Вы тут

Сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад—2017» не нясе ніякай пагрозы


Сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад—2017» мае выключна абарончы характар і не нясе ніякай пагрозы

Аб гэтым падчас брыфінгу паведаміў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ, які кіруе вучэннем ад беларускага боку. Беларуска-расійскае вучэнне пройдзе з 14 па 20 верасня на тэрыторыі нашай краіны і на трох палігонах Расійскай Федэрацыі.


Яго тэма — падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах гарантавання ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Для рэалізацыі пастаўленых задач будзе задзейнічана каля 12 700 ваеннаслужачых.

Але чым бліжэй падзея, тым больш ажыятажу вакол яе. Як зазначыў Алег Белаконеў, падрыхтоўка да вучэння праходзіць на фоне няпростай ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне. «Каля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы, у краінах Балтыі і ў Польшчы, створаны перадавыя цэнтры НАТА, — заўважыў ён. — Актыўна, практычна змяняючы адно другім, арганізацыя праводзіць вучэнні, у ходзе якіх у тым ліку адпрацоўваюцца пытанні прымянення войскаў у непасрэднай блізкасці да дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь. Іншымі словамі, ідзе асваенне новага тэатра ваенных дзеянняў».

— Беларусь не бачыць у гэтым пагрозы нацыянальнай бяспецы, і мы становімся да вучэнняў НАТА абсалютна адэкватна, — падкрэсліў першы намеснік міністра абароны. — Працэс будаўніцтва і развіцця ўзброеных сіл любой дзяржавы не завершаны. Апрабацыя ўсіх новых формаў і спосабаў ажыццяўляецца, вядома ж, падчас вучэнняў. У сувязі з гэтым незразумелы ажыятаж вакол вучэння «Захад—2017». Любога роду вучэнні — аддзялення, батальёна або шматнацыянальных груповак — і прызначаны для таго, каб праверыць сумяшчальнасць сістэмы кіравання, здольнасць сумеснымі кантынгентамі войскаў выканаць пастаўленыя задачы. Таму неадэкватна рэагаваць на падрыхтоўку нашых войскаў, па меншай меры не зусім карэктна.

Вучэнне «Захад—2017» з'яўляецца галоўным і завяршальным этапам у сістэме сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі. Рэгіянальная групоўка войскаў, якая будзе адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы падчас вучэння, прызначана для гарантавання бяспекі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. Таму навучанне дадзеных войскаў з'яўляецца фактарам забеспячэння міру і спакою ў Еўрапейскім рэгіёне.

— Нягледзячы на тэндэнцыйны ажыятаж, створаны вакол вучэння, Беларусь няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў межах міжнародных і рэгіянальных дагавораў па раззбраенні, верыфікацыйнай дзейнасці, умацаванні мер даверу і бяспекі ў межах ААН і АБСЕ, — зазначыў кіраўнік вучэння ад беларускага боку. — Для назірання за меркаваным вучэннем накіраваны запрашэнні прадстаўнікам міжнародных арганізацый, а таксама ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах сваіх краін у Беларусі. Дадаткова чакаецца прыбыццё ваенных назіральнікаў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі.

Па заканчэнні вучэння да 30 верасня асабовы склад, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка Узброеных Сіл Беларусі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, а вайсковыя часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі пакінуць тэрыторыю нашай краіны.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Фактар міру і спакою

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?