Вы тут

Што нам перашкаджае жыць даўжэй?


У абсалютнай большасці выпадкаў беларусы гінуць ад захворванняў сістэмы кровазвароту, злаякасных новаўтварэнняў, захворванняў органаў дыхання і цукровага дыябету. Неінфекцыйныя захворванні застаюцца ў нашай краіне і самай частай прычынай смерці, і асноўнай прычынай інваліднасці працаздольных. Якасць і працягласць жыцця вымушаюць жадаць лепшага, прычым мы пакуль слаба ўсведамляем, наколькі ўсё ў нашых руках.


Краіны, якія ўваходзяць у Сусветную арганізацыю аховы здароўя, цяпер імкнуцца да таго, каб да 2025 года заўчасная гібель ад вышэйпералічаных захворванняў знізілася на чвэрць. Наша краіна таксама плануе атрымаць станоўчы вынік.

Каб зразумець, якім чынам дасягнуць такой амбіцыйнай мэты, пачынаючы з мінулага года на нацыянальным узроўні праводзілася даследаванне фактараў рызыкі ўзнікнення неінфекцыйнай паталогіі — STЕРS/КРОКІ. Яго ўдзельнікамі сталі каля 6 тысяч беларусаў ад 18 да 69 гадоў з усіх рэгіёнаў краіны. Дома было наведана каля 5 тысяч прадстаўнікоў выпадкова выбраных дамашніх гаспадарак.

Фактары рызыкі неінфекцыйнай паталогіі добра вядомы, а таму ў полі зроку даследчыкаў было не штосьці сакрэтнае, а ўсім вядомыя рэчы — ужыванне тытуню і алкаголю, гіпадынамія, асаблівасці харчавання, лішняя вага і атлусценне, артэрыяльны ціск, узровень глюкозы і ліпідаў крыві, сярэдні папуляцыйны ўзровень спажывання солі. Удзельнікам даследавання не толькі задавалі пытанні адносна іх паводзінаў, але і праводзілі вымярэнні росту, вагі, таліі, артэрыяльнага ціску, частаты сардэчных скарачэнняў, біяхімічных параметраў крыві (узровень глюкозы і ліпідаў) з выкарыстаннем метадаў «сухой хіміі», ацэньваліся ўзровень натрыю і крэацініну ў мачы для ўстанаўлення колькасці солі ў рацыёне.

Вынікі даследавання пацвердзілі, што беларусы ўжываюць шмат алкаголю, шмат кураць, нерацыянальна харчуюцца, любяць салёнае.

Паводле слоў міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерыя МАЛАШКІ, цяпер неабходна не толькі скарэкціраваць пытанні прапаганды здаровага ладу жыцця, але і працаваць з вытворцамі, якія сёння выкарыстоўваюць павышаную колькасць солі. Больш за тое, карэкціроўкі патрабуе і наша харчаванне. Нам усім патрэбна больш расліннага, а не жывёльнага тлушчу, больш той жа капусты, морквы, кабачкоў ды буракоў, а не бульбы, больш фруктаў, а не цукерак, хлеба грубага памолу, а не здобы. Пры гэтым фрукты, гародніна, алей павінны быць свежымі і даступнымі па кошце, а гатовыя прадукты — тыя ж малочныя, мясныя, хлебабулачныя — змяшчаць менш цукру і жывёльнага тлушчу. І займацца такім неверагодным аб'ёмам работы павінна не толькі Міністэрства аховы здароўя.

Што да курэння, то тут, на думку Валерыя Малашкі, разам з Саветам Міністраў трэба працаваць над змяненнем акцызнай палітыкі, зонамі гандлю тытунём, што даўно не сакрэт. Дарэчы, пра зоны гандлю. Літаральна днямі назірала карцінку з жыцця сталіцы, абсалютна тыповую. Каля кіёска «Белсаюздрука», што на прыпынку акурат насупраць магазіна «Мацярык» (станцыя метро «Каменная Горка»), скідваюцца дзве малалеткі. Адно дзяўчо, якое зусім з выгляду дзіця, імкнецца схавацца, а тая, што выглядае старэйшай, смела падыходзіць да кіяскёра і просіць пачак цыгарэт з запальніцай. І прадавец... тут жа адпускае тавар! Што самае цікавае, прадавец той з выгляду — не нашмат старэйшае за дзяўчо.

Між тым, самы важны складнік любой прафілактыкі — не дапусціць распаўсюджвання шкодных звычак сярод моладзі. Як паказваюць іншыя апытанні і ўласны вопыт, нашы дарослыя робяць выгляд, што не здагадваюцца аб курэнні сваіх дзяцей дый яшчэ дадумваюцца ўласнаручна наліваць ім першую чарку! Многія падлеткі так і кажуць: быў Новы год, заканчэнне школы, дзень нараджэння, мы ўсе селі за стол... Словам, нагода выпіць была, і нехта са сваякоў сам, сваёй уласнай рукой наліў: маўляў, пакаштуй. Як быццам, дома выпіваць лепей, чым... Дома лепей? Вы сябе, спадары бацькі, чуеце? Алкаголь, нагадаю вам, — хімічны растваральнік, які забівае жывыя клеткі арганізма. Па сутнасці, гэта атрута, якая не наносіць велізарнай шкоды толькі ў вельмі сціплай дазіроўцы. Алкаголь — не прыкорм, які трэба ўводзіць у пэўны час, па меры таго, як дзіця падрасло. Словам, сапраўды ёсць яшчэ над чым працаваць, і не аднаму міністэрству. І не толькі з вясковым насельніцтвам, якое традыцыйна лічылася ў нас больш пітушчым — з гарадскім, як паказала STЕРS, працаваць трэба не менш, калі не больш.

Даследаванне, дарэчы, плануецца паўтарыць у 2019—2020 гадах, калі будзе завяршацца рэспубліканская праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь». Тады можна будзе і ацаніць эфектыўнасць выпрацаванай стратэгіі па змяншэнні ўплыву фактараў рызыкі на здароўе чалавека.

Праблема неінфекцыйных захворванняў вельмі актуальная для ўсіх краін, адзначае кіраўнік Краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр БЕРДЫКЛЫЧАЎ. Беларусь жа сапраўды дасягнула значных поспехаў у арганізацыі высокаспецыялізаванай дапамогі, але ўсе імкненні ў пэўнай ступені нівеліруюцца фактарамі рызыкі. Палепшыць сітуацыю можна толькі агульнымі намаганнямі цэлага шэрагу ведамстваў, новымі, больш якаснымі прафілактычнымі праграмамі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».