Вы тут

Сіндром хранічнага невяртання


Сіндром хранічнага невяртання

Да адпраўлення цягніка заставалася васямнаццаць хвілін.

— Ідзі, — сказала ты. — Паспееш.

Зразумела, ты думала пра мяне. Не пра тое ж, каб пабыць адной у паўпустым вагоне электрычкі. Я ўвогуле ніколі не думаў, і, напэўна, у цябе былі прычыны хацець хоць на некалькі хвілін застацца ў адзіноце. Табе можа надакучваць мой голас, мае дотыкі, маё дыханне. Мае вочы, якія часам гатовы не адрывацца ад цябе, пакуль не пачнуць слязіцца.

Зразумела, ты хацела, каб мне стала лепш. А мне было нядобра. Я часам не вучуся на вопыце, асабліва калі размова ідзе пра пэўныя фізіялагічныя з’явы. Напрыклад, ператраўліванне ежы. Маці заўжды гатуе вельмі тлустыя дранікі. А я заўжды не звяртаю ўвагу на тое, што страўнік крычыць ад нежадання працаваць з такім матэрыялам. Я аддаю перавагу аб’ёму ежы. Я ўпэўнены, што галоўнае — запоўніць унутраныя кантэйнеры. Чым запаўняць? Гэта другаснае. Першасным яно робіцца толькі праз некалькі гадзін. Калі ежа дасягнула меж, дзе мае унутраных гастарбайтары пачынаюць ад яе ванітаваць.

Увогуле, збольшага я трымаю свой арганізм пад кантролем. Быццам гэта мая калонія. Прыслухоўваешся зрэдку, што там шэпчуць: ці жадаюць цара скінуць, ці, можа, прапановы па рэформах саспелі. Але ж гэта зрэдку. Звычайна родны арганізм адыходзіць на нейкі далёкі план і зусім не чутно, што ён там мямліць. Тым больш калі захоплены да кончыкаў вушэй пітвом, ці ежай, ці лянотай. Наконт апошняй не заўсёды і можна сказаць, гэта я лянуюся ці не я. Гэта я вінаваты, што ляжу ў ложку пад коўдрай да той хвіліны, пакуль не надыдзе час, калі ўжо спазняюся на працу, ці гэта я проста дазваляю свайму арганізму быць самім сабой, развівацца, як яму патрэбна, без лішніх ціскаў на нервовую сістэму.

Самаідэнтыфікацыя чалавека — гэта асобная тэма. Няхай пра яе пішуць філосафы, а я неяк не збіраюся. Вось толькі згадаў, каб, пакуль штосьці ўсярэдзіне варочаецца, заняць сябе развагамі. Тлумачэннем, чаму я выйшаў з цягніка і пайшоў купляць ёгурт ці які іншы кісламалочны прадукт.

Думкі і развагі — гэта добра. За імі не заўважаеш заган і хібаў навакольнага свету. Не чуеш дзіцячых крыкаў, дарослай лаянкі, цыгарэтнага дыму. Я нават не паглядзеў на цябе ў акно. А ты, напэўна, глядзела. Хацела, каб я хутчэй вярнуўся. Хацела запомніць мяне, затрымаць вось такім на гэтыя дзесяць хвілін да крамы, у краме, ад крамы.

Да крамы дайшоў хутка. Незаўважна. У краме таксама ніякіх лішніх рухаў, пошукаў, вывучэнняў твараў, тэмбраў галасоў і іх людзей. Толькі некалькі крокаў да малочнага аддзела, упэўнены рух рукой і тыя ж некалькі крокаў да касы. Два хлопцы з півам не паспелі ўлезці ў чаргу раней за мяне, і гэта адзінае, на што я звярнуў увагу. Падумаў, што, можа, піва было б лепш, чым ёгурт. Зразумела, ёгурт малочны, вішнёвы, а піва даражэйшае і алкагольнае. Але ж даражэйшае не нашмат. Піць яго ўвогуле прасцей, яно слаямі не застаецца на ўнутраных сценках бутэлькі. Толькі вось супраць ёгурту ты нічога не маеш, а да піва адносішся, як да нейкай маёй палюбоўніцы. Можа, гэта таму, што палюбоўніцы ў мяне няма, то трэба да чагосьці ўсё ж раўнаваць. Да думак, да літаратуры, да футбола не асабліва і разумна. А піва — алкаголь — залежнасць. Хоць у выпадку майго адмаўлення ад піва, думаю, футбол бы таксама трапіў пад пагрозу.

Думкі і развагі — гэта добра. Захутаешся ў іх, бы ў плед, — цёпла, утульна. Расплюшчыш вочы, а свет не знік. Хоць здавалася, дзе той свет, калі ты па звілістых вулачках свайго мозгу шпацыруеш, узяўшы сябе ж пад руку і з сабой жа наладзіўшы прыемную гутарку. Адкрываеш вочы, а рэаліі іншыя. Хоць можна было б паспрачацца, што тут яшчэ рэаліі, што тут яшчэ іншае. Толькі вось не да гэтага мне было, бо цягнік знік. Высоўваю я галаву са сваіх думак, заспанымі вачыма ўгледжваюся ў прастору. Няма цягніка. Цябе няма. Сумкі няма з ноўтбукам. Пакета з дранікамі і катлетамі. Добра, што грошы і пашпарт пры мне засталіся. Ды вось яшчэ ёгурт.

Часам здараюцца рэчы вельмі нечаканыя. У такіх выпадках людзі рэагуюць вельмі па-рознаму. Адны пачынаюць панікаваць, другія ціхенька захлёбваюцца апатыяй, трэція праяўляюць нечаканую цвярозасць духу і розуму. Я не з такіх. Калі са мной здараецца штосьці вельмі нечаканае, я чакаю. Чакаю да той пары, пакуль нечаканае стане звыклым. Пакуль дзесьці там, далёка ў маіх думках пачнуць з’яўляцца рашэнні праблемы. То бок, я не толькі не іду ўгару, я яе і не абыходжу нават, а сяджу, чытаю кнігу і час ад часу пазіраю: на месцы гара ці сышла куды. Зразумела, што сыходзіць гара і не думае, але я паспяваю на мяжы свядомага і падсвядомага вынайсці некалькі больш-менш адэкватных спосабаў жыць далей. Паразмаўляць з людзьмі, якія пераходзілі праз гэту гару, падзёўбацца носам у тыя месцы, дзе маглі б быць схаваны тунэлі, пашукаць транспарт.

Калі я ўбачыў, што цягніка няма, то не здзівіўся, не спужаўся і нават не пачаў рваць з галавы валоссе. Толькі пашкадаваў літаратуру, якая ў гэты час, напэўна, прасоўвалася ў Мінск, замкнутая ў цемры майго заплечніка, не пакідаючы мне іншага занятку, як ісці ў якую кавярню ўзяць «Балтыку-7», сухарыкі і ўсё.

Не паспеў я далёка адысці ад вакзала, як заспяваў тэлефон. Экран прадэманстраваў слова «мама». І мне прыйшлося адказваць.

— Ну, як там, усё нармальна? — спытала маці.

Я маўчаў. Я мэтанакіравана ўжо гадоў шэсць спрабую адвучыць яе ад гэтага слова. Ад гэтага брыдкага, неадпаведнага, неадэкватнага слова. Слова, якое не абазначае нават ілюзій. Слова, якое проста патрэбна двухногім людзям, быццам мыльніца. У цябе няма мыльніцы? А як жа ты ходзіш? Акрамя таго, менавіта ў гэты час пытанне было нават не іранічнае, а поўнае чорнага, як гнілы зуб, сарказму.

— Ну, дзе вы там ужо?

— Э-э-э, — на гэта пытанне я не мог адказаць. Яшчэ адна звычка: адказваць на канкрэтнае пытанне, не даваць яму свабоды для трактоўкі. Пытаешся так — то я і адкажу так. Калі ты не можаш скласці са слоў дакладны сказ, у якім будзе сутнасць, у якім выразна будзе акрэслена, чаго ты хочаш, то чаму я павінен вычварацца і штосьці прыдумляць? Чаму мне трэба замыкаць вочы на кодавы замок і забываць код? Увогуле, для мяне такія дыялогі былі звыклыя, а для маці, напэўна, не. Усё ж такі я шукаў і выклікаў яе на рацыянальнасць, а яна хацела атрымаць толькі шчырасць. Пры гэтым нармальную шчырасць.

— Зрабілася што?

— Я табе казаў, што патэлефаную, як прыедзем. То пакуль.

Стрававод і дранікі зноў адышлі на эпізадычныя ролі майго жыцця. На першае месца выйшаў спакой, піва і якая-небудзь кніга. Пры гэтым кніга даволі шпарка бегла наперад. Рабілася проста неабходнай. Утапіцца ў чужых словах. Удавіцца чужымі радкамі. Застрэліцца з тых стрэльб, якія тут і там развешваюцца на сценах старонак. Пакуль свет вакол зноў набывае сваю статычнасць.

Да кнігарні было недалёка. Толькі крыху раздражняў, узнікшы з нябыту, снег. Які, магчыма, і не ўзнікаў з нябыту, а проста стаў яшчэ адной рысай гэтага брыдкага сёння, дзе ўсё раптам пайшло не так. Хацелася хутчэй у цяпло. Хутчэй уткнуцца носам у палічкі, чытаць загалоўкі, усміхацца знаёмым. Хацелася нечакана знайсці тое, што нават і не шукаў. У гэтай кнігарні такое ўжо са мной было. Напэўна, гэта сапраўдная кнігарня, бо ў ёй можна спаткаць штосьці большае, чым купля-продаж. Штосьці магічнае, рэальнае. Дзверы ў іншыя сны.

Кнігарні не было. Я некалькі разоў прайшоўся па гэтай вуліцы, не прызначанай для машын, аўтобусаў, трактароў. Прызначанай толькі для мяне і іншых людзей. Дзяцей, якія раптам пачалі так голасна вішчаць, быццам у мяне толькі зараз з’явіліся вушы. Было б добра, калі б і вочы з’явіліся, бо там, дзе павінна была быць кнігарня, я яе не пабачыў. Можа, зачынілі. Можа, перанеслі куды. Можа, я штосьці пераблытаў.

— Ізвініці, што абрашчаюсь. У вас ні будзет пяцьдзясят капеек?

Такія людзі ніколі не папярэджваюць пра сябе загадзя, не дазваляюць падрыхтаваць адказ. А калі б і дазвалялі, ўсё роўна стаіш, як на экзамене. Ды не проста на экзамене, а на тым, які павінен быў быць праз тыдзень, на тым экзамене, дзе тэма для цябе застаецца зусім незразумелай. На тым экзамене, дзе табе зараз паставяць тройку і ты застанешся на паўгода без стыпендыі.

— Панімаеце, я вучыцель. Я прэпадаваў астраномію і фізіку. А счас вот, вы панімайце.

Я «панімаў». «Панімаў», што нічога яму не дам.

— Няма, — выціснуў я з сябе слова, а затым дадаў: — Прабачце.

Ён не прабачыў. Глядзеў мне ў твар. А я старанна ўцякаў вачыма ад яго вачэй. Уцякаў то ў адзін бок, то ў другі. І не мог уцячы.

— А колькі ёсць? — спытаў ён, гэты смярдзючы настырны чалавек, які ведае свае правы, які ведае, што свет абавязаны яму. Ведае, што людзі, ў якіх ёсць, павінны дзяліцца з ім.

Вочы кінулі ўцякаць. Бо ва ўцёкі пусціўся я сам. Хутчэй адысці ад гэтага месца. Ад гэтага чалавека. Хутчэй. Бегчы на вакзал і чакаць там наступнага цягніка. А галоўнае — патэлефанаваць табе. Спытаць, як ты. Сказаць, што хутка буду.

Думкі і разважанні — гэта добра. Але вось вылазіш з гэтага думка-разважнага сну і заўважаеш, што стаіш на месцы. Стаіш каля чалавека, які прымае цябе за карову. Углядаецца ў тваё вымя. Аблізваецца.

— Вось, — я працягнуў яму бутэльку з ёгуртам. Бутэльку, якая нечакана ўвесь гэты час заставалася ў маёй руцэ. — Трымайце.

Ён не працягнуў руку насустрач. Бутэлька чмякнулася вобземлю. Не ведаю чаму, але крышка адляцела ўбок, і белая цягучая вадкасць пачала змешвацца з брудным, прысыпаным пясочкам снегам.

Мы стаялі і глядзелі на ёгурт. Я і ён. А затым ён развярнуўся і пайшоў. Я глядзеў яму ў спіну, і мне вельмі захацелася даць яму пяцьдзясят капеек. Але калі б я сапраўды кінуўся за ім, дагнаў, даў бы гэтыя грошы (грошы, пра якія ўжо сказаў, што іх няма), як бы ён адрэагаваў?

Панура пасунуўся на вакзал. Не патэлефанаваў табе. Размаўляць не было жадання. Усё здавалася шэрым і пустым. Быццам і сэнс, і колеры бягуць наперад нашмат хутчэй за мяне. Быццам я згубіўся ў нейкай далёкай пазачасавай прасторы і не паспяваю нічога зразумець і прыняць, як яно ўжо знікае. Знікае цягніком з платформы. Знікае кнігарняй з вуліцы. Знікае радасцю з сэрца, энергіяй з рук, ног, цела.

Па дарозе зайшоў у краму і ўзяў батон. Звычайны свежы батон. Батон, які б галоўны герой «Голаду» ўспрыняў як падарунак лёсу. Ён бы абняў гэты батон. Ён бы ў думках праводзіў разлікі, наколькі хопіць гэтага батона. А я проста рваў яго зубамі на кавалкі. Рваў механічна зубамі, каб проста рваць. Рваў, пакуль не пабачыў галак. Яны сачылі за мной. Яны таксама хацелі есці. Яны не прэтэндавалі на Нобелеўскую прэмію ў будучыні, але таксама хацелі есці. Шэрыя і пустыя.

Магчыма, пекла — гэта сухая пустынная зямля ў трэшчынах. Там нічога і ніколі не змяняецца. Толькі чорныя дрэвы тырчаць, і шэрыя галкі шпацыруюць і чакаюць, калі ты дасі ім паесці. А ў цябе нічога няма акрамя свайго цела, таму ты рвеш яго. Кідаеш кавалак за кавалкам птушкам. Але часу няма. Таму ты вечны, голад галак вечны і гэты працэс вечны.

Батон скончыўся. Заспяваў тэлефон. Я ведаў, што гэта ты.

— Прывітанне, — сказаў я.

Ты маўчала ў адказ. А можа, гэта штосьці з сувяззю. А можа, проста я не чуў, як звычайна.

— Я зараз прыйду, чакай.

Я ішоў да цябе. Я ведаў, што вакол ідуць змены. Што вакол бяжыць час. Галкі разляцеліся. Крама змяніла назву.

Вакзала я не знайшоў. Проста сеў на рэйкі, каб чакаць свайго цягніка. Сеў на рэйкі, пяшчотна сціснуўшы тваю руку.

Руку, якая мае значэнне.

Цягнік больш не мацнейшы за ўсіх.

Я спыню яго тваёй рукой.

Дзмітрый Рубін

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».