Вы тут

Птушкі Леанарда, альбо Яблыкі з вілейскага саду


Інтэрферэнцыя святла

Міхал Казінец.

Праца скончана, засталіся дэталі. Твор — завершаны. Майстар — зняможаны. Майстар перайшоў у твор, саступіўшы месца спустошанасці і выснажанасці. Цяпер можна «пайсці ў народ».

Леанарда выбіраў вузкія вулкі. Мінаў сцены ў мяккай зеляніне і каліткі з мармуровымі скульптурамі: асаблівае італьянскае спалучэнне — далікатны тон лістоты і зменлівы тон мармуру.

На маленькіх плошчах прыпыняўся. Глядзеў на неба. «Цэлай вярстой тут чалавек бліжэй да боскага», — пазней заўважыць М. Гогаль. Сёння можна на кірмаш. Там суцэльны гандаль і вір зямных эмоцый. Усё для ўсіх. Створанае шчасце засталося ў майстэрні. Не прадаецца. Немагчыма прадаць водар, смак чысціні, усмешку Анёла…

Натоўп майстра не заўважае. Вызваленая ад творчых пакут душа лунае над разняволеным выкананай работай целам. Іх натоўп не бачыць. Дні паглыбленай работы ствараюць у майстэрні густы, нібы сёлетні мёд, эфір. Тугая празрыстая плазма ахутвае майстра і выходзіць з майстэрні стражнікам — хопіць на ўсё дзённае падарожжа. Леанарда ведае гэта. Ён прастуе на кірмаш.

Звычка хадзіць на кірмаш узнікла ў юнацтве, калі быў прыняты, у якасці выключэння, у мастацкую гільдыю Фларэнцыі. Ліпкае ніціва вулічнага павуціння, сплеценага з пярэстага адзення, чаравікаў, позіркаў і воклічаў, праплывае міма. Размаітасць пахаў і колераў плыве паўз яго, не кранаючы яго. Стракатая, бруістая шматлюднасць пакорліва абмінае апранутую ў стому, ахутаную спакоем адзіноту. «Анёлу дзе зямному фарбы ўзяць, каб прыгажосць уславіць незямную? Павінен ён з майстэрні выйсці, пазычыць з неба, ці на небе пабываць…» (Дж. Марына).

Ён ішоў туды, дзе прадавалі птушак. Дзе стракаталі і трывожыліся ў клетках даверлівыя шчыглы, пяшчотнагалосыя турчыкі, зімародкі, шулячкі, крыжанкі, чыркі, а таксама і прокны-ластавачкі, філамены-салаўі і тэрэіўдоды. Леанарда ўсміхаецца.

З птушкамі можна размаўляць. Яны прадкажуць надвор’е. Абвесцяць новы дзень. З вышыні Сусветнага дрэва прынясуць вестку. Навошта ж іх саджаць за краты? У іх ёсць свае аб’екты мастацтва — звітыя гнёзды. Нашто клеткі?

Леанарда купляў птушак разам з клеткамі. Нёс абярэмкам. Птушкі пырхалі, біліся крыламі, сакаталі. Прыносіў на падворак майстэрні. Расстаўляў на каменным насціле і… адчыняў дзверцы клетак. Птушкі выпырхвалі з клетак, кружлялі над майстрам і разляталіся. «Італія, у скрусе будзь са мной аб тым, што лёс зычлівым стаў да тых, чые пачуцці сёння зніжаны і мова бедная дашчэнту…» Выцінаўся новы мадрыгал. Не забыцца каб! Перавесці ў пальцы. Лютня запомніць надзейней.

Добраахвотнае пустэльніцтва. «Асізская» аскеза. Дазволеная асалода.

Сонца замаруджвае ход. Даўгія цені парушаюць законы геаметрыі. Птушыны вырай высока. У клетках пуста. У сэрцы адхланне.

Леанарда да Вінчы. Вітрувіянскі чалавек.

Інтэрферэнцыя гуку

Адкрыць свету новы твор, як расчыніць замкнёныя дзверы. Галлё будзёнасці расхінуць, рассунуць. Падняць заслону. Дазволіць непраяўленаму быць.

Пераняць на свае рукі толькі што народжанае стварэнне, спавіць, пусціць у жыццё…

Быць першым. Здабываць свежы жар таленавітага памкнення і знаходзіць яму зямны прытулак. Месцам прыцягнення рабіць сваю зямлю. Прывілеяй майстра даваць дарогу новаму — узбагачаць абшары і ўпрыгожваць жыццё. Напярэсцігі ўсяму не даць дажджам прытрымаць сяўбу. Прамінаць завулкі і набліжаць далячынь. Рызыкаваць і адкрываць. Такім застацца ў гісторыі свайго народа.

Адчайны маэстра Міхал Казінец, нібы птушак з клеткі, выпускае ў свет новыя ідэі існавання аркестра, пераасэнсоўвае эстэтыку канцэртнага і сцэнічнага жыцця. Пазнака ў прафесійным асяроддзі — дырыжор, які не баіцца талентаў. Патрыярх-аркестр — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча — мае невычэрпны рэсурс: звяртаючыся да мінулага, стварае будучыню. Публіка чуе зварот. Спакушаецца вабным дыялогам. Адноўленае мінулае — яе наталенне. Публіка любіць адчайных. Доўгі шлейф эмацыянальных рэмінісцэнцый — яе падзяка: «…панёс ён людзям песень дар — агонь душы і сэрца жар, панёс пяснярскай каляінай…» (Якуб Колас).

Некалі «Вясну свяшчэную» І. Стравінскага першым рызыкнуў прадырыжыраваць П. Мантэ. Яго ледзь прыкметныя жэсты стваралі ўражанне ігры без дырыжора.

Музыка С. Пракоф’ева выконвалася К. Сараджавым тады, калі творы маладога кампазітара не маглі прынесці ні славы, ні поспеху, ні важкіх ганарараў.

Давід Ойстрах мог бы без намаганняў пражыць сваё артыстычнае жыццё, выконваючы пераважна канцэрты Бетховена, Мендэльсона, Брамса. Але звышпачуццёвая чуйнасць пераменлівасці і хуткаплыннасці жыцця дазволіла Ойстраху гэтае жыццё ўзбагачаць новымі музычнымі адкрыццямі — першае выкананне скрыпічных канцэртаў А. Хачатурана і Б. Дварыёнаса (і многіх іншых) належыць яму. Сёння свет гучыць гэтай музыкай.

Звышкатэгарычны Б. Хайкін, прадчуваючы катастрофу оперы «Повесть о настоящем человеке» (з оперы здзекваліся самавітыя прафесары-тэарэтыкі задоўга да прэм’ернага канцэртнага выканання: «В учебник гармонии вносится новое правило: неразрешённая малая секунда требует разрешения репертуарной комиссии»), не здрадзіў аўтару і супрацьстаяў агульнаму вердыкту: «Сяргей Сяргеевіч, гэта опера няўдалая і сцэнічнаму ўвасабленню не падлягае…»

У Літве першаадкрывальнікам новай сучаснай айчыннай музыкі быў Б. Дварыёнас — дырыжор, які першым узяў на сябе адказнасць за лёс нацыянальнай музычнай культуры, дырыжор, які ўзяў сабе за абавязак кожную канцэртную праграму аздабляць творам нацыянальнага кампазітара. Сёння ўсе (усе!) літоўскія выканаўцы, на якой бы сцэне свету яны ні апынуліся, выконваюць музыку сваіх кампазітараў. Яе чуе свет. І яна жыве.

На ніве беларускага музычнага мастацтва ў падобных варунках аказваўся хіба што Міхал Казінец. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча за доўгую і няпростую гісторыю свайго існавання выйшаў на новыя віражы музычнага прыцягнення. Айчынная акадэмічная сцэна набыла новае ўвасабленне маштабных, высокага зместу і рызыкі, нечуваных па размаху творчай думкі і здзяйснення твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка.

Самаадданасці тут больш, чым належыць быць у звычайным чалавеку. Адказнасці галоўнага дырыжора аркестра — таксама. Неадольнае і вельмі рамантычнае імкненне адкрываць нязведанае, сторч галавою абараняць непраяўленае, невядомае без гарантый на перамогу, на здзяйсненне, на падтрымку, на памагатых. Гэта як карта. Як місія. Найвышэйшае наканаванне. Выбіраеш не ты. Выбіраюць цябе: «…і ў тых учынках сам нявольны, бо над усім стаіць закон…»

Так пачынае займацца на дзень…

 

Крамяны яблык

Разгоністая хада. У сціснутым кулаку — яблык. І ўзімку, і ўлетку. Крамяны, вілейскі яблык з дзедаўскага саду.

Залатым паскам нястомных світанкаў свеціць родны Анёл. Яго досвіткі нараджаюць птушыны спеў дзённай радасці. Каму медытацыяй — чорныя пацеркі, яму — крамяны яблык колеру вішні. Супраціўленне пругкай яблынавай скуркі вызваляе з-пад сябе сакавітыя кіславатыя пырскі. Мароз сціскае пырскі і ўзмацняе пах. Яблыкі радзімы. Не проста смачныя. З адмысловым водарам лета. Там жыве дзяцінства.

Крамяны яблык — алюзія лёсу Міхала Казінца. Нясхібнасць. Трывушчасць. Надзейнасць. Моц — з сябе. Моц — з зямлі: « …зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць…» Магутная знітаванасць са сваёй Вілейшчынай — пераплеценыя карэнні дрэў, пераплеценыя пруты кошыкаў, звітае птушынае гняздо.

Сумленне нам дыктуе намаганне. «Сумленне нам дыктуе намаганне...» — пачатак верша-канцанеты? Усміхаецца. «Грай, дударыку, грай, а ты, муха, выцінай!» — любімы Якуб Колас у галаве. Акцэнтыпрысвісты на прадапошнім гуку — пульс, рытм вышэйшага гатунку! «Сумленне нам дыктуе намаганне». Сумленне — бязлітасны наглядчык. Ніхто не асудзіць і не ўхваліць. Не паўшчувае за нядбайнасць, не парадуецца за ўдачу. Няма каму. Ты — самотны Сізіф-мастак.

Разгоністую хаду і рытмічны спеў падхопіць разгоністая хваля незлічоных дзён, вецер невядомага выпхне на шлях, асветлены безліччу падзей. На разгоністым палатне выпрабаванняў пазначыцца лёс — крамяны, як той вілейскі яблык.

* * *

 Публіка на яго канцэртах спявае.

Зачараваная аркестрам, салістамі, публіка не можа стрымаць радасці дачынення да забытага, страчанага хараства. «Тут зямля такая», — узгадвае душа.

Незабыўная магія яднання. Зачараваны дырыжор. Зачараваны аркестр. Зачараваная дырыжорская палачка, спыненая ў паветры.

Цёплы, чысцюткі харавы ўнісон, набыўшы тонкую матэрыяльнасць, узнімаецца над залай і, пругка-гнутка выгінаючы сваё лёгкае цела, сягае ў вышыню. Абдымае і ахінае кожнага прысутнага. Спявае ў тое імгненне ўсё. Спявае новае неба, шчабечуць манюшкаўскія ластаўкі, гудзяць крывіцкія руны і ліры, сверасцяць лапушыныя свісцёлкі, жалейкі, басуе караткевічаў Выліваха, спявае Дунін-Марцінкевіч з Камілай, Ясінскі з Каліноўскім, падцягвае Цётка, Уладзіслава Францаўна, Ларыса Геніюш, а за імі — Палессе, Прыдзвінне, Наваградчына, Надбужжа…

Цуд спыняе час. Пранікнёнае і зладжанае гучанне «хору глядзельнай залы» абарочваецца дзівам. На зло птушкаедам. Насуперак татальнаму засіллю чужароднага племя газманавых, кабзонаў, кіркоравых.

Людзі завіталі на канцэрт, а на хвіліну сталі народам. Беларуская інтэлігенцыя (бабулі яшчэ па вёсках) прадэманстравала не толькі веданне нацыянальнай паэзіі, але і зайздросную культуру спеваў, чыстых спеўных інтанацый на сваёй (сёння ў статусе элітарнай) мове. Акурат так, як у бабуль на вёсках.

Традыцыя — не толькі звыклае ці даўномінулае. Традыцыя — з’ява ў руху, пераплеценая са светапоглядам. Традыцыя — увасобленая сутнасць ментальнасці — актыўная ў знешніх праяўленнях і схаваная, нераскалыханая ў сваіх глыбінях.

Гэты паўнаплынны ўнісон можа здзівіць усе адукацыйныя і культурныя міністэрствы, якія адчайна, утрапёна, на працягу незлічоных гадоў імкнуцца ўзняць культуру да свайго разумення. Здзівіць і заклапочаных харавым «заняпадам» краіны. Бо што адраджае пратакольнае прымусовае выкананне «Летите, голуби, летите!»? Чыё птушаня там так горка плача?

Горад рыхтуецца да свята. Святочныя ўборы гараджан неўзабаве расквецяць вуліцы і плошчы. Стракатую бруістую шматлюднасць прыцягнуць гукі музыкі. Завершаны твор чакае адкрыцця. Праца скончана, засталіся дэталі. Птушкі гатовы да палёту. Анёлы, каб прыгажосць уславіць незямную, з майстэрні выйшлі, каб пазычыць неба ці на небе пабываць…

Плошча ў чаканні аб’яднацца і прыняць цуд. Прэм’ера пленэра. Новае гучанне вызваленай творчай энергіі — «Вянок» Максіма Багдановіча ў музыцы Уладзіміра Мулявіна. Завершаная сучаснасць становіцца гісторыяй, нараджаючы новы сэнс.

І можа так здарыцца, што 9 верасня 2017 года на гарадской плошчы сталіцы, у Верхнім горадзе перад Ратушай, з музыкай Уладзіміра Мулявіна і паэзіяй Максіма Багдановіча, з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І. Жыновіча і неверагоднымі салістамі спеўны цуд паўторыцца. Музыка Багдановічавай паэзіі ўзнімецца над старажытным месцам і, хто ведае, магчыма, каму-небудзь пашчасціць убачыць, як над плошчай, музыкай, аркестрам, дырыжорам стане на крыло, убярэцца сілай белае птаства, абдымаючы зямлю пад сабой.

Ларыса СІМАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.