Вы тут

У чым смак яблыкаў?


У намінацыі «Дэбют» на атрыманне прэміі прэтэндуе пяць кніг. Сярод іх два зборнікі духоўнай паэзіі: «Путь в небеса» Марыны Пашук (Наследнікавай) і «Тернистый путь» Кацярыны Стройлавай. Малітоўная ўзнёсласць, замілаванасць Божымі цудамі, удзячнасць Богу за магчымасць сагрэцца ля яго дабрадаці — натуральны стан душы для абедзвюх аўтарак, якія ў вучэбнай і прафесійнай сферы непасрэдна далучаны да рэлігійнай дзейнасці. Марына Пашук — выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працуе ў выдавецтве Свята-Елісавецінскага манастыра. Кацярына Стройлава — студэнтка Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Белдзяржуніверсітэта. Такім чынам, штодзённае жыццё паэтэс прасякнута адчуваннем набліжанасці да Бога, што яскрава адлюстроўваецца ў іх вершах.


Творы Марыны Пашук асветлены ціхай радасцю, якая пануе ў душы вернікаў падчас малітвы ці набажэнства. Творы, прадстаўленыя ў зборніку, адрозніваюцца па тэматыцы: побач з рэлігійнымі вершамі тут ёсць роздумы пра каханне, успаміны дзяцінства, прысвячэнні блізкім людзям. Але ўсе яны аб’яднаны адным настроем — адухоўленасць, лагоднасць, чысціня думак:

Золотые пылинки от лунного света…

Серебристых деревьев шепот молитвословный…

Верю, счастье — узреть и почувствовать это

И наполнится радостью — тихой, безмолвной…

Вершы Кацярыны Стройлавай больш драматычныя і экспрэсіўныя. Паэтэса звяртаецца да ключавых падзей Святога Пісання: супрацьстаянне Люцыфера Богу, выгнанне людзей з раю, ратаванне немаўляці Майсея, нараджэнне Ісуса Хрыста, здрада Іуды... Аўтар усхвалявана згадвае гэтыя эпізоды: духоўны стан рэлігійнага чалавека — гэта не толькі радаснае суладдзе, але і захапленне, смутак, спачуванне. Кніга «Тернистый путь» — магчымасць узнавіць пачуцці, якія пануюць у душы вернікаў падчас малітвы, чытання рэлігійнай літаратуры, разваг пра ўласную душу:

Я хочу написать еще несколько строк,

Чтоб прославить Всевышнего Бога,

Чтоб читатель почувствовать мог,

Как прекрасна Христова дорога.

Так фармулюе сваю творчую канцэпцыю Кацярына Стройлава.

На прэмію таксама прэтэндуюць дзве кнігі з цудоўнымі жнівеньскімі назвамі: «Яблыкі» Маргарыты Латышкевіч і «Водар белага наліву» Кацярыны Роўды. Кніга Кацярыны Роўды, як і два папярэднія паэтычныя зборнікі, пабачыла свет у серыі «Мінскія маладыя галасы» Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі. У вершах гэтай паэтэсы ажываюць радкі з класічных твораў, чуюцца галасы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі. Адпаведная і назва першага раздзела — «Мой родны край — маё натхненне». Побач з вершамі пра родную мову і ўспамінамі пра любую вёску ў зборніку багата прысвячэнняў блізкім людзям: каханаму мужу, любым дзеткам, бабулі і дзядулю. У другім раздзеле «Жизнь все расставит по местам» змешчаны рускамоўныя вершы.

Маргарыта Латышкевіч сабрала пад адной вокладкай невялікія эсэ, навелы, гумарэскі, нарысы і апавяданні. Прываблівае ў гэтых творах аптымістычны і рамантычны погляд аўтара на свет. Як адзначала ў рэцэнзіі Наста Грышчук, «рамантычнасць тут не тоесная ружовым акулярам. Гэта хутчэй здольнасць прымаць чалавечыя слабасці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасмяецца разам з аўтарам» («ЛіМ» №3, 20 студзеня 2017 г.).

У чым смак яблыкаў Маргарыты Латышкевіч? Напэўна, у тым, каб з кожным новым творам вызначаць, як варта падкарэкціраваць сваё жыццеі светаўспрыманне — быць больш крытычным, больш рашучым ці, наадварот, ставіцца да жыцця прасцей, бо ўсё непрывабнае, несправядлівае, няўдалае можа быць усяго толькі нагодай для іранічнай заўвагі ці лёгкага жарту.

Самая важкая кніга са спіса намінантаў — прыгодніцка-фантастычны раман Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра», якая стала нагодай для самай вялікай лімаўскай рэцэнзіі, прысвечанай намінантам (Н. Грышчук «Проста добрая гісторыя, ці Фантастычны бег па коле» № 21, 27 мая 2016 года). У рамане Ксеніі Шталянковай чароўнае люстэрка дазваляе трапіць з сучаснасці ў ХVІ стагоддзе — так шаснаццацігадовая Бася знаёміцца з юным шляхцічам Міхалам Саколічам, харунжым князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Жыццё герояў поўніцца прыгодамі, сустрэчамі ды расстаннямі, а аўтар тым часам знаёміць чытачоў з вядомымі асобамі часоў панавання Жыгімонта ІІ Аўгуста і распавядае гісторыі розных чароўных прылад. Твор прывабны ўтульнай казачнай атмасферай, ён будзе абсалютна камфортным для сучаснага падлетка. Школа, размовы з бацькамі пра святкаванне дня нараджэння, жарты пра мюслі, адпачынак на лецішчы ў сяброўкі — звыклы свет для беларускіх падлеткаў, з якога зусім няблага выбрацца насустрач таямніцам, новым знаёмствам і тым больш насустрач каханню, сяброўству з чалавекам, які цябе падтрымлівае і разумее, паводзіць сябе гжэчна і мае добрае пачуццё гумару. Пагодзімся з Настай Грышчук: «Адваротны бок люстра» — гэта і якасны твор для падлеткаў, і годны працяг авантурна-прыгодніцкай лініі ў беларускай літаратуры, і новае літаратурнае падарожжа ў часе, і, галоўнае, яскравае сведчанне таго, што ў беларускую літаратуру прыходзяць маладыя таленавітыя аўтары, якія добра ўяўляюць свайго чытача і смела ідуць яму насустрач!».

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».