Вы тут

Беларусы наведалі Краіну Баскаў


І пазнаёміліся з прынцыпамі міжмуніцыпальнага супрацоўніцтва.

Дэлегацыя органаў мясцовага самакіравання з розных рэгіёнаў Беларусі нядаўна пабывала ў Іспаніі, а дакладней, у паўночнай яе частцы — Краіне Баскаў. Некалькі дзён беларусы знаёміліся з жыццёвым укладам далёкай краіны, а канкрэтна — з прынцыпамі муніцыпальнага кіравання. Дык што такога асаблівага ў гэтай аўтаномнай правінцыі і чаму нам цікавы іх вопыт? Аб гэтым мы гутарым з удзельніцай паездкі, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, членам Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Інэсай Белуш.


Уты­лі­за­цыя смец­ця  на ву­лі­цах го­ра­да.

— Інэса Генадзеўна, ці можам мы наогул параўноўваць Беларусь і Іспанію, якія маюць такія розныя культуру і традыцыі?

— Іспанія хоць і вялікая краіна, але падзелена на адносна самастойныя правінцыі, якія па-свойму вырашаюць свае праблемы. Краіна Баскаў — адна з іх, самы вядомы горад — Більбаа. У першую чаргу нас цікавіла, як мясцовыя ўлады вырашаюць пытанні сацыяльных паслуг, занятасці насельніцтва, збору адходаў, экалогіі. Найлепшым вопытам трэба цікавіцца і па магчымасці карыстацца ім.

— І як там вырашаюцца гэтыя праблемы?

— Трэба зазначыць, што для іх вырашэння невялікія муніцыпалітэты аб'ядноўваюцца ў асацыяцыі. Гэта дазваляе акумуляваць фінансы, каб накіраваць іх на больш глабальныя праекты. Такая асацыяцыя таксама адстойвае інтарэсы мясцовага насельніцтва пры зацвярджэнні законаў, якія прымаюцца парламентам правінцыі.

— У Гродзенскай вобласці пачала дзейнічаць асацыяцыя мясцовых Саветаў. Як вы лічыце, што з вопыту іспанцаў яна магла б пераняць?

— Практыка, якая прымяняецца ў Іспаніі і Краіне Баскаў, у тым ліку салідарнага ўдзелу рэгіёнаў у фарміраванні прыбыткаў, сапраўды прывабная і, можа, нават справядлівая. Але для нашых сельскагаспадарчых раёнаў з перавагай насельніцтва пенсійнага ўзросту яна наўрад ці дасць эфект і палепшыць якасць паслуг. Аб'ядноўваць муніцыпалітэты, ці, як у нашым выпадку, сельсаветы, лепш для прагматычных мэт — будаваць дарогі, аказваць транспартныя паслугі, вучыць роднай мове. На гэта выдаткоўваюцца асабістыя сродкі грамадзян, а таксама сродкі бюджэту ўсіх узроўняў.

— Фарміраванне бюджэту асацыяцыі баскаў адрозніваецца ад нашага?

— У нас розныя падыходы. Там сярэднестатыстычны бюджэт напалову фарміруецца за кошт датацый, 25% — гэта мясцовыя падаткі, яшчэ столькі ж — гэта зборы з карыстальнікаў. Так, пры вырашэнні пытанняў водазабеспячэння, каналізацыі, утылізацыі мясцовае насельніцтва абкладаецца дадатковым падаткам на ажыццяўленне канкрэтнага праекта. У той жа час кожны ведае, куды ідуць яго грошы.

У нас мясцовымі Саветамі дэпутатаў практыкуецца публікацыя ў газеце і на сайтах рашэнняў аб размеркаванні бюджэтных сродкаў. Гэта садзейнічае адкрытасці і празрыстасці расходаў бюджэту. (Лічу, што такую практыку варта замацаваць і ў Бюджэтным кодэксе.)

Яшчэ ў 90-х гадах Більбаа выбраў сваім брэндам турызм і адразу пачаў развіваць усю неабходную інфраструктуру. Вельмі хутка ў 300-тысячным горадзе (па колькасці насельніцтва як горад Гродна) з'явіліся аэрапорт і метро. За карыстанне падземкай для жыхароў быў уведзены асобны падатак.

У турыстычных мэтах яны пайшлі на непапулярныя меры — было знесена буйное прадпрыемства, дзе працавалі 4 тыс. чалавек. За межы горада вынеслі экалагічна небяспечныя прадпрыемствы, якія забруджвалі раку. У далейшым тут з'явілася зона адпачынку. У выніку буйны прамысловы цэнтр стаў культурным цэнтрам рэгіёна. Разам з тым у Більбаа не адмовіліся ад стратэгічна важных прадпрыемстваў, у прыватнасці, захавалася буйная арганізацыя па электразабеспячэнні.

Візітнай карткай горада можна лічыць музей сучаснага мастацтва вядомага іспанскага архітэктара Саламона Гугенхайма, пабудаваны ў сярэдзіне 90-х гадоў. Нам давялося наведаць гэты ўнікальны па сваёй забудове аб'ект. Уваход каштуе 13 еўра. Экспанаты яго такія ж дзівосныя, як і сам будынак, — на першы погляд, ён здаецца пазбаўленым гармоніі, нават нейкім агрэсіўным, аляпаватым, хаця прызнаны адным з самых відовішчных будынкаў у свеце ў стылі дэканструктывізму. Між іншым, мастацкі авангард і сюррэалізм прыцягваюць сюды натоўпы турыстаў! Падчас нашай экскурсіі тут знаходзіліся кітайцы і японцы. У Більбаа стараюцца стварыць добразычлівы імідж горада, гасціннасць тут на першым месцы. Для мясцовых жыхароў вельмі важна, што думаюць пра іх у свеце.

— А якую падтрымку аказваюць людзям, што апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы?

— Нас пазнаёмілі з вопытам работы муніцыпалітэта Данастыя — Сан-Себасцьян. Тут ёсць дом часовага наведвання з бясплатным харчаваннем. Але знаходзіцца там можна не больш за месяц і тое з умовай, што будзеш шукаць працу. Многія гэта разумеюць і не сядзяць склаўшы рукі. Тым, хто знайшоў працу, цэнтр дапамагае з жыллём. Дарэчы, што яшчэ цікава — яны прапануюць даступнае жыллё для тых, хто дасягнуў паўналецця, змог адысці ад сваіх бацькоў і жыве самастойна.

Цэнтры пажылых нечым нагадваюць нашы. Ёсць такія, дзе аказваюць платныя паслугі па доглядзе нямоглых. Тут стала папулярнай практыка прыцягнення сродкаў сталых людзей на праекты, карысныя для іх. Акрамя гэтага, яны маюць яшчэ і матэрыяльныя бонусы. Дарэчы, я нідзе не бачыла пустых земляў. Нават у гарах яны апрацаваны, там ходзяць каровы, авечкі, многа вінаграднікаў. У падзямеллі сховы вінаў, можна арандаваць нішу і захоўваць там віно і яно не губляе свае якасці.

— Праблема мігрантаў вельмі адчувальная?

— Там прымаюць мігрантаў. Пры гэтым існуе праграма, згодна з якой дзеці мігрантаў павінны не толькі атрымаць адукацыю, але і быць адданымі гэтай зямлі, стаць патрыётамі. Дарослыя мігранты шукаюць працу, як і мясцовыя жыхары. Іх падтрымліваюць, пакуль яны не ўладкуюцца. Мы знаёміліся з работай цэнтра па працаўладкаванні. У сувязі з тым што на тэрыторыі асацыяцыі — а гэта 15 муніцыпалітэтаў — ёсць прадпрыемствы прамысловасці, у тым ліку машына- і суднабудавання, вакол іх створаны невялікія вытворчасці адпаведных камплектуючых, інструментаў, электратэхнікі і г. д. Асацыяцыя мае права накіроўваць туды беспрацоўных. Добры прыклад — электронная дошка, дзе прадстаўлены як вакансіі, так і рэзюмэ саіскальнікаў. З імі, дарэчы, сустракаюцца псіхолагі і даюць рэкамендацыі па выбранай сферы дзейнасці. На той момант было больш за 400 вакансій.

— Што вас найбольш уразіла?

— Гэта вопыт утылізацыі смецця ў муніцыпалітэце Гальдакаа. На сродкі еўрапейскіх грантаў, мясцовага самакіравання і жыхароў тут устанавілі шведскі завод па зборы і перапрацоўцы адходаў.

Пад'язджаем да нейкага будынка ў цэнтры невялікага гарадка — 4 тысячы жыхароў. Нам кажуць — вось гэта смеццеперапрацоўчы завод. Да жылога дома — 50 м. Стаяць слупкі, у якія людзі кідаюць смецце, і яно падземнымі хадамі ідзе на завод. Сартуецца з дапамогай камп'ютара. Уся арганіка паступае на палі, папера, шкло, пластык — на другасную перапрацоўку. Метад спальвання — учарашні дзень, гэта шкодна для экалогіі, а сарціроўка — сучасны. Зараз у мэрыі працуюць над устаноўкай чыпаў, якія адсочаць, хто колькі разоў выкінуў смецце. За гэта трэба будзе плаціць.

У Беларусі частку расходаў на сферу ЖКГ бярэ на сябе дзяржава. Гэта нараджае ўтрыманскі падыход у насельніцтва. Маўляў, праблема чысціні — гэта клопат камунальнікаў, а не саміх жыхароў. Таму мы не вельмі шануем тое, што нам прыходзіць аднекуль, а калі чалавек на месцы ўклаў свае сродкі, ён па-іншаму да гэтага ставіцца, бо бачыць, куды ідуць яго падаткі. Больш свядомы падыход усіх жыхароў дазволіў бы зменшыць выдаткі на ўтрыманне той жа камунальнай службы.

У тэму

На што мясцовыя ўлады ў першую чаргу патрацілі б сродкі, калі б іх было больш?

Іван Козел, старшыня Пагранічнага сельскага Савета Бераставіцкага раёна:

— Адрамантавалі б дарогі ў населеных пунктах. Таксама ёсць праблема зносу аварыйных дрэў на могілках. У гэтым годзе было знесена толькі 7 дрэў, на якія патрачана значная частка бюджэту. Казна ў нас невялічкая, бо прадаць участкі складана, ніхто гэтым не цікавіцца, хоць і знаходзіцца наш сельсавет на памежжы. Раней было больш ахвотных тут асталявацца, зараз непакоіць іншая праблема — як пазбавіцца ад пустуючага жылля. Гэты працэс не толькі юрыдычна складаны, але і вельмі затратны. А такіх дамоў у нас амаль чатыры дзясяткі.

Наталля Макаўчык, старшыня Гожскага сельскага Савета Гродзенскага раёна:

— Вядома ж, заняліся б дарогамі. Самі нанялі б адпаведную арганізацыю і яе кантралявалі. Яшчэ нам неабходна пабудаваць стадыён. У сельсавеце заўсёды ёсць работа па рамонце, добраўпарадкаванні, таму было б добра стварыць сваю ўласную гаспадарчую брыгаду, якая гэтыя работы выконвала б. Фінансы часткова мы можам атрымліваць з продажу зямельных участкаў. Але ажыятажу вакол іх зараз няма, як некалькі гадоў таму, калі з аўкцыёну прадавалі больш за дзясятак. На жаль, мы не ўсё можам фінансаваць, на што ёсць жаданне. Таму хочацца больш самастойнасці ў распараджэнні ўласнымі сродкамі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Замежны досвед

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.