Вы тут

Паляванне на «дзікага» турыста


Або аўтэнтычнасць бывае не толькі ў глыбінцы.

Як турыстычны аб'ект гарадскі пасёлак Смілавічы падабаецца нават тым, хто не любіць далёка ад'язджаць ад горада. Цікавае знаходзіцца побач з Мінскам. Сёлета тут павінна стаць яшчэ ўтульней, бо мясцовая ініцыятыва «Развіццё турыстычнага патэнцыялу гарадскога пасёлка Смілавічы» атрымала падтрымку ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які ажыццяўляецца Праграмай развіцця ААН і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.


Правільны маршрут

Па словах дырэктара прыватнай установы культуры «Спадчына і час» і заяўніка ініцыятывы Юрыя Абдурахманава, з больш чым дзесяці заяў ад Чэрвеньскага раёна было выбрана ўсяго тры. У тым ліку камісія палічыла перспектыўнай і прапанову са Смілавіч.

Да нядаўняга часу сапраўднай жамчужынай гарадскога пасёлка быў музей «Прастора Хаіма Суціна». Падтрымка, пастаяннае развіццё далі вынік, і ў Смілавічы накіраваўся паток турыстаў. Папулярнымі сталі аўтарскія экскурсіі Таццяны Бембель па мясцовых славутасцях, дамова з турфірмай забяспечыла вялікія групы турыстаў. Стаў зазіраць сюды і так званы «дзікі» турыст — людзі, што вандруюць па ўласным маршруце і распарадку. Вось толькі раней чалавек прыязджаў у незнаёмае месца і губляўся, бо ні паказальнікаў, ні падрабязнай карты знакавых аб'ектаў да нядаўняга часу Смілавічы не мелі.

— Найперш мы прасілі прафінансаваць устаноўку дарожных турыстычных знакаў, — расказвае Юрый Абдурахманаў. — Паказальнікі на музей Суціна будуць размешчаны з боку Мінска і Магілёва. Акрамя таго, у самім пасёлку з'явіцца паказальнік да музея і да палацава-паркавага ансамбля. У планах — надрукаваць турыстычную карту мястэчка з інфармацыяй пра славутасці. Існуе старая карта, але яна не вельмі дакладная і больш расказвае ў агульным пра Чэрвеньскі раён. Мы ж хочам памеціць на паперы знакавыя мясцовыя аб'екты: сукнавальную фабрыку, старыя яўрэйскія могілкі, Татарскую Слабаду з мячэццю і мусульманскія могілкі.

Як ратавалі вербы

Палацава-паркавы ансамбль Манюшкаў-Ваньковічаў у Смілавічах цяпер знаходзіцца на стадыі рэстаўрацыі, і колькі яна будзе цягнуцца — невядома, бо будынак належыць уласніку разам з часткай тэрыторыі навокал.

Вядома, што Манюшкі і Ваньковічы прывозілі вельмі рэдкія расліны. Дагэтуль у Смілавіцкім парку захаваліся дзве аўстрыйскія чорныя сасны — унікальныя для Беларусі экзэмпляры, якія нідзе больш у нашай краіне не растуць. Старшыня Смілавіцкага сельскага Савета Валянціна Півавар і намеснік старшыні Ірына Марціновіч падтрымліваюць ідэю засадзіць тэрыторыю дрэвамі. Так мясціна стане не толькі прывабнай эстэтычна, але і ператворыцца ў рэкрэацыйную зону для маці з дзецьмі.

Яшчэ адна вялікая работа ідзе на Панскім беразе. Гэта самы край парку побач з вадаёмам.

— У нас нечакана ўзнікла калізія з мясцовымі жыхарамі, якія напісалі ліст у сельвыканкам і ў раён з просьбай спілаваць старыя вербы, якія перашкаджаюць падысці да самага берага, — кажа Юрый Абдурахманаў. — Але гэта адзіныя дрэвы на тэрыторыі мястэчка, якія засталіся з часоў, калі тут жылі мастакі Парыжскай школы Царфін і Суцін. Спецыяліст з Батанічнага сада ацаніў іх узрост у 130—150 гадоў. У выніку сельсавет зладзіў спецыяльнае пасяджэнне па добраўпарадкаванні, я выступіў у абарону дрэў і, спадзяюся, пераканаў жыхароў.

Як з'яўляецца брэнд

Надзея Кухарэнка, дырэктар мінскага дызайн-бюро «Ладзес», з энтузіязмам разважае пра стварэнне брэнда для Смілавіч:

— Калі трэба развіць турыстычны патэнцыял мясціны, асноўная задача дызайнера — «адказаць» турысту на тры пытанні: што, дзе і калі. Брэнд мястэчка будзе грунтавацца на знакавых матэрыяльных аб'ектах і перспектыўных фразах-слоганах.

Па-першае, што, на думку арганізатараў, можа стаць сімвалам-сігналам для турыстаў — гэта валёнкі, якія вырабляюць на ўнікальнай не толькі для Беларусі, але і для суседніх краін сукнавальнай фабрыцы. Па-другое, «узнімецца» з руінаў замак Манюшкаў-Ваньковічаў. Што датычыцца нематэрыяльнага брэндзіравання, тут ідэю падказвае... Вікіпедыя. У артыкуле пра Смілавічы першы запіс электроннай энцыклапедыі: «Смілавічы — 1056 метраў над узроўнем мора». Калі гэта цікава абыграць, то слоган падсвядома будзе ўспрымацца як падкрэсліванне вартасці пасёлка, яго вышыні. Надпіс будзе друкавацца на майках, сумках — рэчах, звязаных з маладзёжнай культурай. Яшчэ адзін маладзёжны брэнд схаваны ў самой назве мястэчка. «Смайлавічы» — графічна гэта будзе выглядаць як смайлік замест першай часткі слова.

Каардынатар праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні», які рэалізуе ПРААН у Мінскай вобласці, Аляксандр Шаўчук абяцае, што мясцовая ініцыятыва Смілавіч і надалей будзе мець падтрымку:

— Цяпер Чэрвеньскі раён распрацоўвае пашпарт тэрытарыяльна арыентаванага развіцця — гэта дакумент, у якім раён не толькі фіксуе стан спраў на сёння, але і прапісвае, у якім кірунку ён будзе развівацца. Калі адным з прыярытэтных напрамкаў у Смілавічах стане разгортванне турыстычнага патэнцыялу, то мы гатовыя дапамагчы кіраўніку «Спадчыны і часу» плённа супрацоўнічаць з раённымі ўладамі.

Ну куды ж без містыкі?

Рэалізацыя ініцыятывы пачалася ў сярэдзіне чэрвеня, а гэта азначае, што работы скончацца да сярэдзіны лістапада. Арганізатары ўпэўненыя, што ў Смілавіч ёсць турыстычны патэнцыял.

Кніжная крама ў цэнтры пасёлка таксама мае перспектывы развіцця. На другім паверсе будынка арганізатары ініцыятывы мараць стварыць турыстычны інфацэнтр, а на вежу прыладкаваць гадзіннік. Дарэчы, так мястэчка набудзе лёгкі флёр містыкі — захаваліся ўспаміны Станіслава Манюшкі пра страшныя гісторыі, якія яму расказваў дзядзька. І калі кампазітар прачынаўся пад бой курантаў, ён садзіўся пісаць оперу «Страшны двор». Хто ведае, магчыма, урывак з гэтага твора на наступны год стане адмяраць час для жыхароў і гасцей пасёлка?

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by 

Каментары

ААА!11 Каб усталяваць паказальнік да музея і да палацава-паркавага ансамбля і надрукаваць турыстычную карту мястэчка вам патрэбна фінансаванне з ЕС?!?! Якія ўвогуле паказальнікі? Які брэнд? Аб якім турыстычным патэнцыяле можа ісці гаворка, калі там замест аднаўлення паркавай агароджы на яе лепяць пачварныя ружовыя бетонныя панэлі? Калі ўсярэдзіне парка таксама гародзяць бетонны забор, які убачыць кожны турыст! Калі цэнтральная плошча выглядае як скотны двор? Ну вось паглядзіце на гэта: http://www.skyscrapercity.com/showpost.php?p=142825739&postcount=192

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».