Вы тут

Архітэктура палаца князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне


Мне давялося пазнаёміцца з архітэктурай палаца князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне не толькі дзякуючы таму, што часта бываю там, але і праз паралелі гістарычнага артыкула польскага вучонага Рамана Афтаназы. Усё сыходзілася: мураваны двухпавярховы будынак на высокім цокалі, «тры ўзаемна звязаныя аб'ёмы, сярэдні, злёгку адсунуты ўнутр аб'ём, быў ніжэйшы, чым бакавыя, і ствараў на галоўным фасадзе порцік». Шырокія ўваходныя дубовыя дзверы, а па баках яшчэ больш шырокія, амаль квадратныя вокны. Глядзіш праз двайное шкло ўвечары, а агнёў на вуліцы ці не ў чатыры разы больш звычайнага. З каментарыем уся грувасткасць гмаху ўражвае яшчэ больш. Сцены вялікага салона аздоблены дубам. Праўда, кудысьці знік у «перабудовачны час» польскі паркет, паскрыпванне якога пад нагой павявала б быліннасцю. Злева плітачна-металічная лесвіца вядзе на другі паверх, на яе месцы зноў-такі некалі была дубовая, а пад ёй — княжыя ванны. Жырандолі не жырандолі, а масіўныя сучасныя свяцільнікі, заказаныя ў Мінску, звісаюць з высачэзных столяў і высвечваюць, здаецца, моманты далёкай гісторыі. Уражвае сваім інтэр'ерам дабудаваная пасля вайны актавая зала. Усё сыходзіцца. І толькі княжая бібліятэка ды архіў княжага роду знаходзяцца, на жаль, у Кракаве.


— А не страшна ноччу? — пытаюцца амаль усе госці палаца. Так, да трэскаў, піскаў, адным словам, «дыхання» дубовых сцен трэба прывыкнуць, вывучыць іх, бо яны маюць здольнасць, як і кожнае дрэва, усыхацца, набрыньваць. Па трубасцёках амаль заўсёды імкне вада — ці дождж, ці аселая вільгаць. А гукі падзення кропляў з другога паверха на сучасныя пластыкавыя навесы над уваходамі ў цокальныя памяшканні падобныя на выбухі петардаў.

Высокія столі, амаль метровай таўшчыні сцены палаца, адумысная планіроўка напаўняюць памяшканне дзівосным рэхам нават пры дыханні. Гаварыць на адлегласці двух метраў у незапоўненай параднай зале амаль немагчыма. Кашлянеш — здаецца, увесь горад чуе.

А наогул, з кожным жылым памяшканнем патрэбна пасябраваць. І, калі нават апоўначы з'явіцца да цябе князь ці княгіня, неабходна ведаць іх імя і інтарэсы. Яны любілі, як князь Францішак Ксаверый, сваё далёкае Вялікае Княства Літоўскае. Ён марыў разам з кампазітарам і сваім сябрам Міхалам Агінскім пад апекай рускага цара аднавіць сваю недалёкую па часе дзяржаву. Утопія. Складзены ім праект проста не спатрэбіўся, бо пачалася вайна з Напалеонам, калі ніводзін беларускі князь не мог вызначыцца, якому Богу маліцца. А з'явіцца ў палацы нястомны аматар хуткай язды на аўтамабілі князь Уладзіслаў, з ім можна пагаварыць пра сучасны і тагачасны «фольксфаген». Графіня Марыя, будучая жонка Францішка, часта бегала да невялічкага азярца, якое знаходзілася каля сучаснага скрыжавання Савецкай і Астроўскага. Трэба ж, нарэшце, высветліць, пазначаў князь сваіх рыбак залатым кольцам ці не. Усё ж вялікі клопат, калі наступае нераст.

Па начах асабліва плённа думаецца пра дзённыя сустрэчы.

— А Чорная нясвіжская Дама не прыходзіць часам? — пытаецца адна сучасная брунетка-князёўна, відаць, аматарка даўніх легендаў.

Але ж гэта не яе ўладанні. Прыходзяць тутэйшыя. Такі, напэўна, жаночы лёс, што ўсе яны бываюць пакрыўджанымі каханнем. Князёўна Аліна, праўнучка Францішка, пакахала гальшанскага князя Ануфрыя. Яны сустрэліся на адным з віленскіх баляў. Усё адбылося імгненна. Танец, некалькі высокіх інтымных слоў. Тэрасны парк. Нават пацалунак. Тагачасныя абяцанні памятаць і думаць, напэўна, значылі больш, чым сёння. Наступны раз яны ўбачыліся ўжо ў Гародні, у Старым Замку, праз паўгода. Ён — у чорным вячэрнім фраку і яна ў бялюткай бальнай сукенцы — збеглі па крутой дубовай лесвіцы ўніз да Нёмана і каталіся на лодцы. Развіднела. Іх аднесла ўніз па цячэнні. У палацы — перапалох. Калі закаханую пару знайшлі, госці без лішніх слоў вырашылі асноўнае пытанне — вяселле. Але — першая руская рэвалюцыя. Князь Ануфрый, захоплены гісторыяй дзекабрысцкага руху, часова ў Пецярбургу. А потым вязнем — у Сібіры. Аліна нават не ведае, што з ім здарылася. Колькі ні пасылалі да яе сватоў — адмаўляла. Вось яна праз шмат гадоў, спакойная, сумная, у палацы сваіх продкаў. Я таксама маўчу. Князёўна падымаецца з майго нязвыклага для яе крэсла, высокая, стройная, цёмнавалосая, з правільным прывабным профілем, здаецца, у той самай бальнай сукенцы, ідзе праз шырокія дзверы. І толькі чуецца паскрыпванне прыступак пад яе лёгкімі крокамі. Лесвіцы, па якой пайшла князёўна, я чамусьці не памятаю, не ведаю. Хочацца кінуцца ўслед, але крокі сціхаюць, і дарэмна гарыць у маіх напружаных руках кішэнны ліхтарык.

Аднойчы пад вечар усчаўся парывісты заходні вецер. Звонку аб сцены палаца і калоны порціка біліся, свісталі яго вар'яцкія парывы. Здавалася, канца яму не будзе. Але апоўначы вецер нібы ўлёгся ў кронах бліжэйшых клёнаў і бяроз. Неба праяснілася, і нават выглянулі зоркі. Людзі ўжо не ішлі дарожкамі паўз палац, з цікаўнасцю заглядваючы на высокія аканіцы, як днём.

Раптам за шыбамі прыцемненых акон аднекуль выбілася свячэнне, якое дробненька мільгацела на фоне начнога неба, быццам трапяталі белыя крылцы цёмнага дзіцячага сілуэта. Воблік заплыў у аконнае святло, і вырысаваўся зусім юны тварык, абрамлены кучаравымі русымі валасамі. Ужо праступіла светлае адзенне, што закрывала, як стыхар, увесь сілуэт хлопчыка. Над галоўкай выразна свяціўся німб. Гэта ж анёлак!

Нас падзялялі ўсяго два тонкія шкельцы. Несумненна, анёлак мяне бачыў, ён узмахнуў крыламі і апынуўся каля самай балюстрады. Што было б далей — невядома, каб ён не загаварыў. Голасу не чулася, але — дзіўна — я разумеў яго па руху вуснаў:

— Я служу Богу-лекару. Непадалёк адсюль даўным-даўно стаяў маёнтак. Я памятаю сваіх родных і час ад часу малюся за Шчучын.

Хутчэй ад страху няясна гучала-прыпаміналася старабеларуская гаворка ліцвінаў, на якой гаварыў анёлак.

— А ты па якой графскай лініі знаходзішся ў сценах палаца? — ужо на чыстай беларускай мове прадаўжаў анёлак-збаўца.

Што я мог сказаць у апраўданне. Ні гаспадар, ні арандатар, ні... «Ахоўнік мінуўшчыны» падыходзіла найлепш, і дзіцячы тварык асвяціўся ўсмешкай.

— Я ўвасобіўся ў цела маленькага графа, які тут загінуў, калі ўпаў з каня пасля выбуху шведскага снарада тры стагоддзі таму. Я сышоў на зямлю, каб пазбавіць болю маці таго хлопчыка, якая праз усё жыццё пакутуе і кляне сябе за смерць малога графа, бо адпусціла яго аднаго пакатацца. Вінаваты ж ворагі, што прыйшлі на нашу зямлю. Я дапамагу і табе, — працягваў анёлак. — Да сустрэчы.

Анёлак узмахнуў белымі крыламі — я іх бачыў выразна, бо прасвятлела раніца — і без прыкметных намаганняў знік за магутнымі калонамі.

...Нечакана пусціўся густы дожджык. І набралася пад дахам палацавага порціка добра-такі людзей. Асабіста мне гэта затуленая з трох бакоў і прыкрытая зверху галерэя падабаецца, сюды бягуць схавацца часта. Тлумачу, што ад непагадзі беражэ маіх гасцей порцік, каляровая плітка якога памятае яшчэ крокі былых гаспадароў.

— Утульны порцік, — заключае адзін з пацярпелых ад дажджу. І я згаджаюся: утульны. Тым больш з кветкамі, якія раскашуюць на жалезных кованках і ў час вячэрняга дажджу пахнуць асабліва духмяна аж з мінулых княжых вякоў, калі жыла і кахала юная Марыя, калі вяртаўся князь Друцкі-Любецкі з усіх еўрапейскіх сталіц у свой ціхі Шчучын, каб памаліцца ў касцёле Святой Тэрэзы за сваю Айчыну.

Рычард БЯЛЯЧЫЦ

Фотакалаж Людмілы НЕМНЫ

Загаловак у газеце: Утульны порцік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».