Вы тут

Чаму непісьменнасць дасюль застаецца глабальнай праблемай?


На наступным тыдні ва ўсім свеце будзе адзначацца Міжнародны дзень пісьменнасці. З гэтай нагоды лаўрэатам з Канады, Калумбіі, Іарданіі, Пакістана і Паўднёвай Афрыкі будуць уручаны спецыяльныя прэміі ЮНЕСКА. Цырымонія адбудзецца ў штаб-кватэры арганізацыі. Яна будзе праходзіць у кантэксце Парадку дня ААН на перыяд да 2030 года. Сёлета галоўнай тэмай глабальнага Дня вызначана «пісьменнасць у лічбавым свеце». Мерапрыемства мае намер вывучыць, якім чынам сучасныя тэхналогіі могуць дапамагчы скараціць разрыў ва ўзроўні пісьменнасці, а таксама атрымаць больш дакладнае ўяўленне пра тое, якія навыкі неабходныя ў сучасным грамадстве. Гэтая праблема нават у ХХІ стагоддзі застаецца адной з самых вострых. Ці ўдасца ў рэшце рэшт ліквідаваць непісьменнасць?


Доля Індыі

Пісьменнасць на планеце павышаецца ў апошнія два дзясяткі гадоў нізкімі тэмпамі і складае цяпер толькі 84%. Дасюль звыш 750 млн чалавек у розных краінах — прыкладна кожны дзясяты жыхар Зямлі — наогул не ўмеюць чытаць і пісаць, паведамляе даследчы цэнтр амерыканскага сеткавага выдання «Глабаліст». Цэнтр падрыхтаваў даклад на аснове звестак Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

Ліквідацыя непісьменнасці ішла хуткімі тэмпамі пасля Другой сусветнай вайны, але ў ХХІ стагоддзі моцна запаволілася, адзначаюць эксперты. З 1950 па 1990 год пісьменнасць павялічылася з 56 да 76%, а ў наступныя дзесяць гадоў узрасла да 82%. Аднак пачынаючы з 2000-га гэты паказчык дадаў толькі 2%. На думку аўтараў даклада, гэта тлумачыцца ў цэлым вельмі нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Цэнтральнай Афрыкі і Заходняй Азіі, дзе пражываюць 597 млн чалавек, якія не ўмеюць чытаць і пісаць. «Яны складаюць звыш 70% усіх непісьменных людзей у свеце», — адзначаецца ў дакуменце.

Адзіны абнадзейваючы факт — гэта тое, што ўзровень пісьменнасці сярод моладзі ў дзяржавах Паўднёвай і Заходняй Азіі прыкметна вышэйшы, чым у старэйшага пакалення. У цэлым пісьменнасць сярод юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў ва ўсім свеце, па інфармацыі статыстычнага інстытута ЮНЕСКА, складае цяпер 90%. «Гэты паказчык здаецца высокім, але ўсё роўна ён азначае, што 126 млн маладых людзей не ўмеюць чытаць і пісаць», — адзначаюць эксперты даследчага цэнтра «Глабаліст». Яны таксама звяртаюць увагу, што ў цэлым пісьменнасць сярод юнакоў на 6% вышэйшая, чым сярод дзяўчат, а самы вялікі разрыў у гэтай вобласці назіраецца, натуральна, у самых бедных краінах.

Амаль дзве трэці ад агульнай колькасці непісьменных людзей на планеце складаюць жанчыны. Звыш 30% з іх (187 млн) жывуць у Індыі, паведамляецца ў апублікаваным ЮНЕСКА Глабальным маніторынгавым дакладзе «Адукацыя для ўсіх» (Еduсаtіоn Fоr Аll Glоbаl Mоnіtоrіng Rероrt (GMR). У гэтай краіне наогул налічваецца самая вялікая колькасць непісьменных жыхароў — 286 млн чалавек. Хоць колькасць пісьменных тут вырасла з 48% у 1991 годзе да 63% у 2006-м, «рост агульнай колькасці насельніцтва звёў на нішто гэтыя поспехі, і колькасць непісьменных дарослых людзей не змянілася». Нізкая пісьменнасць з'яўляецца адным з важных фактараў, якія тармозяць развіццё краіны, адзначаецца ў GMR.

На дзесяць краін прыпадае больш за дзве трэці ўсіх непісьменных жыхароў планеты. Далей у гэтым пераліку ідуць Кітай (54 млн), Пакістан (52 млн), Бангладэш (44 млн), Нігерыя (41 млн), Эфіопія (27 млн), Егіпет (15 млн), Бразілія (13 млн), Інданезія (12 млн ) і Дэмакратычная Рэспубліка Конга (12 млн). У шэрагу дзяржаў (акрамя Індыі, гэта Пакістан, Марока, Маўрытанія і краіны Афрыкі, размешчаныя на поўдзень ад Сахары) менш за палову ад агульнай колькасці дзяцей атрымліваюць пачатковую адукацыю.

Па абодва бакі Атлантыкі

Глабальная праблема, як ні дзіўна, не абмінула і рэспектабельны Стары Свет. У 2012 годзе Еўракамісія замовіла экспертам даклад, па выніках якога аказалася, што ў адным толькі Еўрапейскім саюзе 75 млн дарослых людзей не ўмеюць ні пісаць, ні чытаць. З іх 7,5 млн — грамадзяне Германіі. Паводле звестак Цэнтральнага інстытута статыстыкі (ІSTАT, Іstіtutо сеntrаlе dі Stаtіstіса), 6 мільёнаў італьянцаў з'яўляюцца непісьменнымі. Гэта адпавядае 12% насельніцтва ў параўнанні з 7,5% людзей з вышэйшай адукацыяй. 66% італьянцаў ледзь умеюць чытаць і пісаць, не валодаючы дастатковымі і адмысловымі ведамі для ўдзелу ў стваральнай дзейнасці і развіцці эканомікі. Як сцвярджаюць эксперты, ад 20 да 25% італьянскіх дзяцей выходзяць з сярэдняй школы, практычна не ўмеючы ні чытаць, ні пісаць, што сведчыць пра нізкі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў у італьянскіх школах.

У Нідэрландах становіцца ўсё больш людзей, якія з цяжкасцю могуць чытаць і пісаць. У цэлым па краіне налічваецца 1,3 млн малапісьменных ва ўзросце ад 15 да 65 гадоў. Гэта 10% працаздольнага насельніцтва краіны. За апошнія 5 гадоў колькасць такіх людзей павялічылася на 200 тыс. Малапісьменныя сутыкаюцца з самымі рознымі праблемамі: дзеці не могуць чытаць услых, дарослыя не могуць запаўняць неабходныя фармуляры ў розных інстанцыях, карыстацца банкаматамі, не могуць атрымаць працу або прасоўвацца ўверх па службе.

Яшчэ ў 2006 годзе аддзяленне брытанскага міністэрства адукацыі паведаміла, што 47% школьнікаў кінулі школу ў 16 гадоў, не дасягнуўшы базавага ўзроўню ў матэматыцы, і 42% не ў стане дасягнуць базавага ўзроўню англійскай мовы. Штогод брытанскія сярэднія школы адпраўляюць у жыццё больш як 100 тыс. функцыянальна непісьменных выпускнікоў. У 1985-м у ЗША падрыхтавалі аналітыку, з якой вынікала, што ад 23 да 30 млн амерыканцаў непісьменныя цалкам, а часткова — ад 35 да 54 млн.

На вяршыні рэйтынгу

«Лічбавыя тэхналогіі пранікаюць ва ўсе сферы нашага жыцця, карэнным чынам мяняючы наша жыццё, працу, навучанне і зносіны», — заявіла генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава ў сваім пасланні з нагоды Міжнароднага дня пісьменнасці. Яна падкрэсліла важнасць пераасэнсавання і ўдасканалення навыкаў, неабходных для ўдзелу ў лічбавым грамадстве: «Гэтыя новыя тэхналогіі даюць нам новыя шырокія магчымасці для паляпшэння якасці нашага жыцця і ўстанаўлення стратэгічных адносін на глабальным узроўні. Аднак яны таксама могуць узмацніць маргіналізацыю тых, каму не хапае асноўных навыкаў, такіх як пісьменнасць, неабходных для жыцця ў лічбавым свеце».

І яшчэ. На падставе даных аб пісьменнасці сярод дарослага насельніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры быў складзены спіс краін па ўзроўні пісьменнасці. У глабальны «топ-ліст» увайшло больш чым 170 краін. Беларусь у гэтым рэйтынгу ўваходзіць у першую пяцёрку.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Дацягнуцца да ведаў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.