Вы тут

Колькі прычын у раку страўніка?


Гэта захворванне можа справакаваць няправільнае харчаванне, апёкі страўніка і стрававода (не піце надта гарачы чай!), курэнне і злоўжыванне алкаголем. Павышаюць верагоднасць спадчынная схільнасць і перанесеныя аперацыі на гэтым органе.


Што да харчавання, то ў першую чаргу тут варта звярнуць увагу на лішак салёнай і вэнджанай ежы ў рацыёне. Вядома таксама, што нітраты, паступаючы ў наш арганізм, павышаюць канцэнтрацыю нітрытаў, а гэта ўжо самыя што ні ёсць канцэрагенныя рэчывы. Раздражняе слізістую і моцны алкаголь. Павышае рызыку ўзнікнення раку страўніка і рэдкае ўжыванне гародніны, фруктаў, наогул прадуктаў, багатых на вітаміны А, Е, С, харчовыя валокны.

Акрамя таго, анкалогія ўзнікае ў першую чаргу там, дзе ўжо ёсць нейкія хранічныя змяненні, у гэтым выпадку там, дзе пашкоджана слізістая, ёсць той жа гастрыт. Звязаны ён пераважна з бактэрыяй Helіcobacter pylorі, якую адносяць да канцэрагенаў, але найбольш небяспечны хранічны атрафічны гастрыт з кішэчнай метаплазіяй — гэта запаленне, якое ў кожнага дзясятага хворага заканчваецца анкалогіяй. Частка паліпаў страўніка — жалезістыя і адэнаматозныя — таксама маюць высокі патэнцыял пераходу ў рак і таму абавязкова выдаляюцца. Нярэдка праблема ўзнікае і на фоне язвы, таму ўсе хворыя з такім дыягназам павінны дасканала і рэгулярна назірацца, штогод праходзіць фібрагастрадуадэнаскапію з выкананнем біяпсіі.

Вядома, што ў сваякоў пацыентаў з ракам страўніка рызыка развіцця злаякаснай пухліны вышэй больш як у тры разы. У такіх пацыентаў часцей выяўляюцца і перадракавыя змяненні: пагроза атрафічнага гастрыту або кішэчнай метаплазіі слізістай абалонкі страўніка прыкладна ў два разы вышэйшая, чым у тых, хто не мае хворых сваякоў.

— Пацыенты, у якіх выяўляецца злаякаснае захворванне страўніка, скардзяцца на агульную стомленасць, зніжэнне або адсутнасць апетыту, боль у страўніку, адчуванне цяжару за грудзінай падчас ежы, зніжэнне вагі, — расказвае урач-рэнтгенолаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Міраслава САУТА. — У такіх выпадках неабходна тэрмінова звяртацца да ўрача. Важным момантам застаецца лячэнне Helіcobacter pylorі-інфекцыі, якое праводзіцца па стандартных схемах. Тэрапія ўключае не менш за два антыбактэрыяльныя прэпараты, прэпарат з групы інгібітараў пратоннай помпы, у некаторых выпадках прызначаецца прэпарат вісмуту. Звычайна лячэнне працягваецца 14 дзён. Праз 4—8 тыдняў прапануецца прайсці 13С-дыхальны тэст або эзафагагастрадуадэнаскапію. Паспяховае выдаленне Helіcobacter pylorі значна зніжае рызыку развіцця раку, аднак не выдаляе яе поўнасцю, калі ўжо развіліся атрафія, кішэчная метаплазія або дысплазія.

Атрафічны гастрыт, кішэчная метаплазія і дысплазія слізістай абалонкі страўніка лічацца перадракавымі змяненнямі. У такіх выпадках рэкамендуецца назіранне за станам слізістай для выяўлення анкалогіі на самай ранняй стадыі. Патрабуецца рэгулярнае (ад аднаго разу ў паўгода да аднаго разу ў тры-пяць гадоў) правядзенне ФГДС з біяпсіяй.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».