Вы тут

Як клімат змяняе нас?


З верасня ў грамадскім транспарце і на тэлебачанні пачнуць трансляваць анімацыйныя ролікі на тэму адаптацыі да кліматычных змен, а беларускія школьнікі падчас пазакласных заняткаў змогуць стварыць уласныя відэа пра клімат.


Гэта стане магчыма дзякуючы інфармацыйнай кампаніі «Змяняецца клімат — змяняешся ты!», якая рэалізуецца Майстэрняй сацыяльнага кіно ў межах праекта «Форум усходніх краін па кліматычных зменах». Ініцыятыву падтрымалі Аўстрыйскі Чырвоны Крыж, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і ЕС. Партнёры праекта — Міністэрствы адукацыі і аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

— Ёсць скептыкі, якія не вераць у змяненне клімату і ўплыў чалавека на гэты працэс. Аднак кожны з нас адчуў рэзкую змену надвор'я гэтым летам. І нездарма, — адзначыла кандыдат геаграфічных навук, каардынатар праекта «Мясцовы клімат», МГА «Экапраект» Марыя Фалалеева. — Нягледзячы на тое, што Беларусь — краіна з умераным змяненнем клімату, тэмпература ў нас за паўстагоддзя павысілася на адзін градус. І гэта зусім не мала. Для параўнання: у межах Парыжскага пагаднення краіны імкнуцца дабіцца, каб тэмпература не змянілася больш чым на два градусы да канца стагоддзя.

Па словах спецыяліста, аднаго градуса дастаткова для пагаршэння якасці вады, павелічэння вегетацыйнага перыяду ў раслін, размнажэння пераносчыкаў хвароб, напрыклад кляшчоў. Павышэнне тэмпературы таксама адмоўна ўплывае на самаадчуванне людзей. Падлічана, што ў спякотныя дні звяртаецца па медыцынскую дапамогу і памірае значна больш беларусаў, чым у халодныя.

— Пазбегнуць змены клімату нельга ні пры якіх абставінах, бо гэта натуральны працэс. Кліматычная сістэма планеты досыць інертная, і мы яе ўжо сур'ёзна расхісталі. Нават калі з заўтрашняга дня ліквідаваць усе антрапагенныя выкіды ў атмасферу, усё роўна мы ўжо выкінулі досыць парніковых газаў, каб нейкі час падтрымліваць катастрафічныя тэмпы змены клімату. Таму сёння важна навучыць людзей адаптавацца да існуючых умоў надвор'я, — лічыць Марыя Фалалеева.

З гэтай мэтай у межах праекта «Змяняецца клімат — змяняешся ты!» былі створаны тры анімацыйныя ролікі і адзін сацыяльны, а таксама навучальны відэаметадычны матэрыял для школьнікаў. З верасня гэтыя работы будуць перададзены сярэднім школам і гімназіям па ўсёй краіне, а ролікі пачнуць круціць у грамадскім транспарце і на тэлебачанні. Таксама матэрыялы з'явяцца ў інтэрнэце на сайце Майстэрні сацыяльнага кіно sосkіnо.bу.

Што ж мы ўбачым? Першы анімацыйны ролік раскажа пра неспрыяльныя ўмовы надвор'я, другі — пра распаўсюджанне кляшчоў і меры барацьбы з імі, трэці — пра гарачае надвор'е, сацыяльны ж ролік прысвечаны кліматычным скептыкам. А метадычныя матэрыялы дапамогуць дзецям самастойна зрабіць відэа пра клімат.

— На глабальным узроўні пра клімат гаворыцца шмат. Але звычайныя людзі на вуліцы аб змяненні клімату нічога не ведаюць, — упэўнены намеснік дырэктара, прадзюсар культурна-інфармацыйнай установы «Майстэрня сацыяльнага кіно», каардынатар праекта «Змяняецца клімат — змяняешся ты!» Кастусь Варабей. — Мы вырашылі прысвяціць праект таму, што найбольш блізка чалавеку, — прыстасаванню да ўмоў надвор'я. Вядома, антрапагенны ўплыў на змяненне клімату — не менш важная тэма. Але яна будзе пададзена асобна і крыху пазней.

Эксперты спадзяюцца, што кліматычныя відэаролікі прыцягнуць людзей да экалагічных праблем і павялічаць узровень экалагічнай адукацыі насельніцтва.

Дарэчы, з'явілася спецыяльная кліматычная карта з парадамі, як паводзіць сябе ў канкрэтнае надвор'е. Знайсці яе можна на сайце Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа або МНС у раздзеле «Падрыхтоўка і рэагаванне на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі».

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».