Вы тут

Як вы ўтылізуеце адходы?


Такое пытанне мы адрасавалі жыхарам нашай краіны.


Кіраўнік праекта Цэнтра экалагічных рашэнняў «Зялёная карта» Марыя СУМА:

— Адходы бываюць розныя. Паперу я адношу ў спецыяльныя кантэйнеры, пластык таксама выкідваю ў кантэйнеры, якія размешчаны недалёка ад нашага офіса. Туды ж адпраўляюцца металалом і шкло. Батарэек у мяне практычна няма, але калі яны з'яўляюцца, то іх я адношу ў пункты прыёму БелВТІ. Для буйнагабарытных электронных адходаў таксама выклікаю службу, якая выводзіць падобныя рэчы. Лекі збіраю дома, нікуды не выкідваю. Арганічныя адходы, на жаль, выкідваю ў агульны кантэйнер. Чаму на жаль? Таму што ў нас у горадзе няма сістэмы паасобнага збору падобных адходаў. Вопратку адношу ў дабрачынны праект «KаlіLаskа». Я ўвогуле лічу, што трэба не толькі ўтылізаваць адходы, але і прадухіляць іх утварэнне. Гэта значыць, купляць тое, што можна шматразова выкарыстаць. Чаму неабходная ўтылізацыя? Трэба разумець, што многія адходы можна перапрацаваць і атрымаць рэсурсы. Звалка — гэта не абавязкова канчатковы вынік прадукту.

Спецыяліст па тэставанні кампаніі Nеklо Станіслаў ГАРАХАВІК:

— Не магу сказаць, што я актывіст у гэтым пытанні. Я стараюся выкідваць пластык у спецыяльны кантэйнер, які стаіць каля майго дома. Што датычыцца батарэек, то для іх у мяне на рабоце таксама ўстаноўлены кантэйнер. У цэлым, гэта ўсе мае намаганні. Але я б хацеў утылізаваць адходы паасобна, каб былі створаны неабходныя ўмовы. Напрыклад, калісьці арганізацыя, у якой я працую, захацела асобна выкідваць пластыкавы посуд. Справа ў тым, што мы штодня заказваем шмат абедаў, адпаведна, посуд трэба неяк перапрацаваць. Але нічога не выйшла: калі канкрэтна ў нашым офісе мы дамовіліся ўтылізаваць адходы раздзельна, то кіраўніцтва офіснага будынка ў цэлым не пайшло нам насустрач. Мне здаецца, гэта сапраўды важнае пытанне, таму хацелася б, каб пра гэты аспект гаварылі часцей.

Прадавец у прадуктовай краме Кацярына ШАЛКЕВІЧ:

— Дома мы з бацькамі сартуем усе адходы паасобку. Асобна збіраем пластык — гэта часцей за ўсё ёмістасці ад касметыкі, а таксама ўсякія ачышчальныя сродкі. Тэтрапакі мы выкідваем у сметнік для харчовых адходаў. У нас ёсць асобны сметнік для шкла. У сваім пакоі я асобна збіраю паперу, побач з прынтарам у мяне стаіць спецыяльная скрынка. Калісьці мой тата паглядзеў перадачу пра тое, як перапрацоўваюцца адходы, быў уражаны — і ўжо тры гады мы збіраем іх асобна. Часам бачу, што людзі ў кантэйнер для пластыку, шкла выкідваюць харчовыя адходы. І становіцца крыўдна, што яны так могуць рабіць. Каб зрабіць навакольнае асяроддзе хоць трохі чысцейшым, трэба пачынаць з сябе. Вельмі добра, што ў нашым двары ёсць кантэйнеры для асобнага збору смецця. І па дарозе на работу вельмі зручна выкідваць у гэтыя бакі пластык і шкло.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Арына КЛІМОВІЧ:

— Я асобна збіраю пластык, хоць спецыяльны кантэйнер знаходзіцца, мякка кажучы, далёка ад майго дома. Часам аддаю пластык бацькам, таму што да іх кантэйнеры знаходзяцца значна бліжэй. Таксама кардон і паперу я выкідваю ў кантэйнер, на якім напісана «Макулатура». Усё астатняе адпраўляю ў звычайную сметніцу. Чаму я пачала гэтым займацца? У нас у сям'і так прынята ўжо некалькі гадоў, з таго часу, як з'явіліся асобныя кантэйнеры. Што датычыцца макулатуры, то звычка збіраць яе асобна засталася яшчэ са школьных часоў. Дарэчы, цікавы момант: асобна я збіраю пластыкавыя накрыўкі ад бутэлек, таму што яны з'яўляюцца іншым відам пластмасы і перапрацоўваюцца асобна. У нас ёсць сябры сям'і, якія перадаюць гэтыя накрыўкі ў профільную арганізацыю. Мяне не радуе той факт, што людзі мала разбіраюцца ў гэтым пытанні. Нам сапраўды патрэбна нейкае інфармацыйнае суправаджэнне, каб жыхары Беларусі выкідалі смецце паасобку.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?