункт стаў пакрысе ажываць, хоць нейкае дзесяцігоддзе таму быў устойлівым кандыдатам на паступовае згасанне.

— Менавіта тады я толькі стала старшынёй, прыехала ў вёску, агледзелася, — расказвае кіраўнік мясцовай улады. — І выгляд вось гэтага закінутага, зарастаючага пустазеллем дома на краі вуліцы навеяў нейкую роспач. З калегамі мы правялі ўсю неабходную падрыхтоўчую работу, сабралі дакументы і прадалі дом з аўкцыёну тады яшчэ па 70-м Указе. Хату купілі брастаўчане Галіна і Віталь Дацкевічы, як аказалася, руплівыя гаспадары, людзі з надзвычай умелымі рукамі. Праз некалькі гадоў Віталь так адрамантаваў, рэканструяваў, перамяніў былую пабудову, што яе стала проста не пазнаць. Гаспадары добраўпарадкавалі двор, разбілі сад, газоны засадзілі кветкамі. І хоць пастаянным іх месцам жыхарства застаецца па-ранейшаму горад, але тут сям'я праводзіць лета, садзяць вялікі агарод. Больш за тое, галава сям'і дапамагае многім аднавяскоўцам вырашаць розныя тэхнічныя пытанні, бо ўсё ўмее. А імкненне Галіны і Віталя ствараць прыгажосць вакол сябе стала прыкладам для многіх.

Пазней у вёсцы яшчэ адзін дом прадалі з аўкцыёну, а два зусім трухлявыя знеслі, і населены пункт стаў канчаткова не падобным на выміраючую вёску. Хоць тут няма ні крамы, ні іншых аб'ектаў інфраструктуры, але харашэюць дамы, побач з якімі з'яўляюцца дзіцячыя арэлі, цвітуць кветкі, — працягвае Іна Дзячэк.

Нядаўна ў Пагубяцічах яшчэ адзін дом прызнаны нічыйным. Ён стаіць прыкладна пасярэдзіне вёскі. «Пабудова зусім не трухлявая, знесці дом рука не паднімаецца, — разважае старшыня сельскага Савета. — Тут жа людзі жылі, дзяцей нараджалі, у школу адпраўлялі, радаваліся і сумавалі. Так што пакуль няхай хата пастаіць».

На жаль, прадаць такія дамы танна нельга. Гэта ўжо заканадаўчыя нюансы. Продаж нават нічыйных дамоў, як вядома, магчымы толькі па ацэначным кошце. Ацэнку праводзіць агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. У канчатковы кошт уваходзяць усе выдаткі па ацэнцы, а таксама афармленні дома і ўчастка. Ва ўмовах Брэсцкага раёна атрымліваецца сума не менш за тры тысячы долараў у эквіваленце. Таму пакупніка знайсці бывае не проста.

На выездзе з Пагубяцічаў мы сустрэлі машыну раённых электрасетак. Брыгада электрыкаў прыступіла да замены лініі электраперадачы на адным з участкаў галоўнай вуліцы вёскі. Праводзіцца планавая замена — як сведчанне таго, што вёска жыве і развіваецца.

Выходзіць, знесці такі дом можна, а вось прадаць танна — нельга. Але некалькі хат сельвыканкам не спяшаецца разбіраць і зносіць — у спадзяванні, што ўсё ж знойдуцца для іх гаспадары.

Яшчэ адзін пастаянны клопат сельскага Савета — домаўладанні сезоннага пражывання. Гэта значыць, нашчадкі былых гаспадароў, новыя ўласнікі-дачнікі, якія прыязджаюць летам ды на выхадныя. Усяго такіх дамоў па сельсавеце цяпер 456. У адных з іх лепш падтрымліваецца парадак на падворках, у другіх — горш. Усе ўласнікі атрымалі пісьмы з просьбай наведаць сельвыканкам, каб пакінуць пісьмовае паведамленне аб сезонным пражыванні і абавязацельстве падтрымліваць парадак. Трэба сказаць, што такія наведванні і гутаркі многіх стымулююць.

Гаспадары ж дзевяці дамоў, якія прызнаныя непрыгоднымі для пражывання, напісалі заявы з просьбай дазволіць на сваіх участках будаўніцтва новых дамоў. Пасля атрымання дазволу ўсе ўжо прыступілі да будаўніцтва. А мясцовая ўлада пракантралюе як тэрміны завяршэння будаўніцтва, так і выкананне абавязацельстваў па зносе старых трухлявых дамоў альбо пераводзе іх у нежылое памяшканне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: З нічыйнага дома — стыльная дача

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».