Вы тут

Яўгенія Лінкевіч: «Мае рукі — халодная зброя»


Дзяўчына-баец расказвае пра тое, дзе прымяняе свае здольнасці і як сумяшчае спорт з працай у ігральным клубе.

Федэрацыя панкратыёна ў нашай краіне вельмі маладая, нягледзячы на тое, што гэты від адзінаборстваў адзін з самых старажытных — упершыню ён быў уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў у 648 г. да н. э. Тады панкратыён практычна не меў абмежаванняў і спалучаў у сабе прыёмы барацьбы ў стойцы і партэры, падсечкі і болевыя прыёмы, удушэнне, зараз ён такі ж займальны і самы набліжаны да баёў без правіл.


Напэўна, шмат у каго з аматараў спорту на слыху такія імёны, як Арцём Дамкоўскі, Аляксей Кудзін, Вадзім Куцый, а цяпер у свеце баявых майстэрстваў і сярод жанчын запалілася новая беларуская зорачка — Яўгенія Лінкевіч. У сёлетнім сезоне яна выйграла чэмпіянат Еўропы, а крыху пазней менавіта беларусцы было даверана прадстаўляць панкратыён на Сусветных гульнях ва Уроцлаве. Як вядома, віды спорту, прадэманстраваныя на гэтым турніры, часта разглядаюцца на ўключэнне ў праграму Алімпійскіх гульняў.

Людзям заўсёды цікавы мардабой

Яўгенія Лінкевіч пачала займацца баявымі майстэрствамі ў знакамітым клубе CERBERUS у Маладзечне. Здаўшы патрэбныя нарматывы, яна трапіла да вядомага трэнера Алега Пятровіча, які выхаваў многіх славутых байцоў.

— Я доўга назірала з боку, шмат гадоў займалася валейболам, якраз калі заканчвалася наша трэніроўка, пачыналіся заняткі па рукапашным баі. Не магу сказаць, што была калісьці дзёрзкай і таму пайшла туды, проста стала цікава. Асабліва прыцягваў бокс, але пад руку трапіліся змешаныя адзінаборствы. Спачатку даводзілася трэніравацца з хлопцамі, і гэта было нялёгка, многія не вытрымлівалі і сыходзілі.

Працяглыя перапынкі ў занятках спортам дзяўчына рабіла толькі з-за праблем са здароўем, але ўсё адно ўвесь час вярталася ў залу. Цікаўлюся ў Яўгеніі, з чым, на яе погляд, звязаны такі попыт у сучасным свеце на баявыя віды спорту, у тым ліку ў дзяўчат.

— Людзям заўсёды быў цікавы мардабой. Можа быць, у жыцці не хапае драмы. Да таго ж на фоне крызіснай сітуацыі ў свеце людзі становяцца дэпрэсіўнымі, ім трэба неяк праяўляць свае эмоцыі. Ну і яшчэ здаровы лад жыцця — гэта модна.

Прыйшлося дапамагчы скруціць маладога чалавека

У Беларусі панкратыён пакуль толькі на стадыі развіцця (хоць на сёлетнім чэмпіянаце Еўропы нашы спартсмены заваявалі 31 медаль), у суседняй Расіі яго ўзровень досыць прыстойны, Кітай і ЗША наогул узводзяць гэты від спорту ў ранг культу. А вось каб зарабляць грошы, выйграваць чэмпіянаты свету і Еўропы недастаткова, неабходна ўдзельнічаць у камерцыйных турнірах, якія яшчэ больш набліжаны да ММА. Пакуль што на іх Яўгенія не выступае, таму даводзіцца працаваць барменам у адным са сталічных ігральных клубаў.

— Мне вельмі падабаецца, да гэтага шмат гадоў працавала афіцыянткай. Сустракаюцца розныя людзі, але не ўсе гульцы — гэта хворыя, сярод іх хапае цікавых асоб. Вядома, бываюць нестандартныя сітуацыі, нядаўна не пусцілі хлопца ў ігральны клуб у стане алкагольнага ап'янення. Ён пачаў сварыцца, прыйшлося дапамагчы ахоўніку скруціць маладога чалавека. Хоць мне, як спартсмену, які ўжо «засвяціўся» на спаборніцтвах, нельга прымяняць свае навыкі за межамі спартыўнай залы, мае рукі прыраўноўваюцца да халоднай зброі.

Ну, ты ж дзяўчына...

Зразумела, што дзяўчына-баец часцей за ўсё сутыкаецца з неразуменнем у грамадстве. Яўгенія ў гэтым сэнсе не выключэнне.

— Калі прыходжу ў новую кампанію, то часта чую: «Ну, ты ж дзяўчына, навошта табе гэта?» Калі ў 20 гадоў неяк рэагавала на такія пытанні, то цяпер — не. Галоўнае, што мяне цалкам падтрымліваюць родныя. Цяпер у асноўным маё асяроддзе гэта мужчыны: і на працы, і ў зале. І ім якраз цікава мая справа. І яшчэ, шмат што залежыць ад паводзін, я ж не хаджу з выбітымі зубамі, кароткай стрыжкай і «сіндромам шырокай спіны».

Абавязковымі прадметамі гардэроба Яўгеніі з'яўляюцца спадніцы, сукенкі і абутак на абцасах.

— Не перастаю хадзіць у спадніцах, са сваімі сінімі нагамі, і на абцасах. Мне ўсё роўна, што думаюць навакольныя, бо я ведаю, дзе атрымала гэтыя сінякі. Наогул, класна, калі цябе ўвесь час бачаць у майках, красоўках, трэніках, а потым ты прычасалася, адзелася і, аказваецца, нічога, сімпацяжка. Я не адчуваю дэфіцыту мужчынскай увагі, пастаянна чую кампліменты. Малады чалавек аднойчы паставіў мне ўмову, маўляў, калі ты са мной, то кідаеш баі. Прыйшлося кінуць хлопца.

Зараз у Яўгеніі адносіны, якія доўжацца ўжо год, яе малады чалавек таксама спартсмен.

— У мужчыне я больш за ўсё цаню іранічнае стаўленне да жыцця, бо з сумным чалавекам доўга не пражывеш. Што датычыцца прафесіі, то, вядома, са спартсменам мне прасцей: заўсёды ёсць, пра што пагаварыць. Часта перажываеш з-за сваіх няўдалых трэніровак, гэтым хочацца дзяліцца і заўсёды прыемна, калі чалавек цябе разумее.

Скура прывыкае, сінякі хутка з'яўляюцца і гэтак жа хутка праходзяць

Страх і хваляванне — звычайныя пачуцці перад боем, хтосьці перажывае з-за магчымага паражэння, а хтосьці з-за пашкоджанняў, якія можа нанесці сапернік.

— Падчас паядынку галава пачынае думаць нашмат горш, калі на трэніроўцы ты можаш працаваць паўтары гадзіны, то на дыване стамляешся за тры хвіліны, так устроены наш арганізм. На шчасце, у мяне высокі болевы парог і я ніколі не перажывала з нагоды сінякоў, нават на твары. А самае страшнае, дарэчы, звычайна бывае пасля барацьбы, таму што сіняе абсалютна ўсё цела. Але скура прывыкае, сінякі хутка з'яўляюцца і гэтак жа хутка праходзяць.

Жыццё ў рэжыме байца

Трэніроўкі 4—5 разоў на тыдзень, пастаянны кантроль за вагой і здароўем — неабходныя складнікі паспяховых выступленняў. Яўгенія адзначае, што ў яе штодзённым рацыёне пераважаюць садавіна і агародніна, а таксама курыца і яйкі, з якіх проста атрымаць патрэбны арганізму бялок.

— П'ю шмат вады і зялёны чай. Аддаю перавагу таму, каб есці тое, ад чаго мне лёгка. Хоць, вядома ж, люблю і салодкае, і піцу, і фастфуд. Сярод забароненых — газіроўка.

Часта перад спаборніцтвамі ў спартсменаў пачынаецца згонка вагі, каб трапіць у патрэбную вагавую катэгорыю, часам трэба скінуць пару кілаграмаў, а часам і з дзясятак.

— Перш за ўсё, гэта складана ў маральным плане, часта становішся больш раздражняльнай, але ўсё магчыма перажыць. Перад чэмпіянатам Еўропы мне трэба было скінуць восем кілаграмаў — складана, але я выдатна разумела, для чаго я гэта раблю. Збіралася ехаць на турнір не для ўдзелу, а толькі для перамогі. Пры згонцы вагі неабходна памятаць і пра здароўе — шмат спаць і рэгулярна падсілкоўваць арганізм. Гэта не нейкія звышнатуральныя прэпараты, не допінг, а звычайныя аскарбінкі, напрыклад вітамін А, фоліевая кіслата, рыбін тлушч.

Сёння Яўгенія не хоча гаварыць пра будучыню, тлумачачы, што жыццё непрадказальнае. Дзяўчына ніколі не загадвае і не плануе, заўважаючы, што можа памяняць свой лёс кардынальным чынам.

— Цяпер я працую барменам, а заўтра, магчыма, буду асвойваць квантавую фізіку. Людзі часта паўжыцця аддаюць адной прафесіі, а потым разумеюць, што гэта не іх сцежка.

На дадзены момант Яўгенію вельмі цікавіць бокс, менавіта ў гэтым кірунку яна хацела б развівацца ў далейшым і калі-небудзь абавязкова выйсці на прафесійны рынг.

— Акрамя спорту, шмат часу праводжу з сям'ёй, гадзінамі магу размаўляць з мамай. Люблю паркі, атракцыёны, як маленькае дзіця. Здаецца, мне яшчэ гадоў 11, можа, гэта ўдары ў галаву адбіваюцца (смяецца).

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.