Вы тут

Для іншых — як для сябе


Па пяць жыхароў у кожнай хаце, віскат дзяцей на школьным двары, мычанне кароў у полі... Такой была вёска Бабовікі амаль паўстагоддзя таму. Цяпер — моладзь з'язджае ў Полацк, а бацькі застаюцца адны, разам з імі старэе і населены пункт. Але апускаць рукі нельга ні ў якім разе — з такім дэвізам жыве Фядора БЕЗ'ЯЗЫЧНАЯ, стараста вёскі.


У наступным годзе ў Фядоры Раманаўны будзе невялікі юбілей — 10 гадоў як яна стала старастай.

Калі Фядора Раманаўна заняла гэту пасаду, пачынаць давялося з нуля. У вёсцы ўжо пазачыняліся і школа, і крама. Каб нешта набыць, прыходзілася ездзіць у горад... За мінулы час для жыхароў арганізавалі «мясную лаўку» раз на тыдзень, і два разы — аўталаўку. Раз на паўгода прыязджае мабільная медыцынская служба і запрашае жыхароў на агляд. У асноўным у вёсцы засталіся пенсіянеры, таму для іх такое пільнае стаўленне з боку дактароў вельмі важнае. Калі адмянілі ранішні рэйс на Полацк з-за нерэнтабельнасці, прыйшлося шукаць выйсце, каб у Палаце, якая бліжэй, адкрылі лабараторыю, інакш жыхары не паспявалі да спецыялістаў, каб здаць аналізы. За гэта рашэнне чатыры гады змагаліся мясцовыя ўрачы, але дабіцца пэўнага выніку атрымалася толькі ў Фядоры Раманаўны. Відаць, нездарма яе працу сёлета адзначылі нават на ўзроўні вобласці.

Такой мэтанакіраванай і стойкай яе зрабіла жыццё. Муж Фядоры Раманаўны даслужыўся да падпалкоўніка. З ім яна аб'ездзіла амаль увесь Савецкі Саюз. Нарадзілася ў Адэскай вобласці, а потым ужо з мужам жыла аж на мяжы з Кітаем. Іспытам для сямейных стасункаў сталі і ўмовы: многія жонкі з'язджалі ад сваіх мужоў-афіцэраў, калі тыя прывозілі іх на месца службы. Там акрамя двух шматпавярховікаў нічога не было. У кватэры плюс 4, за «бортам» — мінус 45 градусаў.

Свой аптымістычны настрой і працавітасць яна перадала і сыну. Мікалай Без'язычны з Летніх Параалімпійскіх гульняў у Пекіне прывёз у скарбонку нашай зборнай серабро ў фехтаванні на шпагах у катэгорыі інвалід-калясачнік. Зараз яны з жонкай жывуць асобна пад Полацкам.

 Надзея Якаўлеўна памятае часы, калі ў вёсцы жылі вялікімі сем'ямі.

Надзея Бакунова, якая нарадзілася ў Бабовіках і ўсё жыццё правяла там, расказвае, што раней сем'і былі вялікія, жылі дружна. Наконт працы старасты лічыць, што ўсё залежыць ад чалавека. Раней нават у краме нічога не было акрамя хлеба, таму што не маглі нармальна арганізаваць прывоз. Зараз прыязджае аўталаўка, але там усяго хапае. Праз Фядору Раманаўну можна нешта нават спецыяльна заказаць у тавараведа.

Усяго ў Бабовіках на 26 двароў налічваецца 39 чалавек. Але разам з Нінай Зюзелевай, мясцовай жыхаркай, мы налічылі толькі 20, якія жывуць пастаянна. Астатнія — дачнікі ці дзеці, якія прапісаны ў бацькоў, але жывуць у Полацку.

Пад кіраўніцтвам старасты знаходзяцца яшчэ дзве вёскі: Конны Бор, дзе 8 хат і 9 чалавек, і Копыль, дзе 2 хаты, ды і то адна з іх дачніка. У Конным Бары заўсёды праблемы з дарогамі: ён знаходзіцца ў глыбіні лесу, і лесавозы разбіваюць пакрыццё так, што ўзімку туды амаль не дабрацца. Гэта пытанне патрабуе пастаяннай увагі.

Рэцэпты фірменных страў сабраны амаль з усяго былога Савецкага Саюза.

Падчас нашага візіту да старасты да яе прыйшоў Валодзя, які жыве ў Палаце, але ягады ды грыбы прыносіць на пункт прыёму Фядоры Раманаўны. У той дзень ён назбіраў амаль 3 кг лісічак і 23 кг брусніц. Гэта яго сезонны падзаробак, узімку ён працуе качагарам. Бабовіцкая стараста ўсё ўзважвае дакладна, таму і ходзяць да яе з усёй акругі.

«Чаго я буду тэлефанаваць старшыні сельвыканкама, калі магу вырашыць пытанне на месцы?» — лічыць Фядора Раманаўна. Яна можа і каля поўначы пайсці на дарогу сустракаць машыну аддзела МНС, каб яны разабралі завал пасля шторму... На жанчыне адказнасць за жыццядзейнасць вёскі, і гэта надае ёй сілы. Лёс, як яна прызнаецца, навучыў адказваць дабром на дабро і трымацца разам.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».