Вы тут

Яўгенія Сцяпанава: «Нават на трэніроўкі прыходжу ў сукенках»


У свае 22 яна ўжо капітан жаночай каманды сталічнага баскетбольнага клуба «Цмокі». Пераможны настрой дзяўчат, парадак у камандзе, эмацыянальны фон калектыву — гэта яе задачы, з якімі маладая спартсменка, мяркуючы па ўсім, спраўляецца на выдатна. У сезоне 2016/17 «Цмокі» сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі і выйгралі чэмпіянат краіны. А дзяўчыну ўпершыню запрасілі ў нацыянальную зборную, дзе далі шанц праявіць сябе. Што думае пра будучыню жаночага баскетбола Яўгенія Сцяпанава, як ёй удаецца сумяшчаць спорт з неймавернай жаноцкасцю і якія якасці важныя для дасягнення поспеху, спартсменка расказала ў сваім інтэрв'ю.


— Мінулым сезонам засталіся задаволены?

— Ён склаўся, на мой погляд, вельмі паспяхова. Хоць у пачатку года я нават не магла марыць пра такі сцэнарый, бо ў нас вельмі маладая каманда. Разлічвалі, што пазмагаемся і за кубак, і за званне чэмпіёна краіны, але апасаліся вопыту сапернікаў. Аднак да адказных гульняў падышлі з вялікім энтузіязмам і выйгралі гэтыя турніры. Адзінае, яшчэ лепш хацелася б згуляць на міжнароднай арэне. Сёлета склад каманды застаўся практычна той жа, за выключэннем таго, што мы «ўзмацніліся» амерыканкамі. Будзем праводзіць работу над памылкамі, бо планку паніжаць ужо не хочацца.

— Вясной вы ўпершыню атрымалі запрашэнне ў галоўную каманду краіны...

— Даўно хацела трапіць у зборную, і было вельмі прыемна, што маю працу заўважылі і ацанілі. Сваёй гульнёй на турніры Халіпскага засталася незадаволеная, хоць на зборах выкладвалася па поўнай. Але выдатна разумею, што дрэнны вопыт — гэта таксама вопыт і штуршок да таго, каб працаваць яшчэ больш. На турніры ў Кітаі паказала сябе ўжо лепш.

— У зборную трапілі ў няпросты перыяд, калі яе пакінулі лідары...

— Так, у моладзі няшмат вопыту, але ўсё роўна трэба працаваць і старацца быць сапраўднай камандай. Не ведаю, што чакае жаночы беларускі баскетбол у будучыні, але хацелася б верыць, што з кожным годам наша становішча будзе паляпшацца. Ведаеце, пастаянна спадзявацца толькі на вопытных гульцоў таксама нельга, час ужо і нам уносіць сваю лепту ў развіццё баскетбола ў краіне.

— Увесь год вы правялі ў ролі капітана «Цмокаў». Яна вам падыходзіць?

— Гэта вельмі вялікая адказнасць, але мне падабаецца, я натхняюся гэтай роляй. Зараджаць каманду, казаць нешта ў раздзявальні — гэта маё, выконваць капітанскія задачы мне ў задавальненне. Хоць часам даводзіцца ахвяраваць сваімі добрымі якасцямі, каб дамагчыся выніку, паставіць чалавека на месца, напрыклад. Усе сітуацыі ў камандзе я прапускаю праз сябе, таму ў маральным плане бывае цяжка.

— Жыць і працаваць у жаночым калектыве складана?

— У мужчынскім, напэўна, прасцей. Яны нават калі і «грызуцца» на трэніроўцы, то ў раздзявальні ўсё забываюць, а дзяўчаты доўга трымаюць крыўды ў сабе. Хоць не магу сказаць, што ў нас у «Цмоках» калісьці былі сур'ёзныя канфлікты. Галоўнае — умець размаўляць і разумець, што мы робім адну агульную справу, імкнёмся да дасягнення адной мэты.

— Вы эмацыянальная ў гульні?

— Раней была вельмі. Часам пачуцці на пляцоўцы б'юць цераз край і стрымаць сябе практычна немагчыма. Зараз зразумела, што ўсё ж трэба быць трохі больш спакойнай. У прынцыпе, па выразе майго твару заўсёды можна сказаць, ці задаволена я сітуацыяй.

— У дзяцінстве адразу выбралі баскетбол?

— Не, як і ва ўсіх былі і танцы, і спевы. Аднойчы ў школе запрасілі на трэніроўку па баскетболе, і мне спадабалася, неяк зацягнула. Трэніравалася нячаста, няпрафесійна, а потым знаёмая прапанавала паспрабаваць сябе ў спартыўнай школе. Прыйшла і з першай трэніроўкі спадабалася трэнеру. Але ўсё роўна тады не думала, што звяжу сваё жыццё са спортам. У 16 гадоў запрасілі на першыя прафесійныя зборы ў баскетбольны клуб «Бярэзіна», я не разумела, навошта мне гэта трэба. Плакала і казала бацьку, што нікуды не хачу. А ён у мяне вельмі любіць спорт, таму ўсё ж угаварыў паспрабаваць. Літаральна праз год зразумела, што хачу гуляць далей.

— На ваш погляд, што галоўнае ў характары паспяховага спартсмена?

— Цяжка сказаць, таму што ўсе людзі розныя. Мне здаецца, мэтанакіраванасць, жаданне чагосьці дасягнуць, уменне змагацца не толькі на спартыўнай пляцоўцы, але і ў жыцці.

— Што важней: талент або працавітасць?

— Пра сябе скажу, што таленту ў мяне няма, але я працавітая. Выкладваюся на ўсе 100%, у мяне жаданне б'е цераз край. Далёка не заўсёды таленавітыя людзі дамагаюцца поспеху. Вядома, добра, калі гэтыя якасці прысутнічаюць у спартсмена прыкладна ў роўных долях.

— Як ставіцеся да славы? Спартсмены людзі вядомыя...

— Пакуль мяне яшчэ пазнаюць нячаста. Ды я і не схільная да «зорнасці», на мой погляд, гэта глупства. Раней нават не падабалася, калі на трыбунах было шмат народу, бо калі ты робіш памылку, усе гэта бачаць. А цяпер, наадварот, люблю вялікія залы, гучную падтрымку. Гэта надае ўпэўненасці і энтузіязму.

— Ведаю, што ў баскетболе можна спакойна атрымаць па твары...

— Так. Я хадзіла пару разоў з фінгаламі, але гэта частка маёй прафесіі. Адчуваеш сябе, вядома, не вельмі камфортна. Едзеш у метро, ловіш погляды людзей, а яны што думаюць? Што я наткнулася на чыю-небудзь руку (смяецца). На самай справе стаўлюся да гэтага спакойна, нават не спрабую маскіраваць сінякі.

— Ці складана сумяшчаць жаноцкасць са спортам?

— Асабіста для мяне не. Галоўнае — жаданне! Нават на трэніроўкі прыходжу не ў спартыўным адзенні, а ў сукенках. Спартыўны стыль надакучвае, хоць зразумела, што без яго ніяк. Прыходжу на трэніроўку прыгожая і адразу чую пытанні: «Куды сабралася?» А я для сябе ўсё гэта раблю. Заўсёды хаджу на манікюр: люблю, калі рукі дагледжаныя. Падабаюцца расслабляючыя масажы, хоць наведваць іх даводзіцца не так часта.

— Часам з-за прафесійнага спорту даводзіцца адкладаць асабістае жыццё...

— Па-першае, на ўсё свой час. Ды і не абавязкова ад яго адмаўляцца, да нейкай пары гэтыя рэчы можна сумяшчаць. Галоўнае, каб партнёр ставіўся да твайго занятку з разуменнем і быў гатовы ісці на кампрамісы.

— Чаму б яшчэ вы марылі навучыцца?

— Маляваць. У нас у камандзе ёсць дзяўчаты, якія вельмі прыгожа пішуць алеем карціны. Я пакуль баюся нават дакрануцца да гэтай справы, але гляджу на іх з захапленнем.

— Якіх мэт вы хацелі б дасягнуць?

— У спорце, вядома, мая задача — развівацца, хацелася б гуляць на больш высокім узроўні, можа быць, за мяжой, паспрабаваць сябе ў іншых лігах. Вельмі хочацца годна гуляць за нацыянальную зборную. У той самы момант ёсць жаданне сумяшчаць спорт са звычайным жыццём, таму што я разумею, што баскетбол не вечны. Каб не застацца на ўзбочыне жыцця, стараюся развівацца і ў іншых сферах.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.