Вы тут

Удар ніжэй пояса


І зноў пра яго, пра надвор'е... А што ж рабіць, калі сёлета ўсіх нас кінула з працяглай халадэчы ў спёку, а потым гэтак жа імкліва наадварот? Як тут прамаўчыш? («Метэаралогія — навука дакладная. Бубен трэба трымаць у левай руцэ».) А затым «нечакана» — зноў да высокіх плюсавых тэмператур. («Калі зіма жартуе да красавіка, хачу, каб лета помсціла да снежня».) Але каляндарнае лета падышло да свайго канца, таму становіцца крыху сумна... («Да сырасці восеньскай зусім я не гатоў... Не зварыў глінтвейна, не купіў катоў».) Застаецца толькі спадзявацца на цёплыя верасень і, калі пашанцуе, кастрычнік без асаблівых дажджоў. («Ну вось, хутка і лета ўжо скончыцца. А многія толькі адзін раз купаліся ў гэтым годзе, на Хрышчэнне — 19 студзеня».)


Зрэшты, што я ўсё пра тэмпературу, пра непагадзь? («Лета — гэта не калі цёпла, а калі ёсць грошы і водпуск».) Усё ж нехта змог і камфортныя дзянькі заспець для адпачынку, і пападарожнічаць? («Вельмі люблю фразу «мяне не будзе ў горадзе». Усе думаюць, што ты ляціш у Барселону, а насамрэч едзеш на дачу капаць бульбу».) І вось тут, у замежжы, многіх, напэўна, чакаў шок... Прынамсі, калі я чую навіны адтуль, мне кожны раз хочацца паўтараць услед за Давідам Гоцманам з «Ліквідацыі»: «Не расчэсвайце мне нервы!» Там што ні цікавостка — сапраўдны ўдар ніжэй пояса...

У тэму размовы будзем падымаць «градус» па нарастаючай. («Каб павялічыць відовішчнасць шахматных трансляцый, найбольш удалыя хады будуць паказваць у запаволеным паўторы з розных ракурсаў».) Можна сказаць, бяскрыўдны пачатак. Падавалася б, звычайнымі джынсамі ў нашы дні нікога не здзівіш, але вытворцы моднага адзення знаходзяць новыя нестандартныя рашэнні. Апошняя навінка — жаночыя джынсы з маланкай, якая можа раздзяліць іх на дзве палавінкі. Вы, вядома, тут жа прыгадалі вядомую фразу з савецкай кінакамедыі «Брыльянтавая рука»: «Лёгкім рухам рукі штаны ператвараюцца... ператвараюцца штаны...»? Толькі ў фільме штаны дзяліліся па гарызанталі — на шорты. Джынсы ж расшпільваюцца... уздоўж. Маланка праходзіць на месцы традыцыйнага шва і дазваляе адшпіліць адну калашыну ад другой. Каштуюць такія джынсы, не паверыце, амаль 1,7 тысячы долараў, хоць адна амерыканская кампанія шые падобную мадэль і за 145 долараў. Я ўсё разумею, апроч галоўнага — навошта? («Жыццё поўнае прыгод — гэта я вам як «пятая кропка» гавару».) У інтэрнэце жартуюць, што, маўляў, так хлопцам лягчэй будзе раздзяваць сябровак. («— Сарачка, ты дзяўчына маёй мары — прыгожая, вясёлая... — Ты хочаш са мной пераспаць? — І разумная!»)

Далей — гарачэй. Наступная навіна, на мой погляд, значна больш абсурдная. («— Дык з-за чаго ж у вас дэпрэсія? — Разумееце, доктар, мая ранейшая жонка пазнаёмілася з маёй цяперашняй. Спачатку яны трохі пасварыліся, але потым памірыліся. І ўдзвюх збілі маю будучую жонку...») У некаторых краінах Еўропы мужчыны пачалі прыходзіць на працу ў... сукенках і спадніцах. Так яны пратэстуюць супраць офісных і карпаратыўных дрэс-кодаў, якія прадпісваюць насіць штаны. Дзіўна, а што яшчэ насіць мужчынам? Трэба зазначыць, што ў еўрапейскіх краінах спякота надышла раней, чым у нас, і градус яе быў значна вышэйшы. І тамтэйшым жыхарам можна было толькі паспачуваць. («Худзенькіх дзяўчат у прагнозе надвор'я звычайна цікавіць не тэмпература паветра, а хуткасць ветру».) Кандыцыянеры ў офісах, у транспарце не спраўляліся, а насіць шорты работадаўцы сваім работнікам-мужчынам забаранялі. І вось пасля такога адзін малады брытанец прыйшоў на работу ў сукенцы вышэй калена, якую ён пазычыў у маці. А заадно выклаў некалькі сэлфі ў сеціве, што выклікала вялікую цікавасць і перайманне. («Часам глядзіш на хлопцаў і думаеш: «Мне б такія худыя ногі».) Пасля гэтага многія работадаўцы пераглядзелі дрэс-коды і дазволілі мужчынам насіць шорты. А адразу нельга было? («— Часам, калі прамаўчаць, будзеш падавацца разумнейшым. — Гэта не той выпадак, адказвайце на білет».) З іншага боку, калі ты не шатландзец, прадмет жаночага гардэробу на мужчыне, як бы ні было спякотна, — гэта, мякка кажучы, перабор...

І апошні «цвік» сезона, рыхтуйцеся... Са спёкай ніяк не звязаны, ад чаго і трывожна. Кампанія, якая вырабляе ўльтрарэалістычныя секс-цацкі, заявіла, што адзінокія мужчыны жэняцца на... гэтых ляльках. Высветлілася, што многія кліенты выкарыстоўваць іх не толькі для сексу. «Яны гавораць, што мы выратавалі ім жыццё, таму што яны адчувалі, што ім няма сэнсу жыць пасля смерці сужэнца ці заканчэння адносінаў». Звышрэалістычныя лялькі карыстаюцца такой папулярнасцю, што кліентам даводзіцца чакаць сваёй чаргі на куплю па некалькі месяцаў. Флагманскі прадукт кампаніі каштуе 14 тысяч долараў. Вытворцы кажуць, што за гэтыя грошы іх кліенты наўрад ці змогуць купіць каханне, але яны дакладна набываюць «гармонію». Думаеце, смешна? («— Вой, Фімачка, вам ужо за сорак, а вы зусім не жанаты! — Цётка Сіма, я вас умаляю, павінен жа нехта для шчасця нарадзіцца...») Насамрэч гэта вельмі сур'ёзная праблема — адзіноцтва і сацыялізацыі чалавека ў грамадстве. («28 гадоў у 1017 годзе: я пражыў добрае жыццё. 28 гадоў у 1817 годзе: у мяне 11 дзяцей. 28 гадоў у 2017 годзе: я не гатовы для адносінаў».) Гэта, бадай, самы моцны ўдар ніжэй пояса. У прамым сэнсе слоў...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».