Вы тут

У Беларусь вернецца залог за тару


І з'явіцца новая класіфікацыя адходаў.

Утылізацыя і захаванне цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) у Мінску маюць праблемны характар. Існуючыя палігоны перакрылі ўжо ўсе магчымыя і немагчымыя нарматывы. Пра гэта на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання заявіў нядаўна Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.


Апошнія 10 гадоў на аб'ектах захавання адходаў наводзяць парадак і скарачаюць іх колькасць. На мэце зменшыць яе да 130, што аптымальна для Беларусі. Аднак гэта павінны быць высокатэхналагічныя аб'екты, якія будуць адпавядаць усім патрабаванням экалагічнай бяспекі, заўважыў Аляксандр ЦЕРАХАЎ, міністр камунальнай гаспадаркі Беларусі, расказваючы пра нацыянальную стратэгію па абыходжанні з ЦКА і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Беларусі да 2035 года.

— Стратэгія складаецца з некалькіх модуляў, кожны з якіх скіраваны на стымуляванне выкарыстання другасных рэсурсаў і давядзенне яго ў 2035-м да ўзроўню 50%. Базавы модуль — гэта ўдасканаленне сістэмы ўліку, лагістыка, заканадаўства, сістэма кіравання і ўдасканаленне інфраструктуры.

Камунальнікі плануюць выкарыстоўваць цвёрдыя адходы ў вытворчасці энергіі, у прыватнасці на сарціровачных заводах у Гродне і Магілёве. Паралельна з гэтым жыллёвая служба займаецца праблемай выкарыстання цвёрдых адходаў на камунальных кацельных.

— Ужо распрацаваны эксперыментальны кацёл, і ў наступным годзе, напэўна, будзе збудавана першая кацельная, якая запрацуе з выкарыстаннем ЦКА, — паведаміў міністр ЖКГ.

Акрамя таго, плануецца ўвесці дэпазітную залогавую сістэму.

— Гэта ўспамін з савецкага мінулага, калі тару з-пад напою здавалі ў краму, бо атрымлівалі за яе ўзнагароджанне. Але сучасная сістэма будзе працаваць з выкарыстаннем новых тэхналогій, — дадаў ён.

Міністр таксама звярнуў увагу, што праблема захавання адходаў найбольш актуальная для сталіцы, улічваючы колькасць яе жыхароў, і запэўніў, што Мінску не ўдасца абысціся без стварэння завода для спальвання смецця. Гэтая прапанова таксама ўнесена ў нацыянальную стратэгію па абыходжанні з адходамі.

Ія МАЛКІНА, выконваючая абавязкі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, расказала, што Мінпрыроды сумесна з ЖКГ працуе над удасканаленнем работы з адходамі, і падзялілася планамі комплекснай карэкціроўкі дзейных нормаў у галіне абыходжання з камунальнымі адходамі і другаснымі рэсурсамі.

— Плануем маштабную перапрацоўку закона аб абыходжанні з адходамі з магчымым выхадам на кадыфікацыю заканадаўства ў гэтай сферы. Кардынальна мяняем тэрміналогію, якая выкарыстоўваецца ў заканадаўстве аб абыходжанні з адходамі. Распрацоўваем новы класіфікатар камунальных адходаў, суадносім класіфікацыю адходаў, якія ствараюцца ў Беларусі, з еўрапейскім класіфікатарам.

Яна паведаміла, што Мінпрыроды будзе прапаноўваць забараняць захаванне адходаў, якія не прайшлі першасную апрацоўку. А таксама ўводзіць адзіныя патрабаванні і правілы для суб'ектаў усіх формаў уласнасці, якія працуюць у галіне абыходжання з ЦКА.

Аптымальны варыянт для ўтылізацыі адходаў і іх перапрацоўкі, у тым ліку і тып завода для спальвання смецця, павінны выбіраць спецыялісты, дадала яна.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Смеццевая» стратэгія

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.