Вы тут

Рознакаляровасць


Яна НІКІФАРАВА

нарадзілася 17 студзеня 2002 года ў Мінску. Вучыцца ў гімназіі №1 імя Ф. Скарыны. Абсалютны пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры 2016-2017 н.г. Захапляецца альтэрнатыўнай беларускай культурай, з задавальненнем наведвае канцэрты сучасных беларускамоўных рок-гуртоў. Вельмі натхняе яе беларуская гісторыя, творчасць Вольгі Гапеевай і Вальжыны Морт, а асаблівым чынам – песні Лявона Вольскага. 



РОЗНАКАЛЯРОВАСЦЬ

***

складаю сумныя вершы

пра вясёлую рэчаіснасць

рыфмую першы

радок

са станам узрушанай душы

непахіснай

здаецца сцяна вершаскладання

 

мару

што калісьці я зазірну за яе

і адкрыецца перад вачыма

неабсяжны прастор

вясёлай рэчаіснасці

якую так сумна

так безвыходна

апісваю я непахіснасцю

невершаваных вершаў

 

***

бывае час

калі глядзіш на яскравую рознакаляровасць

а твая ўнутраная прызма

змяняе аранжавы колер на шэры

ўраз

губляецца сэнс

і суцяшае бадай толькі тое

што пакуль ты губляеш веру

хтосьці

яе знаходзіць

 

***

дасягаеш абсалюту калі

спяваеш

не задумваючыся пра чысціню нот

і яны адлятаюць у паветра

рэжучы слых выпадковым мінакам

а ты спяваеш

і спяваеш

et cetera

захапляешся жыццём

забыццё

сінонім слова “абсалют”

калі мы спяваем

не зважаючы на адсутнасць голасу

калі гартань вырваная з коранем

а ў цябе жыццё

кіпіць

і па́ра(?) фармуе песню

ляціць у паветра

і ты жывеш

і жывеш

et cetera

 

Тваё дэкадэнцтва

унутры няма надзеі

і ты адлятаеш на яе пошукі

кудысьці далёка

далёка назад

у тыя часы

калі спёка пачуццяў

яшчэ не спаліла ўнутраны сад

забіўшы ўсе кветкі

ўсе дрэвы

ўсе сэнсы

 

дэкадэнцтва

цяпер тваё любімае слова

а раней любімым

было слова радасць

 

унутраная аснова

зламалася

не пакінуўшы рэшткаў

не пакінуўшы месца на новы

квяцісты сад

застаўся толькі шлях

апалены

шлях назад.

 

***

я чакаў

а яна не прыйшла

прабач

сціплыя літары

на разраджаным экране

ўбачыў

у разраджаным сэрцы

рэхам сумнае

“ты мне не патрэбны”

мне засталося хіба памерці

накрыўшыся коўдрай

пад якой мы разам

смяяліся

мушу назаўсёды сцерці

твае ўсмешкі

з кватэрных шыбаў

і тэлефоннага дысплэя

каб

не спяшаючыся

ў скрусе загінуць

ідучы па алеі памяці

з тваіх абдымкаў.

 

Маленькая смерць

прыйшла

ноч

ты чакаў яе

з нецярплівасцю дзіцяці

якому абяцалі падарунак;

апроч

зорак

ніхто не перашкодзіць

гуляць думкам у галаве стомленай

пакуль золкі

світанак не прыйдзе;

кладзешся

на ложак

і разумееш, што ён цвёрды

і халодны

не можа

яго ніхто сагрэць

для цябе;

кладзешся

і выгляд

робіш, што спіш

а насамрэч сам сабе распавядаеш казку

пра гібель

сваіх мар.

 

Безліч планет

калісьці

я думала, што восем планет

рухаюцца па арбітах

выйсця

не шукаючы з кругазвароту

адвечнага

цяпер

я разумею

што планет значна больш

азірніся навокал

павер

і ты ў гэта

побач ходзяць людзі

і кожны з іх

планета

са сваёю фаўнай і флорай

са сваёю марай

і сваім Сонцам

што апета

акружана арбітай, па якой рухаецца

планета

на кожнай

у кожнай

выбітнае жыццё

якое дыхае трывожна

змагаючыся

за існаванне

дай сваёй планеце шанец

каб увесь

наш зямны свет

ператварыўся ў маленькую галактыку

ў якой нараджаецца

танец

сямі мільярдаў

планет-людзей.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.