Вы тут

Што з сябе ўяўляе праца геолага?


Што з сябе ўяўляе праца геолага? Першае, што прыходзіць на розум, — бясконцая работа «ў полі», рамантыка вечаровых пасядзелак з гітарай каля вогнішча, пошукі карысных выкапняў і кантакт з унікальнымі матэрыяламі з нетраў Зямлі. Каб даведацца, ці адпавядае прафесія шматлікім стэрэатыпам, карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» паназіралі за двума маладымі геолагамі: спачатку «ў полі», а пасля і ў лабараторыі.


Малаток, лупа і графікі каратажу — геафізічнага даследавання свідравін.

«Пародзістая» работа

...На заднім двары будынка Слуцкай геолагаразведачнай партыі праца апоўдні кіпіць — паўсюль размешчаны спецыяльныя драўляныя скрыні з секцыямі, у кожнай з якіх захоўваюцца кавалкі керну — узоры проб горнай пароды, здабытыя бурам са свідравіны пад Быхавам. Дзесьці гэта рассыпістая, як пясок, субстанцыя няпэўнага адцення, у іншых месцах — цвёрдыя, як камень, слупкі ледзь не ўсіх колераў вясёлкі. На невялікай пляцоўцы, у пераносным сэнсе слоў, змяшчаюцца сотні мільёнаў гадоў геалагічнай гісторыі Зямлі. Побач сканцэнтравана працуе група геолагаў з чатырох чалавек. Яны робяць палявое апісанне — карпатліва, сантыметр за сантыметрам, візуальна і тактыльна аналізуюць керн, запісваючы ўсе звесткі ў палявыя кніжкі. Адзін з іх — інжынер аддзела геалогіі і мінерагеніі платформеннага чахла філіяла «Інстытут геалогіі» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» Сяргей МАНКЕВІЧ.

— Часам мы аперыруем такімі данымі, якія цяжка ўявіць простаму чалавеку, — кажа ён. — Напрыклад, тут можна пабачыць горныя пароды, абсалютны ўзрост якіх складае больш за 600 мільёнаў гадоў (для параўнання, першыя дыназаўры з'явіліся ў трыясавым перыядзе, гэта значыць 230 мільёнаў гадоў таму). Керн, які мы трымаем у руках, нясе ў сабе вельмі шмат інфармацыі, ён адлюстроўвае сукупнасць працэсаў, што працякалі ў далёкія часы геалагічнай мінуўшчыны. У тым і цікавасць, таямніца геалогіі: даведацца, што адбывалася раней, у якой паслядоўнасці і якім чынам гэтыя падзеі паўплывалі на сучаснасць. Калі мы ведаем гісторыю геалагічнага развіцця тэрыторыі, то можам прыкладна меркаваць, назапашванне якіх карысных выкапняў магло адбывацца ў яе межах.

Паводле слоў Сяргея, непасрэдна ў бурэнні свідравін геолагі яго профілю звычайна не прымаюць удзелу — на тое ёсць буравая брыгада і палявы геолаг, які афармляе першасную геалагічную дакументацыю. У Слуцку знаходзіцца кернасховішча, сюды звозяць на пастаяннае захоўванне доследны матэрыял са свідравін з розных куткоў нашай краіны. Гэта рэчыўная «база даных» айчынных геолагаў.

За часам не сочаць

— У мяне з дзяцінства было шмат інтарэсаў, цікавіўся ўсім, што звязана з навакольным светам, — кажа хлопец. — Усе дысцыпліны даваліся аднолькава добра, з гэтай прычыны было складана зрабіць выбар на карысць адной. У рэшце рэшт, пасля заканчэння навагрудскай гімназіі №1 я паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. У тыя гады там быў даволі вялікі конкурс, спецыяльнасць была самай запатрабаванай на факультэце. Так я і трапіў у геалогію, якая з'яўляецца сінтэзам розных дысцыплін. Тут сутыкаюцца прыродазнаўчыя фізіка і хімія. Геалогія абавязкова карыстаецца матэматычным апаратам. У той жа час гэта навука і апісальная, творчая, ёсць у ёй элемент суб'ектывізму. Яшчэ на чацвёртым курсе ўніверсітэта прыйшоў на работу ў аддзел геалогіі і мінерагеніі платформеннага чахла, так і застаўся тут.

Тэрыторыя Беларусі ў геалагічным сэнсе закрытая: пароды крышталічнага фундамента перакрыты велізарнай тоўшчай асадкавых адкладаў (напрыклад, у Прыпяцкім прагіне ёсць участкі, дзе яны дасягаюць 6,2 кіламетра). А менавіта крышталічны фундамент звычайна багаты на разнастайныя карысныя выкапні.

— Самая глыбокая свідравіна, прабураная ў Беларусі, дасягае 6 кіламетраў. Асабіста я трымаў у руках граніты з глыбіні больш як 5,5 кіламетра, — гаворыць Сяргей.

Часам палявая праца з кернам ідзе даволі хутка, а бывае, трэба сядзець над кожным сантыметрам горнай пароды. Да таго ж свідравіну яшчэ працягваюць бурыць — сюды падвозяць усё новы і новы матэрыял. Вядома, за гадзіннікам тут ніхто не сочыць — працуюць столькі, колькі патрабуецца. Пасля вяртання ў Мінск справа працягнецца ўжо ў сценах інстытута.

Шчыраваць — у поле

...Пробы керну ўжо ў сталіцы. У адной з лабараторый на вялікім стале раскладзены дзясяткі невялікіх скрынак з дробнымі порцыямі пароды і подпісамі: назвай свідравін, глыбінёй і іншымі параметрамі. З узорамі працуе інжынер аддзела геалогіі і мінерагеніі платформеннага чахла Таццяна МІНЯНКОВА. У геолагі дзяўчына трапіла дзякуючы любові да геаграфіі. Яшчэ калі вучылася ў родным Барысаве, удзельнічала ў рэспубліканскіх алімпіядах па гэтым прадмеце, займала прызавыя месцы. Атрымліваць адукацыю вырашыла на геаграфічным факультэце БДУ. Геалагічны кірунак выбрала, бо не бачыла сябе ў «кабінетнай» рабоце, а гэта прафесія ўяўлялася ёй самай «палявой».

Часам керн больш нагадвае звычайны камень.

— Магу ўпэўнена сказаць, што не прагадала, — сцвярджае дзяўчына. — Вучыцца было вельмі весела і цікава. У нас падабралася вельмі моцная група, мы пасябравалі, у тым ліку і з замежнікамі: туркменамі і нігерыйцамі. Штогод ездзілі практыкавацца «ў поле», як я і хацела. Прычым заўсёды можна было выбраць, што табе больш даспадобы: калі баішся спёкі — займайся камеральнай апрацоўкай, хочаш — працуй пад адкрытым небам. Самае цікавае, што ў нас якраз дзяўчаты часцей выбіралі апошняе, а хлопцы шчыравалі ў лабараторыях.

У Інстытут геалогіі Таццяна трапіла паўгода таму. Але для гэтага давялося змяніць профіль, бо першапачаткова дзяўчына спецыялізавалася на інжынернай геалогіі — вывучэнні грунтоў перад будаўніцтвам. Цяпер яна вучыцца ў магістратуры БДУ, а ў Інстытуце геалогіі працуе на палову стаўкі.

— Адразу, як прыйшла сюды, мяне спыталі, ці гатовая я да камандзіровак, — успамінае даследчыца. — Вядома, адказала, што так. І мяне адразу ж адправілі ў Слуцк. Але ўсе складанасці я перанесла лёгка. Працаваць да дзевяці вечара? Не праблема. Сядзець цэлы дзень пад пякучым сонцам? Калі ласка! Цяпер, праўда, прапусціла некалькі выездаў, бо наведвала курсы. У асноўным сканцэнтравалася на працы ў лабараторыі — тут патрабаваўся чалавек, які будзе займацца менавіта мінералагічным аналізам, вось мяне і паклікалі. Вучуся ў асноўным у старэйшых калег, спрабую паўтараць тое, што яны робяць, часам звяртаюся па параду.

Без хіміі ніяк

У абавязкі дзяўчыны ў першую чаргу ўваходзіць аналіз проб, прывезеных з палявых работ. Спачатку трэба раздрабніць пароду, а гэта далёка не заўсёды проста. Дзесьці керн паддаецца механічнай апрацоўцы лёгка, а недзе за мільёны гадоў ён ператварыўся ў сапраўдны камень. У апошнім выпадку на дапамогу клічуць... хлопцаў. Далей, выкарыстоўваючы спецыяльныя сіты, матэрыял раздзяляюць на фракцыі паводле памеру, і пачынаецца карпатлівая праца — пад мікраскопам ці бінакулярам геолагі адну за адной аддзяляюць і сартуюць кожную пясчынку, пасля вылічваюць сумарны аб'ём кожнага віду пароды.

Мікраскоп — адзін з галоўных працоўных інструментаў геолага ў лабараторыі.

— Вядома, нямала даводзіцца «хімічыць», — усміхаецца Таццяна. — Геолагу без кіслаты — нікуды. Напрыклад, мы сумняваемся, ці ёсць у пародзе кальцыт, — дадаём саляную кіслату і калі бачым актыўнае выдзяленне газаў, то пацвярджаем сваю тэорыю. Бывае, што шукаем мінералы, якія характарызуюцца магнітнай успрымальнасцю, — для гэтай працы ў нас ёсць спецыяльны прыбор.

Дзяўчына дэманструе нам уласныя здымкі акамянеласцяў аманітаў — вымерлых галаваногіх малюскаў. Нярэдка ў геалагічным матэрыяле сустракаюцца адбіткі старажытных рыб, раслін, таму геолаг — гэта яшчэ трохі і палеантолаг. Трымаць у руках сляды істот, якія насялялі тэрыторыю Беларусі 200 мільёнаў гадоў таму, па словах дзяўчыны, — незабыўнае адчуванне. Знойдзеныя акамянеласці звычайна перадаюць іншым спецыялістам — ім яны могуць шмат пра што расказаць, напрыклад, дапамагаюць вызначыць прыблізны ўзрост пароды паводле яе «насельнікаў».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуsklаvеts@zvіаzdа.bу

Мінск—Слуцк—Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Прыцяжэнне керну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».