Вы тут

Гісторыя з характарам


На перамогу ў намінацыі «Драматургія» сёлета прэтэндуюць два аўтары: прадстаўнік Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Васіль Ткачоў са зборам твораў «Характары» (Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі», 2016) і Зінаіда Дудзюк з кнігай п’ес «Францыск Скарына. Гістарычныя драмы» (Брэст, «Альтернатива», 2016), Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ.


Натуральна, у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання не сустрэць у намінацыі па драматургіі прысвечаны Францыску Скарыне твор было б немагчыма. Таму трэба аддаць належнае спадарыні Дудзюк, якая не спынілася на асноўнай тэме 2017 года: побач з асобай першадрукара («Скарына з Полацка») на старонках яе «Гістарычных драм» з’явіліся іншыя выбітныя дзеячы беларускай культуры. Так, у поле зроку трапілі Тадэвуш Касцюшка («Нарадзіўся я ліцвінам») і Мікола Гусоўскі («Мікола Гусоўскі»). Усе тры п’есы аб’яднаны патрыятызмам, невычэрпнай для літаратуры тэмай творцы і творчасці, а таксама зваротам да гістарычных падзей. Цікава, што ў «Драмах» адлюстроўваецца не толькі стан тагачаснай Беларусі (вядома, у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай), але і іншых краін свету — Германіі, Прусіі, ЗША і г.д., што можа адначасова стварыць дакладную выяву эпохі і аднавіць веды чытачоў па гісторыі. Героі п’ес, здаецца, жывуць аднолькавымі адчуваннямі, адрозная толькі знешняя абалонка жыццёвых рэалій. Гэта знаёмыя кожнай творчай асобе пакуты: сумненні ў плёне сваёй працы, амаль татальнае непаразуменне з грамадствам і ўладай. Галоўныя патрыёты збору, несумненна, Тадэвуш Касцюшка і Францыск Скарына.

У п’есе «Скарына з Полацка», акрамя постаці Асветніка, бачым Якуба Бабіча — вельмі разумнага і разважлівага чалавека, з вуснаў якога чуем каштоўныя думкі. Часам размовы Скарыны з Бабічам нагадваюць старонкі куртуазнага рамана — героі надзвычай красамоўныя ў выяўленні сваіх ідэй, што можа перашкодзіць сцэнічнаму ўспрыманню твора. Тое самае адчуваецца і ў размовах з жонкай друкара Маргарытай. Напрыклад, фраза, з якой Скарына звяртаецца да яе: «Вельмі прыемна, што такая прыгожая пані знаходзіць час думаць не толькі пра новыя сукенкі, але і пра кніжкі». Здаецца, такі дыялог хутчэй апелюе да нашых сучасніц, а не да жанчын ХVІ стагоддзя. Сярод п’ес збору вылучаецца «Мікола Гусоўскі». Адметнасць у тым, як напісаны гэты твор. Аўтар вырашыла прытрымлівацца вершаванага стылю і памеру «Песні пра зубра», арганічна далучаючы да ўласных радкоў вытрымкі з арыгінала: чытач быццам назірае нараджэнне знакамітай паэмы, бачыць Гусоўскага за працай і адразу ж знаёміцца з яе вынікамі. У іншым рэчышчы даследуюць патрыятызм п’есы «Падданыя кахання» і «Берасцейская мелодыя». «Падданыя кахання» — лібрэта оперы. Вядома, пра каханне: у цэнтры ўвагі апынулася сапсаванае вяселле князёўны Ганны Кобрынскай і князя Хведара Бельскага, які ўзяў удзел у змове супраць вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка. У «Берасцейскай мелодыі» падзеі максімальна набліжаны да нашага часу, бо закранаюць нязменна актуальную тэму Вялікай Айчыннай вайны.

У «Характары» ўвайшлі 12 двухактовых п’ес лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пісьменніка Васіля Ткачова. Некаторыя п’есы аўтара ўжо з’явіліся на сцэне («Без Ягора будзе гора», «Пераправа на Казанціп», «Жаночы вулей» ды іншыя). Кола праблем, якія ўзнімае В. Ткачоў, надзвычай шырокае. Гэта і аварыя на Чарнобыльскай АЭС («Усміхаўся месяц белай вішні»), і Вялікая Айчынная вайна («Дошкі»), і пасляваеннае жыццё («Стары і дарога»). Ракурс, з якога аўтар глядзіць на праблему, часам незвычайны: «Дошкі» асвятляюць ваенны час праз рамонт падлогі ў памяшканні сельсавета, дзе змесцяць штаб дывізіёна; «Стары і дарога» выбудоўвае дзеянне выключна паблізу дарогі — «сімвала жыцця, веры, надзеі і дабрыні». Апошняя п’еса збору «Страказа і мурашык, або Заблытаныя сцежкі» адрозніваецца ад папярэдніх, бо пазначаецца як «сучасная казка для школьнікаў, студэнтаў і ўсіх дарослых у дзвюх дзеях». Гэта — сатыра ў чыстым выглядзе, але сумніўна, ці варта даваць яе школьнікам. Нягледзячы на ярка акрэсленую мараль казкі, некаторыя паводзіны Страказы могуць засмуціць іх бацькоў: пакуль працавіты Мурашык будуе сціплую хатку, нафарбаваная Старказа едзе за мяжу з багатым Жуком, дзе няўдала пачынае кар’еру танцоўшчыцы шоу-балета ў начным клубе…

Назва збору «Характары» пасуе яго зместу: у цэнтры кожнай п’есы знаходзіцца пэўны характар, герой, які прыцягвае да сябе ўвагу чытачоў. Здаецца, найбольш яркі прыклад моцнага характару ўвасобіўся ў п’есе «Усміхаўся месяц белай вішні»: пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС стары дзед Ігнат не з’язджае з роднай хаты на новае месца, а, як калісьці ў вайну, са стрэльбай у руках абараняе людзей ад новай пошасці — радыяцыі, якая можа прасачыцца далёка за межы небяспечнай зоны з-за эгаізму і сквапнасці марадзёраў, што прадаюць у гарады сабраныя ў пакінутых вёсках прадукты.

Такім чынам, на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне драматургіі вылучаны зборы п’ес, што маюць свае вартасці і недахопы. На жаль, канкурэнцыя гэтым разам у намінацыі невялікая: мабыць, папулярнасць драматургіі ўзрасце ў наступным годзе?

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.