Вы тут

Невыведныя шляхі


Герой года, безумоўна... Пра жыццё Скарыны напісаны дзясяткі кніг і тысячы артыкулаў на розных мовах. Недасведчанаму чытачу, які адкрыў багаты бібліяграфічны спіс, прысвечаны Скарыніяне, можа здацца, што пра жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара мы ведаем калі не ўсё, то вельмі многае. Аднак гэтае ўражанне падманлівае…


«Малая падарожная кніжка» Францыска Скарыны (1522 г., Вільня) з калекцыі «Белгазпрамбанка» будзе выстаўлена ў Полацку. Фота Кастуся Дробава.

Дзе і калі нарадзіўся Францыск Скарына?

Доктар Францыск Скарына ўдзячны за сваё з’яўленне на свет слаўнай Полацкай зямлі ды сям’і купца Лукі Скарыны. Месца нараджэння ніколі не выклікала сумненняў, у адрозненне ад даты, якая з’яўляецца прадметам шматлікіх спрэчак.

Цікаўныя могуць задацца лагічным пытаннем: дык адкуль жа бярэцца агульнапрынятая дата «каля 1490 года», калі крыніцы адсутнічаюць? Датаванне нараджэння беларускага друкара заснавана на двух дакументах: запісах аб прыёме ў Кракаўскі ўніверсітэт і акце Падуанскага ўніверсітэта. У той час большасць юнакоў пачыналі навучанне ў Кракаўскім універсітэце ва ўзросце 14 гадоў, таму Францыск, які паступіў у 1504 годзе, павінен быў нарадзіцца не пазней за 1490 год. Вядома, сустракаліся выключэнні, магнаты зрэдку фармальна залічалі сваіх дзяцей ва ўніверсітэт, тады ў альбоме рабілася пазнака, што яны не прыносяць прысягу.

Ці мог Скарына паступіць ва ўніверсітэт у 20 гадоў? Вядома, мог. У Кракаўскі ўніверсітэт паступалі юнакі не толькі ў 20 гадоў, але і ўжо дарослыя мужчыны ва ўзросце 30 гадоў. Аднак гэтая гіпотэза не ўзгадняецца з іншым фактам у біяграфіі Скарыны: у 1512 г. у актах Падуанскага ўніверсітэта запісаны юнак Францыск Скарына. Улічваючы ўзроставыя крытэрыі таго часу, вельмі складана было б назваць Скарыну юнаком, пераносячы дату нараджэння нават на 5 гадоў раней. Такім чынам, мы атрымліваем дату нараджэння «каля 1490 года».

Аднак гэта была не адзіная спроба вызначыць час нараджэння беларускага першадрукара. Гісторыкі спрабавалі даведацца ўзрост Скарыны на падставе партрэта, змешчанага ў Пражскім выданні Бібліі. Аднак методыка ніякага выніку не прынесла. Даследчыкі разышліся ў поглядах амаль на 20 гадоў (ад 27 да 45)!

У сценах Кракаўскага ўніверсітэта

«Францыск, сын Луки с Плоцка (Полоцка)» — так гучаць храналагічна першыя вядомыя радкі пра першадрукара, выведзеныя рукой няўважлівага пісара, які адправіў слаўнага літвіна ў цэнтр Польшчы замест беларускага Полацка. У іматрыкуляцыях Кракаўскага ўніверсітэта ў 1504 г. мы ўпершыню сустракаемся са Скарынам на старонках пісьмовых дакументаў. Яны распавядаюць пра тое, што будучы першадрукар быў залічаны на факультэт вольных навук, дзе ён мусіў вывучаць асновы акадэмічнай мудрасці — трывіум і квадрывіум.

У наступны раз са Скарынам мы сустрэнемся толькі праз два гады — 13 снежня 1506 г. У гэты дзень малады літвін вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра. Гэтыя два гады паміж запісамі прайшлі ва ўпартай працы. Вывучэнне граматыкі і дыялектыкі Арыстоцеля, грэчаскай і лацінскай моў. Магчыма, у Кракаве, дзе вучыўся стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету Ёган Капернік, Скарына палюбіў астраномію. Тут жа ён мог упершыню пабачыць працу друкарскага станка ў друкарні Яна Галера, якая адкрылася за год да паступлення літвіна ва ўніверсітэт. Крыніцы не падаюць падрабязнасцей пра жыццё кожнага студэнта. Так і не дайшлі да нас звесткі пра штудыі Скарыны, але, рэканструючы сістэму адукацыі і побыт, можна выказаць здагадку, як працякала жыццё Скарыны.

Чым займаўся Скарына пасля заканчэння ўніверсітэта?

Біяграфія Скарыны паміж 1507 і 1512 гг. укладваецца ў адзін радок, запісаны ў пратаколе падуанскай курыі 9 лістапада 1512 г. У гэты дзень «viri domini magistri Francisci, quodam domini Lucae Scorina de Poloczko Rutheni, secretarii regis Datiae» здаваў асабісты іспыт па медыцыне. З апошніх трох слоў становіцца вядома, што Францыск Скарына нейкі час выконваў функцыі сакратара караля Даніі. Або Дакіі? Некаторыя даследчыкі меркавалі, што гаворка магла ісці аб Валахіі, аднак гісторыкамі было пераканаўча даказана, што пад Datiae ва ўніверсітэцкіх колах разумелі менавіта скандынаўскую краіну.

Пасля заканчэння Кракаўскага ўніверсітэта новай сустрэчы з першадрукаром у пісьмовых крыніцах прыйшлося чакаць амаль 6 гадоў. Яна адбылася 5 лістапада 1512 г. У гэты дзень малады літвін звярнуўся да калегіі дактароў з просьбай здаць іспыт бясплатна. Просьба Францыска была задаволена, а праз тры дні ў прысутнасці калегіі і жыхароў Падуі Скарына бліскуча вытрымаў іспыт па медыцыне.

Барысаў камень у Полацку. Ці не яго энергіяй сілкаваўся Скарына? Фота Анатоля Клешчука.

Біяграфія Скарыны паміж іспытам у Падуі і выданнем першай кнігі ў Празе — самы цьмяны перыяд. Беларускаму першадрукару трэба было падрыхтаваць тэкст, замовіць шрыфты, знайсці друкарню, вырашыць, дзе друкаваць кнігі: у Кракаве, Празе, Венецыі або на радзіме. На той час друкарскае абсталяванне каштавала нятанна, а значыць, трэба яшчэ было дамагчыся фінансавай падтрымкі заможных людзей…

Дзе Скарыне прасцей за ўсё было знайсці сродкі на выданне кірылічных кніг, як не ў ВКЛ? Верагодна, на радзіме ён заручаецца падтрымкай беларускіх купцоў і членаў віленскага магістрата, а магчыма, нават самога караля Жыгімонта I, як мяркуюць некаторыя даследчыкі. У Вільні ён мог сустрэць Багдана Онкава, які актыўна гандляваў з Прагай сукном і мог параіць друкару сталіцу Чэшскага каралеўства.

«Повелел есми тиснути»

 У 1517 г. у Празе пабачыла свет «Бивлия руска, выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славнаго града Полоцька». Нешматлікія звесткі, якія захаваліся на старонках Бібліі, дазволілі гісторыкам зрабіць выснову, што Скарына кіраваў друкарняй. У прадмовах згадваецца, што ён «повелел тиснути».

А ці былі іншыя варыянты, акрамя Прагі, у друкара? Магчыма, Скарына быў бы рады адкрыць першую друкарню на радзіме, аднак у ВКЛ не было падобнага вопыту. Іншая справа — Кракаў, у якім працавалі ўжо тры друкарні: Яна Галера, Каспера Хохфедзеру і Гераніма Віетора. Аднак Францыск планаваў друкаваць кірылічныя кнігі, якія наўрад ці з радасцю сустрэла б духавенства каталіцкага горада. Венецыя, Нюрнберг? Усе гарады маглі прэтэндаваць на месца пачатку ўсходнеславянскага кнігадрукавання. У Нюрнбергу друкавалі кнігі для Чэхіі і Польшчы, а ў Венецыі выраблялі шрыфты для чарнагорскай друкарні Джурджа Црноевіча. У вядомым італьянскім горадзе вучоны Альд Манцый, заснавальнік фіры Альдаў, друкаваў кнігі для Кракаўскага ўніверсітэта, у якім вучыўся студэнт Францыск з Полацка. Не адставала ад еўрапейскіх цэнтраў і Прага. У 1488 г. тут выйшла першая Біблія на чэшскай мове, а праз год другое выданне ў Кутнай Гары.

Вяртанне

У 1520—1521 гг. Францыск Скарына пакінуў Прагу і вярнуўся на радзіму — у Вялікае Княства Літоўскае. Навошта было з’язджаць з Прагі, дзе справы ішлі так добра? Зараз мы зноў ступаем на глебу гіпотэз.

Магчыма, беларускі друкар хацеў быць бліжэй да «паспалітага люду» ВКЛ, для якога друкаваў свае кнігі. Альбо страшная чума, што абрынулася на Прагу ў 1520 г., прагнала Скарыну з Чэхіі. А, можа, віленскія і полацкія мецэнаты патрабавалі яго вярнуцца на радзіму?

Па прыездзе Скарына спыніўся ў доме «почтивого мужа Якуба Бабича, наистаршего бурмистра славнаго и великаго места виленскаго». У доме бурмістра ён заснаваў і новую друкарню, дзе пачаў працу над наступным выданнем — «Малой падарожнай кніжкай». Дарэчы, інфармацыю аб месцы размяшчэння новай друкарні паведаміў сам першадрукар на адной са старонак «Апостала». Паралельна з выдавецкай дзейнасцю Скарына ўладкаваўся на службу сакратаром да віленскага біскупа Яна.

У 1522 годзе ў Вільні Скарына скончыў працу над «Малой падарожнай кніжкай» — першым друкаваным выданнем на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. А праз тры гады надрукаваў «Апостала», які ўключае «Дзеі апосталаў», «Саборныя пасланні» і «Пасланні Апостала Паўла».

Вільня прынесла Скарыне не толькі новыя здзяйсненні, але і новае каханне — «полымя незнішчальнае, як самая стыхія жыцця». Так паэтычна апісаў шлюб Францыска з Маргарытай беларускі пісьменнік Алег Лойка, хоць крыніцы больш скупыя ў эпітэтах да гэтай пары. Звесткі, якія мы маем, адносяцца да маёмасных спрэчак паміж Маргарытай і Мікалаем, сынам Багдана Чупрына, і Марцінам Субочавічам.

Жыццё ў дарозе

Калі б Францыск Скарына жыў сёння, яго б назвалі «заўзятым вандроўнікам». Мы пазнаёміліся ўжо з візітамі ў Кракаў і Падую, Капенгаген і Прагу. Аднак на гэтым падарожжы першадрукара не спыніліся. Ледзь абараніўшы маёмасць жонкі, Францыск вымушаны быў адправіцца ў Познань, дзе памёр яго старэйшы брат Іван.

Пасля спраў у Познані можна адпачыць? Наўрад ці Скарына паспеў перавесці дух, як адправіўся ў Кёнінгсберг. Г. Галенчанка мяркуе, што Скарына накіраваўся ў Прусію, каб ліквідаваць наступствы чумы, а вядомы чэшскі даследчык А. Флароўскі зазначаў, што палачанін прыехаў, каб наладзіць пратэстанцкае кнігадрукаванне.

Забыліся на падарожжа ў Маскву?

Паважанаму чытачу не трэба хвалявацца: мы памятаем гіпотэзу пра наведванне першадрукаром Масквы. Аднак устрымаліся ад храналагічнага ўключэння гэтага эпізода ў біяграфію з прычыны беднай базы першакрыніц. Іншыя эпізоды, вядома, таксама не маюць падрабязнасцей, але гіпотэза пра наведванне Масквы яшчэ больш хісткая. Адзіная крыніца, якая дазваляе меркаваць, што Скарына наведваў Маскву, адносіцца да 1552 г. Гэты дакумент — інструкцыя пасланцу Воецеху Крыскаму да папы Юлія ΙΙ.

Ці заснаваў сад у Градчанах?

Каля 1536 — 1537 гг. друкар пакідае Вільню і вяртаецца ў Прагу. З другім пражскім перыядам даследчыкі звязваюць дзейнасць Скарыны ў якасці садоўніка ў Градчанах, дзе ён павінен быў закласці адзін з першых батанічных садоў у Еўропе. У крыніцах згадваецца «італьянскі садоўнік Францішак», які ўдзельнічаў у закладцы парку, а пазней, у пасмяротнай грамаце караля Фердынанда, Скарына названы як «наш садоўнік». Я. Неміроўскі спрабаваў растлумачыць азначэнне «італьянскі садоўнік» падуанскай адукацыяй друкара, аднак версія спрэчная.

Калі памёр Францыск Скарына?

 Чытач, які звернецца да электроннай энцыклапедыі «Вікіпедыя», знойдзе на гэтае пытанне неадназначны адказ — каля 1551 года. Але калі вырашыце пашукаць адказ у Вялікай савецкай энцыклапедыі, то сустрэнеце дату «да 1541 года».

Хто ж мае рацыю? Датаванне смерці Скарыны грунтуецца на дзвюх крыніцах: хроніцы Вацлава Гаека і грамаце Фердынанда ад 1552 г. У першай храніст распавядае пра пажар у Празе ў 1541 г., у якім загінуў падлетак Францішак «сын негды доктора Руса». Прыхільнікі ранняга датавання лічаць, што «доктор Рус» з чэшскай хронікі — гэта менавіта Францыск Скарына. Падаючы малаверагодным той факт, што ў Празе ў той час знаходзіўся яшчэ адзін «рускі» доктар.

Другая версія грунтуецца на акце Фердынанда, у якім ён дазваляе сыну Сімяону прыняць маёмасць бацькі. Таксама ў гэты час прэтэнзіі на маёмасць Скарыны прад’яўляюць віленскія купцы і члены магістрата. Прыхільнікі гэтай гіпотэзы мяркуюць, што акт быў выдадзены неўзабаве пасля смерці друкара.

* * *

Пра доктара Францыска Скарыну са слаўнага горада Полацка захавалася не так і шмат дакладных сведчанняў. Мо дачакаемся яшчэ неверагодных сенсацый?

Дзяніс ПАРХАЦ

Каментары

Очень понравилась статья.Молодец.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.