Вы тут

“Зялёнае” святло Полацка


Любіць свой горад можна па-рознаму. Адны пішуць пра яго вершы і песні, іншыя імкнуцца праславіць працоўнымі дасягненнямі. А ёсць і такія, хто робіць старажытны горад сучасным, беражліва захоўваючы даўніну. Анастасія Адамовіч сярод іх. Ветлівая дзяўчына з цёплай усмешкай выбрала справай свайго жыцця "зялёную" энергетыку. У межах глабальнай еўрапейскай ініцыятывы "Пагадненне мэраў" яна вядзе праект "ГарСвятло" – энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення горада. Рэалізуюць праект Полацкі райвыканком і фонд "Інтэракцыя" пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.


– Анастасія, якія шляхі прывялі вас у “зялёную” энергетыку?

– Я чалавек цікаўны – люблю адкрываць нешта новае для сябе. “Зялёныя” ініцыятывы спачатку былі маім хобі. Разам з аднадумцамі мы займаліся імі ў якасці валанцёраў. Да глабальных праектаў, якія сёння развярнуліся ў Полацку, мы ішлі не адзін год. Затое цяпер можам ганарыцца тымі пераменамі, што робяць наш родны горад лепшым.

Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра тое, чым вы цяпер займаецеся.

– Полацк першым сярод гарадоў нашай краіны ў 2009 годзе далучыўся да еўрапейскай экалагічнай ініцыятывы “Пагадненне мэраў” і стаў на шлях устойлівага энергетычнага развіцця. У рамках пагаднення і быў распрацаваны праект “ГарСвятло”. Падчас яго рэалізацыі па ўсім горадзе заменяць электрычную сетку, з'явяцца самыя сучасныя святлодыёдныя свяцільнікі і аўтаматычная сістэма кіравання. Цяпер на 16 цэнтральных вуліцах горада мы мяняем звычайныя ліхтары на святлодыёдныя. Акрамя таго, старыя лініі электраперадач і слупы для ліхтароў, якія часта выходзяць са строю, мы таксама плануем замяніць.

– Адкуль узялася патрэба ў такой маштабнай мадэрнізацыі асвятлення полацкіх вуліц?

– Па-першае, святла проста не хапала: вуліцы ці асобныя іх участкі і сёння застаюцца цёмнымі, і не толькі ў нас, але і ў многіх іншых беларускіх гарадах. Якасць існуючага асвятлення вуліц таксама не самая лепшая. Па-другое, выдаткі, якія ідуць на забеспячэнне электрычным святлом горада, даволі вялікія. Па-трэцяе, звычайныя электралямпачкі ў ліхтарах зусім неэкалагічныя.

Згодна з праектам “ГарСвятло”, да 2019 года на цэнтральных і ўязных вуліцах Полацка з'явіцца 1280 новых энергаэфектыўных свяцільнікаў, як святлодыёдных, так і тых, што працуюць ад энергіі сонца і ветру. Іх аптымізацыя за кошт аўтаматычнага кіравання асвятленнем дазволіць выдаткаваць энергіі на 63% полацкіх вуліц.

Праект палепшыць таксама дэкаратыўнае асвятленне гістарычных будынкаў і помнікаў, што зробіць наш горад больш камфортным і прывабным для турыстаў. Колькасць святлодыёдных дэкаратыўных свяцільнікаў павялічыцца ў 2 – 2,5 разы, а іх энергаспажыванне пры гэтым знізіцца на 5%. Чакаецца, што гэтыя змены дазволяць гораду знізіць спажыванне энергіі больш чым на 1600 МВт/ч (прыкладна 15%) і паменшыць выкіды вуглякіслага газу больш чым на 750 тон.

– Напэўна, і грошай падобныя перамены патрабуюць нямала?

– Святлодыёдныя ліхтары каштуюць дорага, некалькі соцен еўра за адзінку. Разам з тым, яны эканомяць столькі электраэнергіі, што гэты кошт хутка адбіваецца. Лішніх грошай у гарадскім бюджэце, вядома, няма. Таму, задумваючы праект “ГарСвятло”, мы адразу пачалі шукаць іншыя спосабы фінансавання. Сур’ёзную падтрымку “зялёным” праектам аказвае Еўрапейскі Саюз, яго партнёр у Беларусі – фонд “Інтэракцыя”. Мы атрымалі грант на суму звыш 1.3 мільёна еўра. Разам з грашыма нам аказалі і тэхнічную падтрымку. Дзякуючы экалагічнаму руху “Пагадненне мэраў”, працуем у цеснай сувязі з калегамі-замежнікамі, пераймаем іх ідэі і досвед, але пры гэтым адаптуем пад беларускія рэаліі. Замежныя эксперты часта прыязджаюць у Полацк, даюць парады і праводзяць кансультацыі. Акрамя таго, штомесяц адбываюцца канферэнц-размовы па скайпу.

– “ГарСвятло” – гэта не толькі замена ліхтароў, але і пастаянная праца з гараджанамі. На што скіраваныя вашы іншыя мерапрыемствы?

– На рэальнае ўвасабленне ў жыццё новых падыходаў. У нашай краіне пакуль хапае прыродных рэсурсаў, і кошт электраэнергіі таксама невялікі. Але так будзе не заўсёды. Большасць беларусаў пакуль не навучыліся цаніць тое, што маюць. Гэта мы і імкнёмся змяніць.

Вельмі многа мерапрыемстваў арганізоўваем для дзяцей – ім лягчэй, чым дарослым, выпрацаваць звычкі штодзённага рацыянальнага падыходу да рэсурсаў. І ў той жа момант менавіта дзіця можа стаць для бацькоў тым самым штуршком на шляху да экалагічнасці.

– Акрамя праекта “ГарСвятло”,  у Полацку распачалі яшчэ адну цікавую экаініцыятыву – па развіцці гарадской мабільнасці.

– Сёння ў горадзе вялікая колькасць уласных машын, а грамадскі транспарт не адпавядае надзённым патрэбам людзей. У межах новага праекта мы імкнёмся зрабіць перамяшчэнне ў горадзе больш камфортным, бяспечным і, безумоўна, экалагічным.

Так, у мінулым годзе ў Полацку з’явілася першая веладарожка, яна пралягае праз праезную частку ў цэнтры горада і расцягнулася на 11 км выдзеленай паласы. На жаль, далёка не ўсе парадаваліся новаўвядзенню. Моцна абураліся некаторыя аўтаўладальнікі – дзеля веладарожкі “адабралі” адну паласу. Палачане пакуль не вельмі актыўна карыстаюцца веласіпедам як сродкам перамяшчэння, але думаецца, што гэта пытанне часу.

– Цяпер для вас экалогія – гэта праца. А на ўласнае жыццё яна свой адбітак таксама паклала?

– А як жа! Менавіта з уласнага жыцця і пачалося. Спачатку я замяніла ў сваім доме лямпачкі. Наступным крокам стаў збор смецця ў асобныя пакеты. Гэта, шчыра кажучы, аказалася не такім ужо і лёгкім заняткам. Прасцей скінуць усё ў адзін пакет, але я сябе пераадольвала і сарціравала асобна пластык, паперу, шкло... З іншага боку, успамінаю сваё дзяцінства: тады ўсе здавалі шкляныя бутэлькі, нікому цяжка не было і ніхто гэтага не саромеўся.

У мяне няма электрачайніка і мікрахвалёўкі – чамусьці многія забыліся, што ваду і ежу можна грэць і на пліце. Сваіх блізкіх і знаёмых я таксама імкнуся зацікавіць “зялёнымі” ідэямі. Напрыклад, на лецішчы ў бацькоў з’явілася кампосная яма. Цяпер там амаль “безадходная вытворчасць”.

У Еўропе “зялёныя” ініцыятывы даўно ўвайшлі ў штодзённае жыццё кожнага. У нас усё толькі пачынаецца. Нас вабіць высокі ўзровень заробкаў, але мяняць свае звычкі на шляху да “еўрапейскасці” не спяшаемся. Такім чынам, атрымліваецца, што мы самі тармозім сваё развіццё. Здаецца, ну як адна энергасберагальная лямпачка ці дадатковая сметніца на вуліцы можа паўплываць на нашу зарплату? Можа! Не забывайцеся, што “капейка рубель беражэ”. Уласны бюджэт кожнага з нас у многім залежыць ад дзяржаўнага бюджэту, і пра яго таксама варта клапаціцца. У Еўропе гараджане самі імкнуцца да эканоміі рэсурсаў – нам у напрамку экалогіі людзей пакуль што трэба падштурхоўваць…

Пачні з сябе

5 крокаў да “зялёнага” жыцця:

·        Замяніце звычайныя лямпачкі на энергасберагальныя. Так вы зэканоміце да 30% аплаты за электрычнасць. І памятайце, што прыборы, падключаныя да электрасеціва, таксама “ядуць” энергію (нават у выключаным стане).

·        Хаця б раз на тыдзень замест аўтамабіля і грамадскага транспарта карыстайцеся веласіпедам. Гэта дазволіць вам быць у тонусе, зэканоміць бензін і зменшыць забруджванне атмасферы.

·        Падчас чысткі зубоў і мыцця посуду не забывайцеся закрываць кран. Навошта, каб чыстая вада сыходзіла ў нікуды?

·        Пасадзіце дрэва! Яно будзе сінтэзаваць кісларод і радаваць вас шапаценнем лісця ўлетку.

·        Перастаньце набываць у прадуктовых крамах пластыкавыя пакеты. Замест іх купіце палатняную сумку. Сёння гэта самы модны трэнд!

 

Даведка

Анастасія Адамовіч нарадзілася і вырасла ў Полацку. Скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецяльнасці “менеджмент на вытворчасці”. Кардынуе працу груп па ўстойлівым энергетычным развіцці горада, а таксама праект “ГарСвятло”: энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў Полацку”. З’яўляецца тэхнічным экспертам праекта “Пагадненне мэраў – Усход II” у Беларусі.

Фота аўтара і з сайтаў eu-belarus.net і vk.com/polotskenergy

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.