Вы тут

Яе вялікасць мініяцюра


У Баку абавязкова варта наведаць Музей мініяцюрнай кнігі. Каб пабачыць больш як 8,5 тысячы ўнікальных мініяцюр, выдадзеных у 79 краінах свету, прынцэса Тайланда, напрыклад, наняла прыватны самалёт...


Мне пашчасціла больш: некаторыя экзэмпляры са сваёй калекцыі стваральніца і заснавальніца музея Зарыфа Салахава сама прывезла ў Мінск. У чым перавага мініяцюрнай кнігі, у жаночую сумачку можа змясціцца цэлая кніжная шафа! Мы гартаем мініяцюрныя старонкі ў даволі сімвалічным месцы — Нацыянальнай бібліятэцы, дзе, дарэчы, захоўваюцца кніжныя падарункі азербайджанскага калекцыянера, — і паглыбляемся ў дзіўны свет кнігі.

— Зарыфа Цеймураўна, пэўна, не памылюся, калі скажу, што ў вас самая вялікая калекцыя мініяцюрнай кнігі ў свеце. Ці памятаеце, з чаго пачалася ваша любоў да мініяцюры?

— 19 гадоў я была на партыйнай рабоце. Апошнія 11 працавала ў Цэнтральным камітэце Кампартыі Азербайджана. Аднойчы майму сектару было даручана сабраць вакансіі, якія ўваходзілі ў наменклатуру ўсіх аддзелаў ЦК. Калі гэты спіс быў падрыхтаваны, я чытаю: «Добраахвотнае таварыства аматараў кнігі Азербайджанскай Рэспублікі. Заробак
320 рублёў». А я на той час атрымлівала 250. Я нават не стала цікавіцца, чым займаецца гэтая арганізацыя, пайшла да свайго кіраўніка і сказала, што хачу там працаваць. Ён узрадаваўся: усе ведалі, што мой брат Таір Салахаў (ён тады быў першым сакратаром Саюза мастакоў СССР, а цяпер віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі мастацтваў) сябруе з Гейдарам Аліевым, першым сакратаром ЦК Кампартыі Азербайджанскай ССР,
і, вядома, думалі, што я шмат аб чым расказваю брату (смяецца). Так я трапіла ў Добраахвотнае таварыства аматараў кнігі намеснікам старшыні. Падчас адной з працоўных паездак у Маскву мне прапанавалі набыць поўны збор баек Крылова 1835 года ў мініяцюрным фармаце. Калі я пайшла на склад па гэтую кнігу, убачыла мініяцюры і «захварэла».

— Як за дастаткова непрацяглы час удалося назбіраць такую вялікую калекцыю?

— У 1985 годзе мяне адправілі ў Чэхаславакію для знаёмства з выдавецкай дзейнасцю. У вольны час мы выходзілі ў горад. А што звычайна набывалі людзі ў савецкай Празе? Хрусталь, люстры і сервізы. Я ж пайшла ў букіністычную краму і ў антыкварным аддзеле купіла два малітоўнікі: каталіцкі малітоўнік на нямецкай мове 1878 года і на чэшскай мове 1887 года. Усе здзіўляліся, навошта яны мне, мусульманцы. Тройчы была ў Парыжы, а духоў так ніколі і не прывезла. Затое набыла «Прыгоды маладога лавеласа ў Грэцыі», выдадзеныя ў 1815 годзе. Я аб'ездзіла ўвесь свет, адусюль прывозіла кнігі. Абменьвалася мініяцюрамі з іншымі калекцыянерамі. Перапісвалася з усім Савецкім Саюзам, з Польшчай і нават з замежжам. А аднойчы пры таварыстве кнігалюбаў я стварыла клуб цікавых сустрэч, у які з усяго Савецкага Саюза запрашала вядомых пісьменнікаў і артыстаў. Яны прыязджалі ў Баку, выступалі ў маіх арганізацыях, у клубе. Усе камандзіровачныя расходы брала на сябе. Акрамя таго, з'язджалі з ганарарам і падарункамі. Як вы думаеце, што яны маглі для мяне зрабіць?

— Падарыць мініяцюрную кнігу...

— Народны артыст СССР Зіновій Герт прывёз мне 45 міні-кніг. Савецкая паэтэса Рыма Казакова аддала мне ўсе такія выданні, што ў яе былі дома. Помню падарунак ад вядомага ленінградскага барда Аляксандра Дольскага. Гэта Евангелле ў 4 тамах, у скураным пераплёце з залатым абрэзам...

— А якую кніжную мініяцюру са сваёй калекцыі лічыце найбольш каштоўнай?

— Каран. Па нашым летазлічэнні 1672 года выпуску. Яго мне падарыла адна пажылая жанчына. Мініяцюру яна насіла ў скураным мяшэчку на вяровачцы, якую вешала на сваю шыю. Каран настолькі быў старадаўнім, што вугалкі мяшэчка прадзіравіліся. Вельмі шаную Новы Запавет, выпушчаны ў 1915 годзе з каляровымі ілюстрацыямі...

— Як вашым мініяцюрам удалося трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса?

— Апошні рэкорд мініяцюрнай кнігі быў зарэгістраваны ў 1982 годзе. Гэта была калекцыя аднаго індуса, якая налічвала 286 міні-кніг. З маёй жа калекцыі ў Кнігу рэкордаў Гінеса трапіла 2913 кніг. І каб не патрабаванне да стандарту мініяцюры ў 75 на 75 міліметраў, рэкордаў было б значна больш.

— Самая маленькая кніга ў вашай калекцыі?

— Гэта, я б сказала, мікракніга (0,75 на 0,75 міліметраў), выдадзеная ў Токіа. У ёй расказваецца пра чатыры пары года, яны ілюструюцца. Яшчэ ёсць кнігі гэтага выдавецтва, толькі крыху большыя: 2 на 2 міліметры.

— Няўжо ў іх магчыма нешта прачытаць?

— Кожная з іх мае прызначаную для гэтых мэт лупу. І каб вы ведалі: чым меншы фармат кнігі, тым вышэйшая культура дзяржавы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».