Вы тут

Час прыйдзе


...Вольга Мікалаеўна выйшла з аўтобуса і як не ап'янела ад водару кветак: чырвоныя, белыя, жоўтыя, ружовыя — яны ўпрыгожвалі ўсё мястэчка.


І да школы тут вяла алея з роўных дубкоў. Прыгажосць! Не тое, што ў горадзе...

Дырэктар Аляксандр Іванавіч, прыгожы малады мужчына ў белай кашулі, новую настаўніцу сустрэў прыязна, паказаў нешматлікія, але вельмі дагледжаныя кабінеты, спытаў:

— А чаму ж гэта з горада і раптам сюды? Тут і школа неперспектыўная, і дабірацца вам будзе цяжка.

— Ды так, розныя прычыны, — уздыхнула Вольга Мікалаеўна.

Дырэктар далікатна прамаўчаў.

Пачаліся звычайныя школьныя будні. Сярод тых класаў, дзе выкладала «гарадская настаўніца», быў восьмы, і за першай партай там сядзеў Вадзім, якога дзеці не без падстаў называлі Вадзякам-задавакам. Па тым, як паводзіў сябе гэты хлапчук, няцяжка было здагадацца, чый ён сын: прозвішча ды «паходжанне» дазвалялі яму перабіваць, не паважаць нават настаўнікаў, што ўжо казаць пра вучняў. Неяк Вольга Мікалаеўна паспрабавала была перасадзіць яго з першай парты за іншую — да адной ціхмянай дзяўчынкі. І не рада потым была.

— Я сын дырэктара! — закрычаў Вадзім, — Я не буду сядзець з дачкой прыбіральшчыцы...

І вось новае выпрабаванне: у васьмікласнікаў — кантрольны пераказ. Клас сцішыўся, як мыш пад венікам, сядзіць нават Вадзім. З пісьмовымі работамі ён не дужа сябруе, бо тут не языком трэба мянціць, а правілы ведаць...

Але ж вось празвінеў званок, і сынка нібы ветрам садзьмула: выскачыў у калідор, пабег у кабінет да бацькі.

Выйшаў адтуль задаволены, бо тата сваім прыгожым настаўніцкім почыркам (Вольга Мікалаеўна ўбачыла) выправіў усе ягоныя памылкі.

Не ўтрымалася: на перапынку пастукала ў дзверы кабінета. Спытала:

— Аляксандр Іванавіч, навошта вы гэтак робіце? Гэта ж падман... Дзеці ў класе ўсё разумеюць...

«Дзяжурны», ветлівы выраз твару дырэктара тут жа змяніўся на калючы і непрывабны.

— Вольга Мікалаеўна, — строга прамовіў ён. — Вы сваіх дзяцей не маеце, дык не трэба чапляцца да чужых. З маім сынам ёсць каму разбірацца, а вы... Усё справядлівасці шукаеце? Думаеце, я не ведаю, за што ў вёску вас «выслалі»? Глядзіце, а то зусім без працы будзеце.

Настаўніца выбегла з кабінета.

У калідоры яе сустрэла завуч.

— Супакойцеся, — сказала ціха. — Жыццё такое: яно ўсё расставіць на месцы. Вадзім калі-небудзь атрымае сваё. І Аляксандр Іванавіч яшчэ паплача з-за такога сынка... Усяму свой час. А зараз — давайце ў сталоўку. Трэба жыць і працаваць — па магчымасці, не звяртаючы ўвагі на такіх вось бацькоў і дзяцей.

Вера Ф., г. Камянец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».