Вы тут

Што такое каворкінг?


...Размаляваныя сцены і крэслы-мяшкі аранжавага колеру нагадваюць зону адпачынку. Сталы з настольнымі лямпамі і дошка для запісаў крэйдай наводзяць на думку пра вучэбную аўдыторыю. Насамрэч гэта ні першае, ні другое, а месца, дзе шукаюць аднадумцаў, абменьваюцца ідэямі і распрацоўваюць планы. Гаворка ідзе пра такую новую з'яву, як каворкінг — калектыўны офіс.


Замежныя бібліятэкары ўлічылі схільнасць моладзі рабіць некалькі спраў адначасова і адмовіліся ад стэрэатыпу захавання цішыні падчас працы з кнігай. У выніку прастора для чытання стала раздзяляцца на колерныя зоны. У зялёнай можна гучна гаварыць, у жоўтай гэта дазваляецца са згоды суседа, у чырвонай шумець забараняецца. Ведаючы такі прынцып, работнікі Навуковай бібліятэкі БНТУ пайшлі яшчэ далей і стварылі месца, дзе дазволена слухаць музыку, піць каву і, вядома, абмяркоўваць усё важнае і цікавае.

— Калі студэнты хацелі дапісаць разам праект ці пачаць «мазгавы штурм», гэта часам ператваралася ў праблему, — кажа галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу і праектнай дзейнасці Вольга Воўк. — Маладыя людзі ішлі на розныя прыдумкі: займалі актавую залу, ссоўвалі сталы ў сталоўцы... Але зразумела, што гэтыя месцы былі мала прыстасаваныя для разумовай ці творчай працы.

Па задумцы памяшканне падзяляецца на тры зоны, у якіх з камфортам адначасова могуць размясціцца 130 чалавек. У зоне А ёсць праектар, мікрафон, трыбуна, музычныя калонкі — усё, што можа спатрэбіцца для лекцыі ці прэзентацыі. Падтрымліваюцца таксама ідэі кінапаказаў, правядзення майстар-класаў, трэнінгаў... Словам, усяго, што будзе цікавым аўдыторыі ў некалькі дзясяткаў чалавек. Зона Б абсталяваная сталамі для індывідуальнай работы, лямпамі і разеткамі. Тут можна падрыхтавацца з ноўтбукам да лекцый ці проста прабавіць час у мяккім крэсле-мяшку. Зона С падыдзе для «мазгавога штурму». Гэтаму спрыяюць чатыры вялікія сталы, што лёгка ссоўваюцца разам, дошка для запісаў крэйдай і магчымасць прынесці з сабою кубачак кавы.

Увасобіць ідэю на чарцяжы напачатку згадзілася дзяўчына з Масквы, потым, калі ўмовы не дазволілі працягваць працу, за праект узялася аспірантка БНТУ Вольга Шамшура. Дзяўчына за два тыдні закончыла план і запрасіла мастачку з псеўданімам Ан Самалёт, якая ўпрыгожыла сцены будучага калектыўнага офіса малюнкамі. Узоры, зробленыя акрылавымі маркерамі, не проста аздабленне, яны абазначаюць месца для экрана праектара, падкрэсліваюць раздзяленне залы на тры зоны. Дарэчы, калі ўважліва разглядаць адлюстраванні, у іх відаць спасылкі на іншыя праекты бібліятэкі: конкурс «Горад і кнігі», клуб настольных гульняў...

— У адзін з апошніх дзён, калі практычна ўсё было скончана, прыйшла Вольга Шамшура, сказала, што горад на сценах прыгожы, толькі выглядае пустым, і дамалявала яго: дзесьці коціка, недзе птушачку ці вазон на вакне. Але для поўнага завяршэння патрабаваліся сродкі на новую мэблю і абсталяванне, — успамінае першыя этапы рэалізацыі Вольга Воўк.

Пасля двух гадоў няпэўнага становішча ў праекта з'явіліся спонсары. Кампанія, рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій, ужо да гэтага некаторы час супрацоўнічала з БНТУ. Арганізатары паказалі яе прадстаўнікам прэзентацыю і атрымалі сродкі, каб купіць абсталяванне. Цяпер ёсць задума стварыць тут яшчэ і добраахвотную творчую лабараторыю студэнтаў. Мяркуецца, што там будзе распрацоўвацца праграмнае забеспячэнне для ўніверсітэта пад кіраўніцтвам спецыялістаў кампаніі-спонсара.

Нягледзячы на сваё размяшчэнне на бібліятэчнай плошчы, папяровых кніг у калектыўным офісе няма. Затое ёсць бясплатны доступ да баз даных навуковай бібліятэкі БНТУ. Таксама побач знаходзяцца спецыялісты, якія растлумачаць прынцып
карыстання.

— Моладзі цікава займацца самымі рознымі праектамі і стартапамі, для іх звесткі па выбранай тэме становяцца падмуркам працы. Такую паслугу немагчыма атрымаць у іншых аналагічных гарадскіх праектах, бо там за дадатковую плату максімум, на што можна разлічваць, — гэта на падборку перыёдыкі па заяўленай тэме. Бібліятэка купляе якасныя базы даных, мае архіў навуковых часопісаў у 20 тысяч найменняў, дзе можна хутка знайсці патрэбныя артыкулы. Прычым паслуга гэта бясплатная для карыстальніка, — расказвае галоўны бібліятэкар.

У першы дзень ад карыстальніка залы, які не з'яўляецца студэнтам БНТУ, запатрабуецца сімвалічная плата ў 1,2 рубля для афармлення білета чытача, за наступныя наведванні нічога плаціць не трэба. Наогул, наведвальнікаў з БНТУ і не толькі праект прываблівае. Ужо ёсць першыя заявы на лекцыйныя і сумесныя пляцоўкі, а самай запатрабаванай пакуль застаецца зона індывідуальнай працы. Арганізатары спадзяюцца, што праз нейкі час іх праект пачне канкурыраваць за наведвальнікаў з іншымі гарадскімі. У першую чаргу гэтая зала бібліятэкі стане прывабнай для аўдыторыі, у якой не так многа грошай, каб здымаць пастаянныя офісныя памяшканні: маладых стартапаў, дабрачынных, валанцёрскіх праектаў, дабраахвотных майстар-класаў.

Вольга Воўк, заўважае, што ў іншых гарадах краіны таксама з'яўляюцца «зялёныя зоны» для карыстальнікаў, якім нецікава быць у цішыні. Напрыклад, як каворкінг-цэнтр заяўлены адзін з пакояў цэнтральнай бібліятэкі імя К. Маркса ў Магілёве. Аднак супрацоўніцтва паміж «гучнымі» чытальнымі заламі пакуль застаецца ідэяй на будучыню...

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Загаловак у газеце: Згуртаваныя агульнай прасторай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».