Вы тут

Знакі адзінства і дружбы


У Полацку сёння праходзіць міжнародны круглы стол пісьменнікаў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы». Арганізатары — Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». У пасяджэнні круглага стала ўдзельнічаюць літаратары Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, Францыі. Да некаторых з іх мы звярнуліся з просьбай падзяліцца сваімі ўражаннямі і меркаваннямі аб сустрэчы з Беларуссю, аб знаёмстве з беларускай культурай, літаратурай.


Камран НАЗІРЛІ, празаік, перакладчык, публіцыст (Азербайджан):

— Не ўпершыню прыязджаю ў Беларусь. Рады поспехам вашай краіны ў сацыяльным, эканамічным развіцці. Уважліва сачу праз сацыяльныя сеткі за ўсімі падзеямі ў Беларусі. У Баку мне ўдалося заснаваць кніжную серыю «Сучасная беларуская літаратура». Ужо пабачылі свет чатыры кнігі. Сярод іх — і апавяданні Алеся Бадака. Толькі што мы выдалі раман Мікалая Чаргінца «Сыны». Спадзяюся, што следам за мною перакладамі беларускай літаратуры на азербайджанскую мову зоймуцца іншыя мае калегі. Такім чынам наш чытач з першых, лічы, вуснаў будзе спасцігаць Беларусь, беларускае жыццё. Мастацкія сродкі ў яго адлюстраванні з'яўляюцца самым пераканаўчым інструментам.

Святлана АНАНЬЕВА, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (Казахстан):

— Для мяне ўсё знаёмае і блізкае — і вашы Купалаўскі і Коласаўскі музеі, і Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, карыстаючыся нагодай, хацела б павіншаваць яго дырэктара—доктара філалагічных навук Івана Саверчанку з прысуджэннем яму аўтарытэтнай прэміі СНД «Зоркі Садружнасці». Я прывезла свежы нумар нашага навукова-публіцыстычнага часопіса «Керуен». І сярод іншых у гэтым нумары — дзве публікацыі пра Беларусь.

Хутка мы будзем святкаваць 120-годдзе Мухтара Аўэзава. Запрашаем да сябе і гасцей з Беларусі. Ведаю — і ўжо была раней у гэтай школе, — што адна з мінскіх агульнаадукацыйных школ носіць імя нашага класіка. Ведаю, які рэзананс выклікаў у Мінску праведзены некалькі гадоў назад творчы вечар Алжаса Сулейменава. Рада, што загучалі ў новых беларускіх перакладах вершы Абая. А іх перакладчык Мікола Мятліцкі атрымаў прэстыжную казахскую міжнародную прэмію «Алаш».

Яронімас ЛАУЦЮС, дзіцячы пісьменнік (Літва):

— Дзве падзеі ў год прыцягваюць як нішто іншае — лютаўскі міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час» і штогадовы вераснёўскі круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства.
Я пакідаю ўсе справы і лічу за гонар у гэтыя дні прысутнічаць у Мінску. Менавіта тут адбываюцца мае знаёмствы з калегамі з розных краін свету. Гэта вельмі ўражвае і натхняе на новыя здзяйсненні, вядзе да новых даляглядаў. Зараз я прывёз у Мінск падарунак — літоўскі дзіцячы часопіс «Зорачка», які цалкам прысвечаны беларускай літаратуры. Вам ёсць чым ганарыцца. А нам ёсць што перакладаць і прэзентаваць юным чытачам Літвы. Дзякуй, дарагія мае беларускія сябры!

Адам АХМАТУКАЕЎ, перакладчык, паэт, публіцыст (Расійская Федэрацыя, Чачэнская Рэспубліка):

— Сёлета я працаваў над перакладамі на чачэнскую мову беларускіх класікаў — Скарыны, Купалы, Коласа. Усе гэтыя перастварэнні з беларускай мовы надрукаваны ў адной з нашых газет. А яшчэ выйшаў нумар часопіса «Вайнах», у якім змешчаны вершы сучасных паэтаў — тых, хто цяпер працуе ў літаратуры, ці тых, хто зусім нядаўна пайшоў з жыцця. У мяне ёсць і шмат іншых задумак. Мне імпануе падтрымка беларускіх калег, якія дапамагаюць парадамі, дасылаюць падрадкоўнікі, рупяцца пра тое, каб мой народ пачуў галасы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка.

Уладзімір ЛІПСКІ, празаік, публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка» і «Буся»:

— Мне імпануе, што пачынаючы з 2007 года ў Беларусі, дзякуючы перш-наперш намаганням Міністэрства інфармацыі, сфарміравалася такая трывалая пляцоўка для арганізацыі літаратурнай дружбы, як міжнародны пісьменніцкі круглы стол. Мы можам адкрываць адзін аднаго, мы можам зазіраць у клопаты нашых краін і нашых народаў. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць пашыраць межы сяброўства. Веру, што заўтра Беларусь створыць і міжнародную часопісную залу, і будзем мы мець адмысловую электронную бібліятэку мастацкай літаратуры народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і шмат што яшчэ... Між іншым, чаму б і не назваць такую электронную бібліятэку «Дружба народаў» ці яшчэ болей ясна і лаканічна — «Сяброўства»?..

Запісаў Сяргей ШЫЧКО

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.