Вы тут

Самазабойца, спірт на дарозе, дэбашыр, пагоня...


«Звязда» заўсёды плённа супрацоўнічала з праваахоўнікамі. Дзякуючы іх дапамозе, у газеце з'яўляліся цікавыя рэпартажы, карэспандэнцыі, інфармацыі, якія для кагосьці былі проста займальным чытаннем, а камусьці сталі важнай перасцярогай... У 2014-м з'явіўся вынік нашага супрацоўніцтва — сумесны з Міністэрствам унутраных спраў праект «Фарпост спакою». А без малога дваццаць два гады да гэтага наш карэспандэнт разам з чэрвеньскімі міліцыянерамі накіроўваўся ў начны рэйд...


...Восем гадзін вечара. Аператыўны дзяжурны Чэрвеньскага РАУС паведамляе аб зарэгістраваных выкліках: труп, сямейны скандал, зноў скандал. Начальнік райаддзела ўдакладняе састаў груп, іх маршруты. Хто з кім паедзе? «На труп — я!» Гэта першай падае голас мая будучая жонка, з якой мы разам знаходзімся ў камандзіроўцы. Не, кажу, даражэнькая, толькі не ты...

...Вёска сустракае цемрай: замяняюць электраслупы. Паблукаўшы крыху па вуліцах, трапіўшы не ў тую хату («гэта ў вас нябожчык?») і распытаўшы дарогу, нарэшце спыняемся. «Што ў вас здарылася?» — пытанне, што прагучала, хутчэй проста пачатак размовы. Больш сталая жанчына на крэсле каля акна, загаласіўшы і ўзняўшы рукі да твару, тлумачыць: «Малодшы сын павесіўся, нас не было дома...» — «Дзе ён?» — «У кладоўцы, мы не чапалі...» У сенцах, якія мы толькі што прайшлі, адгароджаны вузкі, нібы пенал, пакойчык, які завалены рыззём, старымі рэчамі, сталярнымі інструментамі.
У цэнтры, ледзь не кранаючы нагамі падлогу, нябожчык. Калі б не складзены ў некалькі разоў белы шпагат, які цягнецца ад шыі да жэрдкі на столі, ды не адкінуты цурбан побач з нагамі, поўнае ўражанне, што чалавек проста стаіць на дыбачках. «Журналіст, дапамажы, падсвяці!» Падымаю над галавой запаленую запальнічку, двое міліцыянераў здымаюць нябожчыка і кладуць на канапу ў хаце...

...У іншай вёсцы спыняемся каля фермы. Нечакана для мяне група «рве» дзверы міліцэйскага легкавіка і праз цемру з розных бакоў кідаецца да будынка. У глыбіні кароўніка мільганула постаць чалавека. Ён адначасова і вартаўнік, і віноўнік здарэння. Гэта становіцца зразумелым, калі падыходзім бліжэй: у нагах мужчыны стаіць паўмяха дробнай бульбы. «Драпежнік», — гаворыць нехта ціха. Так на міліцэйскім жаргоне завуць тых, хто квапіцца на калгаснае і людское дабро, у большасці — па дробязі. Калі афармляюць пратакол, вартаўнік кажа, што хацеў узяць крыху бульбы для сябе, маўляў, заробак зусім малы. У гэты момант капітан выцягвае з сейфа ў куце пакоя некалькі звязаных у тугі скрутак пустых мяхоў і пытанне, што такое «трохі», павісае ў паветры. Вартаўнік пачынае гаварыць: «Ат, не сцярпеў, не пачакаў крыху, бачыш, і папаўся», «пішы начальнік, злавіў ты мяне, што зробіш», «мог жа бульбы і пазней узяць...»

...Каля апоўначы. На трасе ў святло фар трапляюць «Жыгулі» без дзяржнумароў і святла ў салоне на ўзбочыне. Мы спыняемся, як потым высветліцца, на дзве гадзіны. У машыне два хлопцы, старэйшы тлумачыць, што «паляцела» задняе кола. Едуць са Смалявіч у адну з вёсак Чэрвеньскага раёна. Куды — не ведае, бо «рулявы» — кіроўца-сваяк з ключамі ад машыны — пайшоў па дапамогу. Што ў багажніку? «Дзве каністры бензіну». Хлопцу даюць запаску з міліцэйскай машыны, але ламаць замок на рулявой калонцы не спяшаюцца: чакаюць кіроўцу. І тут міліцыянеры высвятляюць, што ў каністрах не паліва, а спірт. І сваяка ніякага няма, ключы ўвесь час былі ў кішэні старэйшага з хлопцаў, які і кіраваў «Жыгулямі». І нумары адшукаюцца ў багажніку — літоўскія, што было падобна на згон аўтамабіля. Добрую частку спірту потым яшчэ знойдуць прыхаванай каля шашы... «Чым ты думаў, мы б цябе без нумароў і са спіртам усё роўна не адпусцілі б».

...Машына спыняецца ў двары шматсямейнага барака ў райцэнтры. Прыехалі на сямейны скандал. Днём у аддзяленне некалькі разоў тэлефанавала жанчына і скардзілася, што муж падымае на яе руку. «Я яго даўно ведаю, ён можа, мужык здаровы», — кажа адзін з міліцыянераў... Маёр адкідвае ў аўтамата прыклад і ўглядаецца ў вокны, потым грукае ў дзверы. Нікога. Наш старшы дастае з акна веранды невялікі кавалак шкла і знутры адчыняе дзверы. Па адным заходзім у веранду, потым у калідор. У цемры здаецца, што ў любы момант можа з'явіцца раз'юшаны гаспадар. Намацаўшы ў цемры выключальнік, запальваю святло... На дыване ў зале вялікая пляма цёмна-ружовай крыві... З ложка на нас зусім няўцямным позіркам глядзіць гаспадар, чый твар гаворыць, што піў ён доўга і добра. «Дзе жонка?» — «Не ведаю, да сястры, напэўна, пайшла». — «Чыя кроў?» — «Мая, вуха нажніцамі параніў». — «Апранайся»...

...Калі хто думае, што гонка ўначы з міліцэйскім ліхтаром на даху машыны па нейкіх завулках — рэч займальная, мушу заўважыць, што гэта не так. Едучы на шалёнай хуткасці ледзь не на «карку» «масквіча», мы безліч разоў ледзь не апынуліся ў плоце, пад дрэвам, у якой-небудзь канаве толькі дзякуючы майстэрству нашага кіроўцы. Пагоня працягваецца нядоўга: «масквіч» улятае з дарогі ў двор і спыняецца, з яго выскокваюць мужчына і жанчына, абодва выпіўшыя. Жанчына плача і лямантуе, кіроўца то нясе нейкую бязглуздзіцу, то «качае правы». Едзем у аддзяленне. Палова трэцяй ночы. Там «выступленне аратара» працягваецца з новай сілай. Усё заканчваецца медвыцвярэзнікам. Развітваемся з дзяжурным і лямант застаецца за дзвярыма «акварыума» — палаты сярэдніх памераў, дзе ў адзін рад стаіць пад змрочным святлом пяць ложкаў. Адзін і займае наш «кліент».

...Другая група правяла надзіва спакойную ноч. Правяралі вартаўнікоў на фермах, сігналізацыю на крамах, спынялі аўтамабілі для праверкі — ішла будзённая работа, не азмрочаная здарэннямі. Безвынікова (даруйце, за журналісцкі падыход) прайшла і засада каля сажалак рыбгаса. Чатыры гадзіны раніцы. Рэйд скончаны.

...Усё гэта адбывалася ў адну з начэй позняй восенню 1995 года...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.