Вы тут

Зніжэнне стаўкі рэфінансавання зменіць стаўкі па крэдытах і ўкладах


Нацыянальны банк аб'явіў аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання з 13 верасня на 0,5 працэнта да 11,5% гадавых. Гэта сёмае зніжэнне паказчыка з пачатку 2017 года. Услед за зніжэннем стаўкі рэфінансавання знізяцца стаўкі па крэдытах і ўкладах.


— Зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, — каментуе рашэнне Нацбанка фінансавы кансультант TeleTrade Жанна Кулакова, — абумоўлена галоўным чынам запаволеннем інфляцыі і нясе ў сабе як пазітыўны эфект для эканомікі, так і некаторыя рызыкі. Галоўны плюс — павышэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў для бізнесу і насельніцтва. Зараз крэдыты каштуюць амаль у два разы танней, чым год таму. У выніку сукупны аб'ём выдадзеных крэдытаў у першым паўгоддзі прырос на 0,8%, пры гэтым крэдыты насельніцтва выраслі на 7,5%, хоць у аналагічным перыядзе мінулага года адбылося скарачэнне на 0,2%. Прыватныя прадпрыемствы пакуль крэдытуюцца не гэтак актыўна — сукупны партфель такіх крэдытаў з пачатку года скараціўся на 1%. Але важна, што пры гэтым рублёвыя крэдыты прыватнага бізнесу выраслі на 12,7%, а валютныя — скараціліся на 6,8%. Відавочна, што дзякуючы збліжэнню ставак па рублёвых і валютных пазыках пачала расці доля рублёвых крэдытаў.

З другога боку, зніжэнне ставак па крэдытах прыводзіць да росту спажывецкага попыту і пашырае магчымасці бізнесу для далейшага развіцця. Гэты фактар робіцца адным з слупоў эканамічнага росту, які нарэшце намеціўся ў Беларусі сёлета.

Адваротным бокам медаля ў гэтым выпадку з'яўляецца падзенне ставак па дэпазітах, што негатыўна ўплывае на інвестыцыйную прывабнасць беларускага рубля. За апошнія месяцы замарудзіліся як тэмпы прыросту рублёвых укладаў, так і тэмпы скарачэння валютных. А па выніках ліпеня і зусім склалася даўно забытая сітуацыя: валютныя ўклады фізічных асоб выраслі, а рублёвыя — скараціліся. Апошні раз такое здаралася ў кастрычніку 2015 года, амаль два гады таму. Нягледзячы на тое, што стаўкі па ўкладах па-ранейшаму перавышаюць тэмпы росту цэн і абараняюць зберажэнні ад інфляцыі, далёка не ўсе беларусы гатовыя трымаць рублі ў банку пад 7—10%. Хоць такія стаўкі, вядома, значна бліжэй да нормы, чым некалькі дзясяткаў працэнтаў гадавых.

Казаць аб кардынальных зменах паводзін укладчыкаў пакуль рана, але званочак трывожны. Не хацелася б, каб адток рублёў з банкаў на фоне прытоку валюты стаў устойлівым трэндам. Гэта ідзе ў разрэз з палітыкай дэдаларызацыі эканомікі, якая актыўна праводзіцца
ў апошнія гады.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Зніжэнне ставак — больш даступныя крэдыты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».