Вы тут

Свята ад «А» да «Я»


Верасень абуджае ВЕДЫ. Не толькі таму, што дзеці зноў сядаюць за парты і выводзяць на школьных дошках сказы пра маму і мір. І пра Радзіму, імя якой западае ў душу разам з імёнамі самых блізкіх і любімых з маленства і застаецца з табой на ўсё жыццё...


Любіць яе лёгка, асабліва калі больш даведваешся пра шлях краіны — з самых першых крокаў па гэтай зямлі нашых продкаў, з першых літар, якія былі прысвечаны ёй і якія складаліся ў кнігі адданымі рупліўцамі. Ці не яны адкрылі гэтае вечнае кола: словам вызначаць любоў да зямлі, са слоў даведвацца пра яе больш?

Так і атрымліваецца з тых часоў, калі ў краіне з’явілася традыцыя святкаваць Дзень беларускага пісьменства. Дзень, які дазваляе глыбей разумець Беларусь: вандроўнае свята (ці не дух няўрымслівага полацкага першадрукара штурхае і не дае спыняцца?) адкрывае цікавыя старонкі мінуўшчыны, услаўляючы асоб, якія складалі славу і гонар нашай зямлі, якія дзяліліся сілай асветы з іншымі. Пры нябачнай прысутнасці асобы мы агледзім цяперашні Полацк: чаго яшчэ не ведаем пра горад?

 І ў наш час сіла ведаў у многім залежыць ад асоб. Тых, якія вывучаюць і шукаюць, даследуюць і аналізуюць, абгрунтоўваюць і спасцігаюць законы і таямніцы прыроды ды чалавечага жыцця. І тых, якія пішуць і выдаюць кнігі. І ад асоб, якія кіруюць гэтымі працэсамі і ведаюць усе асаблівасці сённяшняй справы пашырэння друкаванага слова. «Што гэта за асаблівасці?» — з такім пытаннем мы звярнуліся да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч.

— Чым гэты дзень вылучаецца з шэрагу іншых дзяржаўных свят?

— Найперш імкненнем ісці да людзей. Ці не гэта адна з традыцый, закладзеных нашымі асветнікамі? Свята істотна пашырыла свае межы. Яно праводзіцца не толькі ў сталіцы, вялікіх гарадах, дзе адбываюцца асноўныя мерапрыемствы. Мы пачыналі з Полацка, праехалі Оршу, Тураў, Камянец, Шклоў, Шчучын, Рагачоў… Гарадоў было шмат і гэта не толькі буйныя цэнтры. Але ўсюды жывуць людзі, і яны адчулі ўзрушэнне, імкнуліся стаць сведкамі самых розных мерапрыемстваў. Акрамя таго, сустрэчы з літаратарамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры адбываюцца па ўсёй краіне ў рамках падрыхтоўкі да свята пісьменства. Мэта іх, як і іншых культурных акцый, — далучаць людзей да духоўных каранёў, спрыяць усведамленню сябе сапраўднымі грамадзянамі Беларусі. У Полацка тут асаблівая роля. Гістарычная сталіца прымае свята не першы раз. Але ў гэты горад можна прыязджаць шмат разоў і кожны раз рабіць для сябе нейкае культурнае адкрыццё ці з мінуўшчыны, ці ў сучаснай культуры.

Сёлета, здаецца, узрушэнне ад чаканай сустрэчы ў Полацку пачало адчувацца яшчэ на ўзроўні падрыхтоўкі. Нічога дзіўнага: гораду над Дзвіной спаўняецца 1155 гадоў. Гэта сапраўды святы горад. Тут жылі святыя, падобныя асветніцы Ефрасінні, тут калыска нашай дзяржаўнасці, пра што павінен засведчыць памятны знак, які адкрыем у святочныя дні. Гэта важна не толькі для таго, каб падкрэсліць асаблівы статус Полацка, а наогул для ўсёй нашай сучаснай дзяржавы, якая не ўзнікла на пустым месцы ў адно імгненне, а стала вынікам доўгага шляху, што прайшоў народ, вынікам пакут і ахвяр лепшых яго прадстаўнікоў. Вынікам мар і малітваў тых, хто хацеў бачыць свой край у гармоніі з Сусветам, — гэта і ў наш час робяць падзвіжніцы і насельнікі Полацкага Свята-Ефрасіннеўскага манастыра, які застаецца магутным духоўным цэнтрам не толькі горада і вобласці, але і Беларусі. Бессмяротная Душа нашай нябеснай апякункі Ефрасінні ўзрадуецца ад гукаў малебнаў і вітанняў ад удзельнікаў асаблівай духоўнай місіі «Дарога да Святыняў», што рушыць у Полацк у гэтыя дні: асветніца сама паказала прыклад духоўнага падарожжа. У нейкім сэнсе Дзень пісьменства — такое ж духоўнае падарожжа, толькі па Беларусі.

Гэтае свята ў шэрагу іншых займае асаблівае месца, бо яно аб’ядноўвае ўсіх, хто неабыякавы да роднага слова і разумее яго сілу. Яно мае на мэце прапаганду духоўных здабыткаў нашага народа, найперш мовы і айчыннай літаратуры. Насуперак скептыкам свята стала для многіх любімым.

Для беларусаў слова, веды, пісьменства, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі невычэрпнай крыніцай жыццёвага аптымізму. Добрае, жывое слова ў цяжкай сітуацыі чалавека падтрымае і выйсце з розных сітуацый падкажа, ці не так? Нашы продкі ведалі каштоўнасць слова. Нездарма Беларусь дала свету многіх выдатных асветнікаў, літаратараў і навукоўцаў. Многія з іх, дарэчы, зрабілі ўклад у культуру і навуку іншых народаў і лічацца там сваімі выдатнымі дзеячамі.

 — Ці не гэтым тлумачыцца цікавасць замежнікаў да беларускага свята?

— Сапраўды, да нас у гэтыя дні прыязджаюць дэлегацыі з іншых краін, замежныя дыпламаты, якія працуюць у Беларусі. Сёлета ў Полацку збярэцца шмат замежных гасцей. Чакаем пісьменнікаў, журналістаў, прадстаўнікоў братніх славянскіх краін — Расіі, Украіны, Славакіі. Для суседзяў з Літвы і Польшчы гэтае свята зразумелае: гісторыя нашай пісьмовай культуры развівалася адначасова. Іх прысутнасць на круглым стале «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы» ў рамках міжнароднага праекта «Сугучча» будзе для нас гонарам. Але будуць і госці з больш далёкіх краін, якія імкнуцца нас лепш зразумець праз гісторыю і сучасную літаратуру. Чакаем супрацоўнікаў міжнародных структур, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Наша свята ім цікавае таму, што асаблівае па духу.

— Замежныя госці могуць адчуць гэты дух. А ці могуць яны адчуць смак беларускага слова? Яго цеплыню, мяккасць і пявучасць...

— Ёсць рэчы, якія не трэба тлумачыць. Усе разумеюць, што значыць кніга, што значыць газета ці часопіс. Але падкрэсліваецца іх значнасць для Беларусі. Мы разам з выдавецтвамі, рэдакцыямі газет і часопісаў, паліграфічнымі прадпрыемствамі імкнёмся як мага больш шырока прадставіць беларускую кнігу і прэсу. Пры гэтым у людзей ёсць магчымасць непасрэднай шчырай гутаркі з выдаўцамі, пісьменнікамі і журналістамі падчас «Фестывалю кнігі і прэсы». Галоўны герой сёлета — безумоўна, кніга. Асаблівая кніга. Таму амаль усе нашы выдавецтвы сёлета падрыхтавалі кнігі, прысвечаныя Францыску Скарыну, — і яны вельмі разнастайныя, для любых узростаў і запытаў. І зроблены гэтыя кнігі часта пры далучэнні і ў супрацоўніцтве з партнёрамі ў замежных краінах.

Да чытача выйдуць не толькі выдаўцы, але і вядучыя айчынныя СМІ, у тым ліку нашы літаратурна-мастацкія выданні. Будзе прадстаўлена прэса Віцебскага рэгіёна, асобная пляцоўка — для 100-гадовага юбіляра, газеты «Полацкі веснік». Гэты фестываль заўсёды цікавы, а тут яшчэ ў людзей ёсць магчымасць паразмаўляць з любімым аўтарам, якога ведаюць па подпісе ў газеце, ці прынесці дамоў на памяць аўтограф знакамітага пісьменніка.

— Непакоіць, што сёння жыхары Беларусі лепш ведаюць імёны замежных папулярных аўтараў, чым сваіх пісьменнікаў.

— Аднак гэтую сітуацыю мы імкнёмся мяняць. Найперш спадзяванне на Нацыянальную літаратурную прэмію, якая была заснавана дзяржавай для таго, каб падкрэсліць: у Беларусі ёсць вартыя творы і добрыя пісьменнікі. За два папярэднія гады гэты конкурс умацаваўся, узняўся ўзровень удзельнікаў у тым ліку з-за большай канкурэнцыі ў канкрэтных намінацыях. Дзеля чаго, уласна, ён і быў задуманы ў такім фармаце: з экспертамі і патрабавальным журы, якое адзначае лепшыя творы і кнігі, актуальныя сёння. Але самае галоўнае, чаму трэба цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай і сачыць за навінкамі: як у люстэрку ў іх адбіваецца вобраз грамадства ці проста асобнага чалавека, які жыве, адчувае, думае і шукае адказы ў цяперашнім часе. Таму лёс Нацыянальнай літаратурнай прэміі вызначаецца ў залежнасці ад таго, што актуальна для нашай краіны. Сёлета і ў экспертнай камісіі, і ў журы было шмат работы, лепшых назавуць падчас свята ў Полацку.

Прэмія задумана для таго, каб падкрэсліць аўтарытэт пісьменніцкай і наогул інтэлектуальнай працы: яна насамрэч у нас запатрабаваная. У Беларусі не змяншаюцца колькасныя паказчыкі па найменнях кніг (штогод выдаецца каля 11 тысяч). Так, усё ж ёсць над чым працаваць: хацелася б большых тыражоў кніг, але эканамічна абгрунтаваных. Хацелася б, каб усе нашы кнігі прадаваліся і прыходзілі да людзей. Таму думаем і пра тое, як выхаваць удумлівага чытача, і пра тое, як яго шукаць. Пры ўсіх магчымасцях інтэрнэт-тэхналогій яны пакуль не змаглі цалкам замяніць кнігарні. Сучасная крама не проста прадае кнігі, а дае магчымасць з ёю спачатку пазнаёміцца, уцягнуцца. Пра гэта ў аргкамітэце свята падумалі загадзя: сярод адноўленых у Полацку аб’ектаў (а іх каля 350, значна больш, чым планавалася першапачаткова) — кніжная крама, дзе прадуманы нават дзіцячы куточак.

Бо галоўны клопат — выхоўваць чытачамі дзяцей. З ініцыятывы нашага міністэрства праходзіць акцыя «Лета з добрай кнігай». Падчас летніх канікул пісьменнікі і выдаўцы выязджаюць на месцы, дзе адпачываюць дзеці, знаёмяць юных чытачоў з цікавымі кнігамі. Але іх уражвае сама магчымасць убачыць пісьменніка ў рэальным жыцці. На папулярызацыю кніг айчынных аўтараў скіравана акцыя «Сямейнае чытанне», таму што бацькі — лепшы прыклад для дзіцяці. Ды і тое, якую краіну яны пакінуць сваім нашчадкам у спадчыну, не ў малой ступені залежыць ад таго, якія кнігі трымаюць у руках. За кнігамі — імёны нашых пісьменнікаў, у тым ліку класікаў.

— Каб людзі не забывалі іх слова, ладзіцца конкурс чытальнікаў «Жывая класіка»?

— Так, ды яшчэ дзеля таго, каб праз класікаў лепш адчувалася сувязь пакаленяў, таму што ёсць творы, якія чытаюць дзеці сёння, але тое ж чыталі іх бацькі ці дзядулі з бабулямі. У кожнага пакалення ёсць сваё адчуванне твораў тых жа юбіляраў Янкі Купалы і Якуба Коласа. З розных адчуванняў складваецца агульнае разуменне значнасці гэтых паэтаў для ўсяго народа, ды і наогул значнасці кнігі. Сёлета ўпершыню пройдзе ўжо ў рэспубліканскім статусе конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка». Дзеці з усёй краіны прыедуць у Полацк чытаць творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Ведаючы, з якой адказнасцю ўдзельнікі рыхтаваліся ды праходзілі папярэднія этапы, разумею: яны чулыя да беларускага слова. Ці не падстава для аптымізму?

Сёлета так супала, што святочныя імпрэзы пачынаюцца якраз у Дзень ведаў. У тым ліку пройдзе маладзёжны форум, прысвечаны Скарыну. Радасна, што наша моладзь нясе творчы патэнцыял, які дае надзею на развіццё беларускай літаратуры наступнымі пакаленнямі. На пачатку гэтага года ўпершыню назвалі імёны пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет», арганізаванага Міністэрствам інфармацыі. Адметна, што ўзнагародай стала выданне калектыўнага зборніка пераможцаў у «Мастацкай літаратуры». Тых, хто хацеў паўдзельнічаць, аказалася нямала — больш за 150 чалавек. Гэта таксама сведчыць пра тое, што друкаваная кніга — па-ранейшаму дарагі і шыкоўны падарунак, у тым ліку для аўтараў, чые імёны ў ёй ёсць. Упісаць сваё імя ў інтэрнэт-прастору сёння даволі проста, моладзь наогул умела карыстаецца сацыяльнымі сеткамі для прасоўвання. Але гэта не значыць упісаць сваё імя ў гісторыю. А ўсё так жа прэстыжна — быць надрукаваным у кнізе. Чаму? Гэтая тэхналогія, што прынёс нам Францыск Скарына, яшчэ не вычарпала свой рэсурс. І, магчыма, ніколі не вычарпае цалкам: цяпер адкрываюцца новыя яе значэнні і вартасці. Тым відавочней становіцца каштоўнасць — яна не ў рарытэтнасці, якую хочацца дэманстраваць на свята. Яна прывабная сваёй важкай, часам цяжкай (затое адчувальнай) рэалістычнасцю. У свеце, дзе шмат што ілюзорнае і нібыта існуе, а таму лёгка сыходзіць у нябыт, насамрэч застаецца месца для творчага подзвігу стваральнікаў кніг. Яны і друкары, і літаратары, і мастакі адначасова, таму што імкнуцца зрабіць прыгожа і якасна. Усё ў лепшых традыцыях доктара Скарыны, які ведаў толк у інавацыях на стагоддзі, але карыстаўся імі не для сябе асабіста, а меў мэту — палепшыць жыццё сваіх землякоў, даўшы глебу для роздуму.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?