Вы тут

Беларускія школьнікі ўзялі бронзу на міжнароднай алімпіядзе геолагаў


Каманда школьнікаў з Беларусі заняла трэцяе месца на І Міжнароднай палявой алімпіядзе юных геолагаў.


«Юныя геолагі Беларусі» — так называецца каманда вучняў ДУА «Сярэдняя школа №53 г. Мінска», якія сёлета сталі трыумфатарамі ў міжнародным заліку спаборніцтваў. За перамогу ў алімпіядзе, што праходзіла ў сібірскім горадзе Кемераве, змагаліся 35 камандаў і больш за 300 удзельнікаў з шасці краін СНД: Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.

— Каб наша каманда з годнасцю прадставіла краіну на міжнародных спаборніцтвах, працавала шмат людзей, — расказала дырэктар філіяла «Інстытут геалогіі» ДП «НПЦ па геалогіі» Вольга Бярозка. — Падрыхтавацца і экіпіравацца да алімпіяды школьнікам дапамагалі супрацоўнікі Інстытута геалогіі, геаграфічнага факультэта БДУ, ААТ «Белгорхімпрам», РУП «Белдзяржгеацэнтр», расійская асацыяцыя «Навукова-тэхнічны цэнтр інавацыйнага нетракарыстання».

Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ Дзмітрыя Курловіча і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Сярэдняя школа №53 г. Мінска» Жанны Гвозд школьнікі вывучалі дадатковы матэрыял па геалогіі, трэніраваліся на вучэбнай геаграфічнай станцыі «Заходняя Бярэзіна». Справаздача аб гэтай працы і стала асновай для выканання аднаго з самых складаных спаборніцтваў алімпіяды — «Геалагічнага маршруту».

Лідзіравалі сярод іншых краін «Юныя геолагі Беларусі» і ў заданні «Апісанне геалагічнага помніка». Аб'ектам для сваёй працы яны выбралі помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Парк камянёў». Дарэчы, менавіта з яго вывучэння і пачаўся шлях сталічных школьнікаў ад захаплення геаграфіяй да ўдзелу ў Міжнароднай алімпіядзе па геалогіі.

— Мы ішлі ў разведку — каб зразумець, што гэта такое, а атрымалася, сталі пераможцамі, — гаворыць Жанна Гвозд. — Гэты шлях быў даволі складаны: часам пра тое, чым прыйдзецца займацца заўтра, хлопцы і дзяўчаты даведваліся толькі напярэдадні вечарам. Але ў іх была ноч, каб падрыхтавацца да спаборніцтваў, і... здаровая прага да перамогі. Таму ўсё і атрымалася.

Па словах Дзмітрыя Курловіча, каб стаць пераможцам такой алімпіяды, школьных ведаў аб геалогіі мала — патрэбна была практыка на базе галоўнага ВНУ краіны і пастаянная падрыхтоўка ў рэжыме анлайн.

Хлопцам і дзяўчатам так спадабалася ўдзельнічаць у алімпіядзе, што многія члены каманды ўжо гатовыя да новых спаборніцтваў,
а некаторыя з іх, напрыклад Арына Мурашова і Юлія Гаўрылюк, нават хочуць звязаць з геалогіяй сваю будучыню.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Фота Дзіяны ЛАЎРЫНОВІЧ

Загаловак у газеце: У разведку... па перамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».