Вы тут

Замак Кміты


Або Гісторыя з раскопу.

Маё знаёмства з гарадзішчам «Замак Кміты» адбылося яшчэ ў дзяцінстве. Я прыехала ў вёску Беразавец Карэліцкага раёна да сяброўкі. У пошуках прыгод і незвычайных адкрыццяў мы перайшлі па муры на процілеглы бераг мясцовай рачулкі Сэрвач. Як сёння памятаю, перад намі адкрыўся маляўнічы пейзаж: велізарны ўзгорак уздымаўся на дзясятак метраў над зямлёй. Тады я яшчэ не ўяўляла, помнік якой велічыні ўбачыла. Цікаўнасць у дапытлівых дзіцячых сэрцах пасялілі мясцовыя старажылы. Тады 90-гадовая жыхарка вёскі Марыя Сянюта расказала нам паданне, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яно сведчыла пра існаванне замка Кміты, які некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся на гарадзішчы. Па словах бабулі, мясцовыя школьнікі пасля Вялікай Айчыннай вайны праводзілі на ім свае аматарскія раскопкі і знаходзілі сярэбраныя лыжкі, старыя манеты і пячную кафлю.


Сту­дэн­ты пе­ду­ні­вер­сі­тэ­та раз­бі­ва­юць рас­коп.

Сёння цяжка ўявіць, што калісьці на месцы замка віравала жыццё. Гісторыя гэтага паселішча сягае ў глыб XVІ—XVІІ стагоддзяў, аднак вывучаць яго пачалі толькі чатыры гады таму. Пра гэтыя даследаванні нам расказаў старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Леанід Калядзінскі.

— Доўгі час замак Кміты заставаўся незаўважаным. Як жа маляўнічая мясціна прывабіла вока археолагаў?

— Найбольш цікава тое, што ён знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, а значыць, з'яўляецца прадметам новай, яшчэ не вывучанай дагэтуль катэгорыі культурных аб'ектаў. У 1982 годзе мне давялося абследаваць Карэліцкі раён на прадмет выяўлення і фіксацыі помнікаў археалогіі. Вось тады я звярнуў увагу на гэтае месца. Аднак на той час кола ўласных археалагічных інтарэсаў палягала ў Віцебску. Асобна ад мяне правярала стан захаванасці помнікаў археалогіі Карэліцкага раёна навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут. Яна заўважыла і наведала гарадзішча, а ўжо ў 2013 годзе мы пачалі сумесныя даследаванні.

— Якога маштабу дасягнулі работы за гэты час?

— Сёння вывучэнне замка Кміты — гэта міжнародны праект, які аб'ядноўвае навукоўцаў у галінах гісторыі, археалогіі і музеязнаўства. У даследаванні помніка культуры задзейнічаны НАН Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Варшаўскі ўніверсітэт імя Вышынскага. У раскопках бралі ўдзел студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, навучэнцы карэліцкіх будаўнічага ліцэя і СШ №2, школьнікі з вёсак Беразавец і Крынкі, а таксама мясцовыя жыхары Міхаіл Сянюта і Уладзімір Хартановіч.

Археалагічныя раскопкі праводзяцца пры фінансавай падтрымцы Фонду фундаментальных даследаванняў. Не застаецца ўбаку і Карэліцкі райвыканкам: дапамагае інвентаром, рабочай сілай, транспартам і жыллём для валанцёраў і студэнтаў-практыкантаў.

— Ужо знойдзена мноства каштоўных артэфактаў. Якія з іх, на вашу думку, найбольш значныя?

— Па сваёй унікальнасці і інфарматыўнасці замак Кміты не саступае замкам такой велічыні, як Мірскі, Нясвіжскі і Гродзенскі. Тут сабраны шыкоўныя калекцыі знаходак: прадметы з чорнага і каляровага металаў, касцяныя і шкляныя вырабы... У калекцыі пячных кафляў хачу адзначыць знаходкі з біблейскімі сюжэтамі: архістратыг Міхаіл, Спас і анёл. Нумізматычная калекцыя ўключае васямнаццаць манет Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Швецыі. Знойдзена нават адна манета Рускай дзяржавы перыяду кіравання Івана Грознага. Сярод рэдкіх і ўнікальных знаходак нельга не вылучыць фрагмента бронзавага звона (вуха), тэкстыльную пломбу са свінцу і пячатку са свінцова-алавянага сплаву з гербам, аналаг якому вядомы на пячатцы смаленскага князя Івана Святаславіча.

Каштоўныя знаходкі, прывабны ландшафт, унікальны для нашай краіны ўзор замкавага дойлідства, удалае размяшчэнне за дзясятак кіламетраў ад знакамітага Мірскага замка і за тры кіламетры ад трасы Навагрудак — Мір — гэта далёка не ўсе падставы, якія дазваляюць меркаваць, што замак Кміты прэтэндуе на належнае месца сярод турыстычных славутасцяў краіны. Адметнасцю вёскі Беразавец з'яўляюцца рэшткі царквы Святой Тройцы. Асаблівую жывапіснасць надае мясціне невялічкая рака Сэрвач.

Ці­ма­фей  Ка­ля­дзін­скі  пой­де  па сля­дах  дзе­да.

— Як лічыце, у замка ёсць будучыня?

— Безумоўна, але работы на гарадзішчы хопіць яшчэ на дзясяткі гадоў. Такія помнікі культуры на сёння ў Беларусі мала вывучаны і патрабуюць больш пільнай увагі навукоўцаў. А паспяховасць раскопак залежыць ад далейшага прыцягнення спецыялістаў з беларускіх і замежных цэнтраў. Канешне, не абысціся без дадатковых сродкаў фінансавання. Мяркую, для большай папулярызацыі і пазнавальнасці аб'екта неабходна ўстанавіць указальныя бігборды з цікавай інфармацыяй пра гісторыю замка і вынікі яго вывучэння. Можна выпусціць буклет. На раскопках патрэбныя рабочыя рукі, таму ўдзел валанцёраў толькі вітаецца. Хацелася б большай увагі з боку мясцовага краязнаўчага музея. Адначасова з археалагічнымі раскопкамі працягнуцца архіўныя пошукі пра мястэчка Беразавец, замак Кміты і яго ўладальнікаў, таму да ўдзелу ў праекце запрашаюцца ўсе Кміты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і далёкага замежжа.

Алена ВОЛКАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.