Вы тут

Мінчанка стала фіналісткай конкурсу «Міс свету на інваліднай калясцы»


Пра конкурсы прыгажосці Саша ніколі не марыла. А тут раптам вырашыла паспрабаваць. Падала заяўку... і трапіла ў фінал. Праз месяц 23-гадовая мінчанка Аляксандра ЧЫЧЫКАВА будзе прадстаўляць нашу краіну на «Міс свету на інваліднай калясцы».


На інтэрв'ю мы сустракаемся ў адным з гандлёвых цэнтраў. Зграбная, абаяльная, са шчырай усмешкай, Аляксандра не адчувае скаванасці, хоць некаторыя і паглядаюць з цікаўнасцю на яе каляску. Месца сустрэчы дзяўчына прапанавала сама. Прызнаецца: сядзець дома ў чатырох сценах — гэта не для яе. Саша часта гуляе па горадзе, бывае ў кавярнях і барах. У замежныя падарожжы таксама ездзіць: нядаўна, напрыклад, паўтара месяца была ў Амерыцы.

Дзяўчына працуе ў гіпермаркеце паслуг 124 — гэта кол-цэнтр, дзе ствараюць працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю. Там яна займае пасаду вядучага спецыяліста па рабоце з кліентамі: падтрымлівае сувязь з заказчыкамі, навучае новых работнікаў.

Паралельна Аляксандра вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

— Хацела паступіць на лагапеда, але медыка-экспертная камісія сказала, што мне нельга ісці ў гэтую прафесію. Таму выбрала спецыяльнасць псіхолага — сацыяльнага педагога. На сёння мне бліжэй сацыяльная работа. Хачу потым звязаць сваё жыццё з гэтым кірункам, працаваць з людзьмі, якія таксама атрымалі інваліднасць, дапамагаць ім спраўляцца з цяжкасцямі.

Траўма, праз якую Саша апынулася ў інвалідным крэсле, здарылася шэсць гадоў таму.

— Я ўпала з трэцяга паверха дома. Ішла будоўля, я зачапілася за крук, які быў у пліце, — успамінае дзяўчына. — Тое, што больш не буду хадзіць, успрыняла спакойна, адэкватна. У мяне не было дэпрэсіі і непрыняцця сябе. Сям'я вельмі падтрымала. Яны далі зразумець: нічога страшнага не здарылася... Каляска не з'яўляецца прысудам. Некаторыя кажуць: прыкаваная да інваліднага крэсла. Не! Не люблю гэта слова — «прыкаваная». Каляска — гэта сродак руху, які мне ў дапамогу. Я лічу, няправільна ставіцца да нейкіх адрозненняў чалавека, як да дэфектаў.

Пра міжнародны конкурс прыгажосці мінчанка даведалася праз Фэйсбук. Праводзіць яго фонд, які заснавалі дзве жанчыны (мамы-інваліды), для таго каб змяніць вобраз дзяўчат, якія перасоўваюцца на інваліднай калясцы. Раней конкурс ладзілі сярод жыхарак Польшчы, а сёлета выйшлі на міжнародны маштаб.

Фінал конкурсу адбудзецца 7 кастрычніка ў Варшаве. За карону будуць змагацца 24 прыгажуні. Аляксандра адправіцца ў Польшчу раней, каб падрыхтавацца да выступлення. Прызнаецца, што пакуль не ведае, якія дэфіле і нумары яе чакаюць. Таму сукенкі для сцэны яшчэ не падабрала. Арганізатары напісалі толькі пра абутак: трэба мець дзве пары туфеляў элегантнага віду, адну — абавязкова чорную. І папярэдзілі, што заўсёды важна будзе выглядаць вельмі добра, бо на семінарах могуць прысутнічаць фатографы і журналісты. «Трэба перабраць свой гардэроб», — смяецца Саша.

Цікаўлюся, як ёй удаецца трымаць сябе ў такой добрай форме. Дзяўчына кажа, што не прытрымліваецца ніякіх дыет. Але сочыць за сваім харчаваннем, напрыклад, не есць шмат тлустага. Плюс наведвае трэнажорную залу: акрамя звычайных практыкаванняў на рукі і прэс займаецца з інструктарам лячэбнай фізкультурай.

— І як рэагуюць іншыя наведвальнікі, калі бачаць цябе?

— Я там даўно займаюся, таму мяне ўжо ведаюць. Тыя, хто прыходзіць упершыню, часам косяцца: маўляў, што яна тут робіць? Але мяне гэта не чапляе. Калі ласка, глядзіце, якая я прыгожая і худая сміхаецца)!

Аляксандра не хавае: на «Міс свету» хоча перамагчы. Але для яе важная не толькі карона каралевы прыгажосці. «Што мяне прываблівае ў гэтым конкурсе? Ты выходзіш не проста пакрасавацца. Шмат дзяўчат на калясцы ўпадаюць у дэпрэсію і думаюць, што ніколі не будуць мець сям'ю, што ніводзін хлопец на іх не зверне ўвагу. Я змагу стаць прыкладам і паказаць, што жыццё з-за інваліднасці не заканчваецца».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Хачу быць прыкладам для іншых»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?