Вы тут

Сучасныя рэаліі і сюжэтныя неспадзяванкі


Кнігі, вылучаныя ў намінацыі «Проза», здзіўляюць разнастайнасцю тэм і стыляў. Калі Валерый Гапееў водзіць чытача па беларускіх сенажацях заблытанымі дэтэктыўнымі сцежкамі ў рамане «Ноч цмока» (Мінск: «Галіяфы», 2016), то «Сонечны чалавек» (Мінск: «Выдавец А. М. Янушкевіч», 2016) Андрэя Дзічэнкі не шукае ні сонца, ні праўды жыцця, бо перакананы, што час, калі чалавек кіраваўся такімі сэнсамі, даўно мінуў. Рускамоўную прозу прадстаўляюць Наталля Касцючэнка, якая мяркуе, што для яе надышоў «час жніва і час пакаяння» («Время жатвы и время покаяния», Минск: Белорусский республиканский литературный фонд, 2016), і Наталля Батракова, якая па-ранейшаму спрабуе спыніць імгненне бясконцасці і падзяліцца з чытачамі бясконцасцю любові і бясконцасцю смутку («Бесконечность любви, бесконечность печали», Минск: Икселент, 2016). А Людміла Рублеўская выпраўляецца ў няпросты, далёкі і поўны прыгод шлях разам з Пранцішам Вырвічам («Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2016). Анатоль Разановіч, нягледзечы на тое, што яго кніга «Палын-вада» была ўхваленая экспертным саветам і ўвайшла ў спіс намінатаў, прыняў рашэнне зняць сваю заяўку.


Аматары творчасці Н. Батраковай чатыры гады чакалі новай сустрэчы з ужо знаёмымі па папярэдніх кнігах героямі. Раман «Бясконцасць любові, бясконцасць смутку» прапаноўвае чытачам нечаканыя сюжэтныя павароты (праўда, часам занадта ўскладненыя неабавязковымі адхіленнямі), знаёмую кожнаму беларускую рэчаіснасць і пазнавальную мінскую і калямінскую геаграфію. У пісьменніцы ёсць свая сталая ўдзячная аўдыторыя, пераважна жаночая, і гэта цалкам апраўдана выбраным жанрам. Героі Н. Батраковай не пераймаюцца экзістэнцыйнымі рэфлексіямі, іх думкі значна больш зямныя. Тут няма дэмаркацыйнай лініі паміж дабром і злом, калі сяброўства, каханне, вернасць — адназначна на баку станоўчых персанажаў, а подласць, здрада, помста — поплеч з адмоўнымі.

Вядома, чытацкія сімпатыі размяркоўваюцца ў залежнасці ад учынкаў герояў. Але пісьменніца карыстаецца звыклай псіхалагічнай схемай, з дапамогай якой сёння часта робяцца рэтраспектыўныя псіхааналізы адмоўных персанажаў: апісваючы паводзіны і падступныя задумы герояў, яна нязменна знаёміць чытача з іх дзяцінствам, юнацтвам, этапамі прафесійнага сталення. Нібы падказвае: не бывае людзей подлых ад прыроды, на гэта іх правакуе атачэнне, недахоп бацькоўскай любові, увагі настаўніка, сябра. Урэшце, усё тое, што з малых гадоў робіць чалавека нешчаслівым. Як і станоўчыя героі, тыя, каму чытачы суперажываюць, — не ідэальныя, не паслядоўныя ў сваёй станоўчасці. Яны таксама могуць быць несправядлівымі, злымі, няўважлівымі, абыякавымі — пад цяжарам уласных праблем, стомы, хваробы… Магчыма, кнігі Н. Батраковай карыстаюцца такім поспехам менавіта таму, што кожны чытач можа разгледзець у адным з герояў сябе, свае недахопы і заганы, але без асуджальнай ноткі. «Напэўна, у цябе ёсць свая праўда, але для мяне яна зусім нецікавая», — прамаўляе адзін з галоўных герояў Вадзім Ладышаў. І гэтая думка — на ўзроўні падтэксту — гучыць у кнізе неаднойчы: у кожная з нас сваё разуменне праўды, і сэнс не ў тым, каб высветліць, чыя больш «праўдзівая», а ў тым, каб навучыцца прымаць чужую.

Кніга Н. Касцючэнкі створана цалкам у іншай танальнасці, па сутнасці, гэта споведзь, у якой фіксуюцца і поспехі, і няўдачы, пачуццё гордасці пераплятаецца з прызнаннем віны… Ладную частку рамана-эсэ (аўтарскае азначэнне) займаюць развагі агульнафіласофскага кшталту, уводзінамі да якіх аўтар выбрала цытаты знакамітых пісьменнікаў, мысляроў, старажытных філосафаў. Варта адзначыць, што гэта не лепшыя старонкі кнігі, бо не выглядаюць арыгінальнымі, адметнымі, запамінальнымі. Значна больш цікава чытаюцца элегічна-настальгічныя аповеды пра родную палескую вёску, якая апынулася ў зоне адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Як асобныя самастойныя гісторыі ўспрымаюцца пошукі шчасця ў каханні і мужчынскай пяшчоце. Праўда, пранізлівая шчырасць аўтара часам бянтэжыць старонняе вока і сэрца — калі чытач успрымае раман-эсэ як літаратурны твор, а не доўгачаканую споведзь блізкага чалавека. «Ісцінная біяграфія хутчэй не пра дасягненні, а пра грахі», — падсумоўвае Н. Касцючэнка. І, магчыма, некаторыя самавыкрывальныя моманты ўсё ж выходзяць за межы жанру споведзі.

У «Ночы цмока» Валерый Гапееў працягвае мастацкую распрацоўку тэмы змяшання паганскага і хрысціянскага светапоглядаў у беларускай ментальнасці. Нябачная прысутнасць міфалагічнай падасновы ў нашым жыцці — не казачная прыдумка, а штодзённая рэчаіснасць, у якой жывуць героі В. Гапеева. У № 17 «ЛіМа» за 28 красавіка 2017 года была змешчана разгорнутая рэцэнзія Ірыны Шаўляковай пад назвай «Ноч масліту, або Middle-літаратура high-класа», у якой было адзначана, што «раман В. Гапеева можа прэтэндаваць на статус узорнага твора айчыннай белетрыстыкі». Безумоўна, варта звярнуць увагу і на адметнасць дэтэктыўнага складніка, які аўтару ўдалося зрабіць настолькі насычаным нацыянальным каларытам (і ў плане побытавым, і ў плане ідэйным, светапоглядным), наколькі гэта ўвогуле магчыма.

Калі насычанасць беларускай рэчаіснасцю ў В. Гапеева бярэцца з сучаснасці, то Людміла Рублеўская ў каторы раз ладзіць вандроўкі ў мінулае. Факты айчыннай мінуўшчыны, прадстаўнікі слаўных княжацкіх родаў, увядзенне ў няпросты культурна-гістарычны кантэкст шляхам дэталёвага апісання побыту, нораваў, звычаяў удала ўплятаюцца ў займальную сюжэтную канву. Пра тэтралогію Л. Рублеўскай, галоўнымі героямі якой сталі Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік, пісалі шмат, але меркаванні рэцэнзентаў урэшце супадаюць у вызначальных характарыстыках. Па-першае: нягледзечы на лёгкасць успрымання стылю, раман ствараўся не для забаўкі чытача, а для яго выхавання — патрыятычнага і духоўнага. Праява найвялікшага майстэрства пісьменніцы ў тым, што яна зрабіла гэта нязмушана, ненавязліва. Па-другое: твор разлічаны найперш на маладое пакаленне, юнакоў і падлеткаў, якім сёння трэба тлумачыць вартасць традыцыйных каштоўнасцей і неабходнасць ведання нацыянальнай гісторыі. Выхаваўча-асветніцкі пафас відавочны — але толькі для той часткі чытацкай аўдыторыі, якой акурат тлумачыць нічога не трэба. Л. Рублеўская выкарыстоўвае займальны сюжэт у выхаваўчых мэтах, але пры гэтым робіць шмат крокаў насустрач патэнцыяльнаму чытачу: іранічныя заўвагі, якія так даспадобы падлеткам, абавязковыя пошукі кахання, але што яшчэ цікавей — пошукі скарбаў, разгадкі таямніц… Аказваецца, усё гэта магчыма не толькі ў папулярных замежных серыялах, але і ў беларускім мястэчку XVII стагоддзя. І па-трэцяе: у раманах пра Пранціша Вырвіча сучаснасці настолькі многа, як і гісторыі. Зрэшты, менавіта праблемамі сучаснасці выкліканы да жыцця «прыгодніцкі і фантасмагарычны» сюжэт тэтралогіі. У «ЛіМе» былі змешчаны асобныя рэцэнзіі Насты Грышчук на кнігі тэтралогіі («Трэсачкі на беларускіх хвалях», № 27 за 11 ліпеня 2014 года; «Шпацыр над вялікім вірам», № 49 за 12 снежня 2014 года). Апошняя кніга «Авантураў…» была адзначана ў артыкуле Марыны Весялухі «Жыццё або гонар» («Звязда», 27 студзеня 2017 года).

Творчасць Андрэя Дзічэнкі нязменна суправаджаецца азначэннямі кіберпанк і посткіберпанк. Зборнік апавяданняў «Сонечны чалавек» — гэта першая беларускамоўная кніга аўтара, які дагэтуль друкаваў свае творы па-руску. У № 46 «ЛіМа» за 18 лістапада 2016 года была змешчана асобная рэцэнзія Жаны Капусты «Дэшыфратар нясонечных настрояў».

Адметна, што творчасць усіх аўтараўнамінантаў апелюе да беларускай рэчаіснасці — з пазнавальнымі рэаліямі, гарадамі, вуліцамі. Думаецца, у сітуацыі, калі сучасных літаратараў часта абвінавачваюць у страце сувязі з рэальнасцю, гэта станоўчая тэндэнцыя.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».