Вы тут

Год беларускіх класікаў у Чачні


Адам Ахматукаеў — адзін з найбольш актыўных сучасных чачэнскіх паэтаў і перакладчыкаў. Не так даўно пабачыла свет паэма М. Ю. Лермантава «Мцыры» ў яго перакладзе на чачэнскую мову. Адам Ахматукаеў друкуецца ў «Литературной газете», іншых расійскіх перыядычных выданнях.


Сярод творчых памкненняў чачэнскага паэта і ўвага да беларускага мастацкага слова. Апошнім часам Адам Ахматукаеў пераклаў на сваю родную мову вершы Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Міколы Купрэева, Пімена Панчанкі, Алеся Бадака, Алены Стэльмах, Марыі Кобец, Валерыі Радунь. Гэтая паэтычная падборка спланавана да друку ў трэцім нумары літаратурнамастацкага часопіса «Вайнах», які выдаецца ў Грозным. У найбліжэйшы час гэты штоквартальнік пабачыць свет. Дарэчы, поруч з паэтамі XX — XXI стагоддзяў знайшлося месца і неўміручым радкам Францыска Скарыны з яго прадмовы да кнігі «Юдзіф».

— Ведаю, што Беларусь сёлета святкуе 500-годдзе кнігадрукавання, — гаворыць Адам Ахматукаеў. — Дык няхай гэты пераклад радкоў Скарыны пра пачуццё патрыятызму, чалавечай годнасці будзе маім сціплым укладам у справу ўшанавання Скарыны і яго наступнікаў.

А параўнальна нядаўна — 25 ліпеня 2017 года — газета «Даймохк» надрукавала паэму Янкі Купалы «Нікому» і тры вершы Якуба Коласа ў перакладзе на чачэнскую мову. Зазірнуўшы ў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», можна зрабіць выснову, што дагэтуль на чачэнскай мове быў надрукаваны толькі адзін верш — «А хто там ідзе? » у кнізе Янкі Купалы «“А хто там ідзе?” на мовах народаў свету» (Мінск, 1982 год). Перакладчык — Алвадзі Шайхіеў, які нарадзіўся ў Кыргызстане 12 красавіка 1947 года. Першая яго кніга — «Пачуццё» — выйшла ў 1969 годзе. У 1975 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Зараз ён працуе рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Вайнах». Вось што расказвае пра Алвадзі Шайхіева Адам Ахматукаеў: «Вельмі вядомы чачэнскі паэт. Шмат зрабіў для выхавання творчай моладзі. І мне асабіста спрыяў у мастацкім развіцці, прафесійным сталенні. Вершы Алвадзі Шайхіева выходзілі асобнымі зборнікамі ў Маскве і Грозным на рускай і чачэнскай мовах. Паэт друкаваўся ў часопісах “Наш современник”, “Звезда”, “Молодая гвардия”, “Дон”… І мне прыемна было даведацца, што і ён спрычыніўся да беларускага мастацкага свету…».

Але ўсё ж такі гэта не адзіная публікацыя нашых класікаў на чачэнскай мове. Перакладалі і Якуба Коласа. Гісторыя, акалічнасці самога перакладу пакуль што да канца не высветлены, але тым не менш… Адам Ахматукаеў, гартаючы кнігі чачэнскіх паэтаў, якія выходзяць зараз, у апошнія гады, звярнуў увагу на другі том з двухтомніка вядомага чачэнскага паэта трагічнага лёсу Магамеда-Саліха Гадаева (1909 — 1972) «Духоўныя пошукі» (Грозны, 2010 год). У ім надрукаваны верш народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Фашысцкім бандытам». Цяжка сказаць, ці друкаваўся гэты пераклад пры жыцці М.-С. Гадаева. Ужо хаця б па той прычыне, што ў 1944 годзе разам са сваімі суродзічамі паэт быў дэпартаваны з роднай старонкі. Вярнуўся дадому ў 1957 годзе. Праз некаторы час быў арыштаваны і асуджаны да доўгатэрміновага пакарання. І ў час Вялікай Айчыннай вайны, і ва ўмовах дэпартацыі і адбыцця першага і другога турэмных тэрмінаў Магамед-Саліх Гадаеў шмат пісаў, у тым ліку раманы, апавяданні, вершы, прыродазнаўчыя навуковыя даследаванні. Шмат перакладаў.

Ці былі здзейснены згаданымі перакладчыкамі ці іх калегамі іншыя пераўвасабленні паэзіі Купалы і Коласа на чачэнскую мову — невядома. Магчыма, наступны біябібліяграфічны, гісторыка-літаратурны пошук нешта новае і прынясе. Пакуль жа застаецца падзякаваць Адаму Ахматукаеву за пашырэнне прасторы класічнай беларускай паэзіі ў Чачні.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?