Вы тут

Ён паказвае нашу злучанасць з рознымі народамі


Пра тое, як Францыск Скарына працягвае быць карысным радзіме, разважае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша:


 — Сёлета святкаванне 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання адзначана ЮНЕСКА. Чаму ў свеце з піетэтам паставіліся да асобы, якая, у прынцыпе, не адкрыла новую тэхналогію. Скарына ўсё ж выкарыстоўваў чужое вынаходства, рабіў тое, што рабілі да яго ўжо шмат дзе? Ці тое, што яго не забываюць, — гэта заслуга беларусаў сёння?..

— З аднаго боку, ёсць павага да самой асобы, таму што Францыска Скарыну ёсць за што паважаць. Ён зрабіў важныя крокі для інтэграцыі беларускага і наогул беларуска-літоўска-ўкраінскага рэгіёна (колішняга Вялікага Княства Літоўскага) у агульнаеўрапейскую культурную палітыку, вельмі шмат зрабіў для трансляцыі сусветных агульнахрысціянскіх каштоўнасцей у нашым рэгіёне. Самае важнае: ён, з аднаго боку, адкрыў вочы беларусам на ўвесь свет, а з другога — свету адкрыў вочы на нашу зямлю. Адкрыў нам магчымасць сказаць сваё сапраўднае друкаванае слова і сімвалічнае слова пра саміх сябе. Ён не прыдумаў новую тэхналогію, ён не прыдумаў, як перакладаць кнігі ці Біблію, ён не прыдумаў, як рабіць батанічныя сады ці нешта іншае. Але ён зрабіў, як мне падаецца, значна больш: змяніў непазнавальна ўсход Еўропы, уключыў вялікія масы людзей, якія пражывалі на ўсходнееўрапейскіх землях, у агульнасусветны культурны арэал, дзякуючы чаму агульнасусветная культура ўзбагацілася новымі ідэямі, досведам… Шэкспір таксама не першым у свеце прыдумаў пісаць вершы, але зрабіў гэта таленавіта. Тое ж мы кажам пра Скарыну.

З іншага боку, можна сказаць: тое, што сёння адбываецца з ушанаваннем Скарыны па ўсім свеце, — гэта вынік працы беларусаў апошняга часу, вынік бяспыннага ліставання, шматлікіх перамоў з калегамі і партнёрамі, супрацоўніцтва з нацыянальнымі біблітэкамі іншых краін, вынік працы беларускіх дыпламатаў за мяжой, вынік працы міністэрстваў культуры і інфармацыі, якія разам і паасобку шмат робяць для пазіцыянавання вобраза Беларусі праз дасягненні нацыянальнай культуры і кнігадрукавання.

Яшчэ з 2012 года мы ў сваёй краіне вельмі гучна сталі казаць пра тое, што надыходзіць юбілей. З таго часу пачалі шукаць партнёраў на асобныя праекты, як тое ж факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. У той жа час пачалі складаць агульнарэспубліканскую праграму мерапрыемстваў, дасылаць прапановы нашым партнёрам, каб скаардынаваць свае намаганні. Пачалі думаць пра нетрадыцыйныя праекты, якія можна было б рэалізаваць у Беларусі і за мяжой, пра новыя формы — варыянты працы ў электронным асяроддзі, віртуальныя праекты, экспазіцыі, мерапрыемствы для дзіцячай аўдыторыі. Нас пачалі бачыць усюды ў свеце, намі пачалі цікавіцца.

Праца з папулярызацыяй спадчыны Скарыны і яго вобраза як у Беларусі, так і за яе межамі павінна працягвацца. Тут самае важнае (сёння ўжо адбываецца) — пэўная трансфармацыя людской свядомасці, нават культурная рэвалюцыя: беларусы пачынаюць ганарыцца, што яны беларусы. Беларусы ўсё больш вывучаюць сваю мінуўшчыну, даследуюць сучаснасць і дбаюць пра будучыню са свайго пункту гледжання. Не з іншага, як гэта раней бывала, а са сваёй пазіцыі, гледзячы на сябе, як і ўсе іншыя народы свету, як на цэнтр адліку. Калі мы кажам пра пазіцыянаванне сябе ў свеце, патрэбны апорныя моманты, якім і з’яўляецца Францыск Скарына, які паказвае нашу злучанасць з рознымі народамі, з рознымі культурамі, паказвае пэўнае падабенства ў кірунку развіцця і нашу адметнасць, пэўны ўзровень, які дазваляе нам ганарыцца і стаяць між іншымі роўнавысока.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».