Вы тут

Знішчэнне жуком сасны ў лясах Беларусі расце ў геаметрычнай прагрэсіі


Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні сумесна з Інстытутам лесу НАН Беларусі і Міністэрствам лясной гаспадаркі разгледзела наступствы масавага знішчэння лесу насякомымі-шкоднікамі на тэрыторыі Беларусі і метады барацьбы з імі. Толькі за 7 месяцаў гэтага года больш за 12 тысяч гектараў сасновага лесу пацярпела ад вяршыннага і шасцізубага караеда. Каб выратаваць таварную драўніну, у тэрміновым парадку на гэтай вялізнай тэрыторыі прыйшлося высечы амаль 2 мільёны кубічных метраў пашкоджаных дрэў.


Знішчэнне жуком сасны ў лясах Беларусі расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Яшчэ летась высечкі пашкоджаных і расстроеных хвойных насаджэнняў не дасягалі і 4 тысяч гектараў!

«Біялагічным пажарам» у лясах называюць спецыялісты нашэсце жукоў-караедаў. А пачыналася ўсё з высыхання елак. З-за зніжэння ўзроўню грунтавых водаў яловым лясам стала не хапаць вільгаці. Вось тут і сталі размнажацца шкодныя насякомыя. Яны, як правіла, нападаюць на біялагічна аслабленыя дрэвы.

— Становішча абвастрылася з-за прыродных анамалій апошніх двух гадоў, — каментуе сітуацыю доктар сельскагаспадарчых навук, намеснік дырэктара Інстытута лесу Уладзімір Усеня. — Наступствы засухі і ўраганаў прывялі да аслаблення сасновых насаджэнняў, якія страцілі біялагічную ўстойлівасць і сталі прынадай для жукоў-караедаў. Цяпер трэба аператыўна выяўляць пашкоджаныя ўчасткі лесу і адразу ж, пакуль шкоднік не прывёў да канчатковай непрыдатнасці драўніну, праводзіць санітарную высечку дрэў.

Самыя шырокія ачагі пашкоджання сасновых лясоў выяўлены ў паўднёвых рэгіёнах краіны — у Брэсцкай, Гомельскай, частцы Мінскай і ў Магілёўскай абласцях. Масавае ўсыханне дрэў атрымала назву «караеднае ўсыханне сасны». Насякомае пералятае па паветры і засяляецца ў верхнюю частку дрэва. Гэтая акалічнасць істотна ўскладняе барацьбу са шкоднікам, бо на вялікай вышыні яго цяжка выявіць.

Экалагічна бяспечным метадам барацьбы з жукамі-караедамі, паводле слоў спецыялістаў, з'яўляецца ферамонны нагляд, заснаваны на ўжыванні сінтэтычных эфірных прэпаратаў і пастак бар'ернага тыпу. Гэты метад дазваляе правесці адпаведны маніторынг і своечасова выявіць пашкоджаныя ўчасткі лясоў.

Цяпер на выратаванні сасновых лясоў працуе больш як 5 тысяч чалавек. Праводзяцца санітарна-аздараўленчыя высечкі дрэў з прыцягненнем юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і мясцовых жыхароў. Максімальна спрошчана працэдура афармлення дазволаў на правядзенне гэтых работ, зменшана колькасць узгадненняў. Для грамадзян скарочаны тэрмін афармлення дакументаў на правядзенне высечак пашкоджанага лесу.

Завяршыць работы па ліквідацыі масавых ачагоў плануецца да 1 студзеня 2018 года. А да 1 чэрвеня 2018-га на высечаных участках плануецца пасадзіць маладыя дрэвы.

Ну а каб не дапусціць падобнай сітуацыі ў будучыні, Міністэрства лясной гаспадаркі сумесна з навукоўцамі распрацоўвае прагноз распаўсюджвання шкоднікаў на 2018—2019 гады. Акрамя таго, складзена тэхнічнае заданне і распачата работа па падрыхтоўцы комплекснай праграмы павышэння ўстойлівасці і аховы сасновых насаджэнняў у Рэспубліцы Беларусь ад шкодных арганізмаў.

Наталля Бітэль

Загаловак у газеце: Сосны ў небяспецы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?