Вы тут

Ад Нарачы да Лах-Нэса


Сёлета ў беларускіх выдавецтвах выйшла багата кніжак для дзяцей. Колькасць намінантаў на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне «Дзіцячая літаратура» сведчыць, што гэта папулярны напрамак творчасці для многіх пісьменнікаў: перамога ў намінацыі будзе яшчэ больш заўважнай, бо за яе спрачаюцца адразу 10 літаратараў. Разнастайнасць адчуваецца ва ўсім: паэзія і проза, чароўныя казкі і пазнавальныя гісторыі, забаўляльныя кніжкі для самых маленькіх і прыгодніцкія аповеды для сярэдняга школьнага ўзросту — беларуская літаратура для дзяцей гатова задаволіць патрэбы вялікай аўдыторыі.


З некаторымі кнігамі азначанай намінацыі чытачы «ЛіМа» знаёміліся на працягу года на старонках рубрыкі «ЛіМпапо» — месцы, адведзеным у газеце пад агляд якаснага чытання для маленькіх аматараў літаратуры і іх бацькоў. Напрыклад, сустракаліся з казкай Генадзя Аўласенкі «Малпачка — дачка нябеснага дракона» («ЛіМ» № 40, 7 кастрычніка 2016 г.). Ніякага дракона ў кнізе няма: яго прыдумвае звычайная хатняя малпачка, якая збегла ад сваёй маленькай гаспадыні і хоча выгадна ўладкавацца сярод лясных звяроў. Яна хлусіць пра сваё нябеснае паходжанне, каб падацца больш прывабнай новым знаёмым, але такая стратэгія спрацоўвае ў адваротным кірунку: у выніку ніхто не хоча сябраваць з ганарлівай малпачкай. Кніга досыць павучальная, бо праз шэраг падзей галоўная гераіня прыходзіць да высновы: сапраўднае сяброўства можа грутавацца толькі на шчырасці ды бескарыслівасці. Звярнулі ў «ЛіМпапо» ўвагу і на працяг «Касмічнай адысеі хлопчыка Стасіка» ад Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — кнігу «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка» («ЛіМ» № 48, 2 снежня 2016 г.). Аўтар знайшла цікавы (але ўжо даволі класічны) падыход да аповеду: прапанавала чытачу паглядзець на звыклыя рэчы з нязвыклага ракурсу, убачыць наш свет вачыма касмічнага хлопчыка Зорнічка, які ніколі не сустракаўся з зямным ладам жыцця. Такі прыём для дзіцячай літаратуры вельмі карысны, бо развівае фантазію і шырыню мыслення дзяцей і падлеткаў. Да таго ж К. Хадасевіч-Лісавая добра знаёмая з дзіцячай псіхалогіяй, таму яе героі атрымаліся рэальнымі — сапраўднымі недасканалымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія вучацца на сваіх памылках і здольныя дараваць.

Шчыра расказвае пра свет дзяцінства Тамара Бунта ў зборніку апавяданняў «Дзяўчынка з вішнёвага завулка»(«ЛіМ» № 48, 2 снежня 2016 г.). Зборнік атрымаўся аўтабіяграфічны, з дамешкам настальгіі. Гэта не павінна сапсаваць уражанне — наадварот, такі настрой, не засмучаючы маленькіх чытачоў, можа прывабіць да кнігі іх бацькоў. Яшчэ адзін плюс кнігі — цудоўныя казачныя ілюстрацыі ад беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай.

Прыгожы аповед пра прыроду Беларусі прапанаваў у кнізе казак «Возера дзіва» Міхась Пазнякоў («ЛіМ» № 48, 2 снежня 2016 г.). Кніга складаецца з дзвюх частак: празаічнай і паэтычнай. У прозе аўтар знаёміць чытача з багатым светам флоры і фаўны нашай краіны, у вершах — з не менш багатай казачнай спадчынай. Прырода Беларусі падаецца праз легенды і паданні, звязаныя з яе складнікамі. Фальклорны матэрыял адаптаваны пад патрэбы дзіцячай аўдыторыі, а надзвычай прыгожыя ілюстрацыі Валянціна Макаранкі ўдала дапаўняюць кожны сюжэт, што прывабіць да кнігі і самых маленькіх дзетак, якія яшчэ не засвоілі навыкі чытання. Па тэматыцы перагукаецца з «Возерам дзіва» вершаваная кніга Міколы Чарняўскага «Матуля Шо, дачушка Шоша». Яна прысвечана рэкам і азёрам Беларусі. Кніга спалучае мастацкія творы і дакладныя геаграфічныя звесткі: пасля верша змешчана выява возера ці ракі на карце Беларусі, а таксама невялікае, але падрабязнае энцыклапедычнае апісанне воднага аб’екта. Цешыць, што ў кола інтарэсаў аўтара трапілі не толькі вялікія рэкі. Ён не абмінуў увагай і менш заўважныя вадаёмы, падмацаваўшы свой выбар сапраўднай патрэбай: апошнім часам сярэднія і малыя рэкі Беларусі «змагаюцца за сваё выжыванне». Тэма экалагічнага выхавання моладзі зараз надзвычай актуальная, таму нельга не адзначыць каштоўнасць такой літаратуры для школьнікаў.

Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі сёлета прадстаўляюць ажно два аўтары: Анатоль Караленка з кніжкай «Дзецям пра нафту» і Яўген Калашнікаў з кнігай «Ксюша и её друзья». «Дзецям пра нафту» выйшла разам з кнігай «Матуля Шо, дачушка Шоша» ў серыі «Бібліятэка Асветыка», адведзенай для пазнавальнай дзіцячай літаратуры. Адзначана, што кніга прысвячаецца 50-годдзю нафтаздабычы ў Беларусі. Натуральна, у казачнай форме пра здабычу нафты беларускія дзеці дасюль не чыталі. Аўтар — былы майстар нафтапромыслу з трыццацігадовым стажам работы, таму за дакладнасць інфармацыі можна не хвалявацца; пра якасць мастацкага боку кнігі сведчыць медаль «За вялікі ўклад у літаратуру» і шматлікія літаратурныя прэміі, лаўрэатам якіх ён з’яўляецца. Дзе ў Беларусі здабываюць нафту, як гэта адбываецца, што з яе вырабляюць — пра гэта і не толькі даведаецца чытач.

«Ксюша и её друзья» — адзіная рускамоўная кніга сярод намінантаў, да таго ж яе апавяданні маюць вершаваную форму. Аўтар, Яўген Калашнікаў, бярэ актыўны ўдзел у жыцці сваёй аўдыторыі, часта прыходзіць на сустрэчы з чытачамі ў бібліятэкі роднага горада. Блізкасць пісьменніка да дзяцей адчуваецца на старонках яго кнігі: персанажы гісторый атрымаліся рэалістычнымі, а іх прыгоды — свавольнымі і радаснымі. Няма тыповага «дарослага» погляду на рэчы: Я. Калашнікаў не прыніжае вартасць дзіцячых праблем, дазваляе галоўнай гераіне разам са сваімі сябрамі спазнаваць свет і трапляць у смешныя гісторыі. Не менш светлы погляд на дзяцінства мае і зборнік вершаў і апавяданняў Фёдара Гурыновіча «Галінка дабрыні», намініраваны ад Салігорскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.

«Званочкі ў блакіце» — зборнік выбраных вершаў Івана Муравейкі. Івана Муравейку называюць патрыярхам дзіцячай літаратуры, бо за свае 95 гадоў пісьменнік падрыхтаваў шмат кніг для маленькіх чытачоў. У новы зборнік увайшлі яго найлепшыя творы за прамежак з 1955 па 2006 год, прысвечаныя прыродзе, радзіме, маральным якасцям чалавека. Заўважна, што кніга змяшчае не толькі вершы, але і вершаваныя загадкі: большасць з іх збудаваны вакол устойлівых выразаў, але ёсць і трапныя аўтарскія асацыяцыі, якія заслугоўваюць увагі.

Добрая дзіцячая казка прадстаўлена пісьменніцай Аленай Масла. Цікава, што ў кнізе «Мяне завуць Лахнэска» пісьменніца звярнулася да міфалогіі нашага стагоддзя: замест звыклых для маленькіх беларусаў казачных персанажаў перад імі паўстае Лахнэска, прататып знакамітай Нэсі з возера Лах-Нэс, якая збегла з дому… з-за здзекаў рыб. Апошні дыназаўр на Зямлі хвалюецца з-за сваёй знешнасці. Аўтар узнімае праблему індывідуальнасці: маленькі чытач спакваля зразумее, што чалавек прыгожы такі, які ёсць. Быць не такім, як усе, цяжка, але шчырае сяброўства можа дапамагчы ў прыняцці самога сябе: менавіта так адбываецца з галоўнымі героямі казкі апалонікам Апалонам і Лахнэскай.

 Не менш цікавыя героі чакаюць сваіх чытачоў пад вокладкамі іншых кніг-намінантаў. Кнігі гэтыя разнастайныя, па-свойму адметныя і, безумоўна, вартыя чытання незалежна ад таго, хто пераможа.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.