Вы тут

Тамара Джумантаева: “Родны горад дае сілы і натхненне”


Надзвычай багаты сёлетні год для старажытнага Полацка на юбілейныя даты. 19 верасня – адна з іх: споўніцца 50 гадоў, як была прынятая Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР аб стварэнні гісторыка-археалагічнага музея-запаведніка ў Верхнім замку і далучэнні яго да Полацкага краязнаўчага музея. У 1985 годзе запаведніку быў прысвоены статус самастойнага музейнага аб'яднання. Пра станаўленне і перспектывы развіцця Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка мы гутарым з яго дырэктарам Тамарай Аляксандраўнай ДЖУМАНТАЕВАЙ.


Віншуем вас і ўсіх супрацоўнікаў Полацкага музея-запаведніка з юбілеем! Прыемная нагода, каб пагаварыць пра здзяйсненні і зазірнуць у будучыню.

– Музейныя традыцыi ў нашым горадзе вельмі даўнія, бяруць пачатак яшчэ ў XI ст., калi ў Сафiйскiм саборы i Спасаўскiм манастыры пачалi збiраць цэнныя кнiгi i абразы. Умоўна манастырскiя скарбы можна назваць калекцыямi музейнага характару. Iх iснаванне стала падмуркам, на якiм пачалося стварэнне музея ў Полацкiм езуiцкiм калегiуме (1788 – 1820 гг.). Гэта быў адзін з першых музеяў на тэрыторыi Беларусi. Спецыяльна для яго вядомы тагачасны архітэктар, інжынер і багаслоў, генерал Ордэна езуітаў Габрыэль Грубер спраектаваў i пабудаваў трохпавярховы будынак. Музейныя калекцыі Полацкага езуіцкага калегіума насілі асветнiцкi характар: пашыралі кругагляд вучняў, далучаючы iх да агульначалавечых каштоўнасцяў, выхоўвалі мастацкi густ, спрыялі засваенню ведаў, абуджалі да даследаванняў гiсторыi i прыродазнаўства.

Варта зазначыць, што з першых гадоў савецкай улады (1918 – 1924 гг.) у Полацку таксама ўдзялялася асаблівая ўвага ахове помнiкаў даўнiны i мастацтва, гэтым займаліся аддзел народнай адукацыі і павятовая камісія, а ў 1925 годзе было арганізаванае краязнаўчае таварыства. Стварэнне Полацкага краязнаўчага музея адбылося разам з адкрыццём першых савецкiх музеяў – у 1926 годзе ў будынку Сафійскага сабора. На жаль, у час Вялікай Айчыннай вайны старажытныя рукапісы, што захоўваліся там, а таксама калекцыі зброі і старадрукаваных кніг былі згубленыя. Пазней краязнаўчы музей узнавіў сваю дзейнасць у будынку лютэранскай кірхі на Ніжне-Пакроўскай вуліцы.

Нягледзячы на iмкненне партыйнага кiраўнiцтва БССР накiраваць музейную справу ў iдэалагiчнае рэчышча, краязнаўчы музей выконваў больш шырокія задачы – садзейнiчаў захаванню гiсторыка-культурных каштоўнасцяў і выхаванню ў гараджан самасвядомасцi ў адносiнах да нацыянальнай спадчыны.

У 1967 годзе дзяржавай былі прынятыя вельмі важныя захады для захавання ўнікальных помнiкаў гiсторыi i культуры старажытнага Полацка. Пастанова аб стварэнні гісторыка-археалагічнага музея-запаведніка ў Верхнім замку, побач з Сафійскім саборам, дазволіла ўзяць пад ахову існуючыя аб’екты VII – VIII стст. і больш позняга часу, распачаць іх раскопкі і навуковыя даследаванні, рэстаўрацыю. Гэта быў другі ў СССР музей такога кшталту: першы – Уладзіміра-Суздальскі гісторыка-мастацкі і архітэктурны музей-запаведнік – быў створаны ў 1958 годзе і аб’ядноўваў групу архітэктурных помнікаў рускага жылога, абарончага і царкоўнага дойлідства.

Вядома, праз гады і вякі, войны і пажары нямала каштоўнасцяў страчана. Аднак і сёння Полацк уяўляе сабой унiкальную гiстарычную тэрыторыю, якая досыць насычана помнiкамi архiтэктуры i культуры. Напрыклад, горад захаваў гiстарычную забудову XVIII – пачатку XX стагоддзяў. Выключная каштоўнасць іх заключаецца ў аўтэнтычнасцi. Гэтыя помнiкi ахоўваюцца, вывучаюцца, рэстаўруюцца i прыстасоўваюцца пад музейныя экспазiцыi. Музейны збор Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка сёння змяшчае амаль 100 тысяч адзiнак захавання.

– Тамара Аляксандраўна, вы аддалі больш за  30 гадоў свайго жыцця музейнай справе і стаялі ля вытокаў сучаснай канцэпцыі музея-запаведніка.

– Так, у 1985 годзе адбылося як бы другое нараджэнне Полацкага музея-запаведніка – яму прыдалі статус самастойнай установы. Узначаліла яго начальнік аддзела культуры гарвыканкома Таццяна Давыдаўна Рудава. Гэта быў вельмі высокаадукаваны, дзейсны і адказны чалавек, а галоўнае, яна вельмі любіла горад Полацк. Вакол сябе Таццяна Давыдаўна стала збіраць такіх жа апантаных любоўю да роднага краю людзей, якія не толькі мелі пэўныя веды або арганізатарскія здольнасці, але і былі амбіцыёзнымі ў прафесіянальным плане. У нас склаўся дзеяздольны творчы калектыў, мы былі маладыя і мелі неверагоднае жаданне стваральніцкай працы дзеля свайго горада.

Варта зазначыць, што археалагічныя раскопкі і рэстаўрацыйныя работы, што вяліся музеем у папярэднія гады, сталі выдатнай асновай для пачатку сур’ёзнай музеефікацыі. Дакументацыя для навуковай інвентарызацыі  была складзеная вельмі граматна, захаванасць гісторыка-культурных аб’ектаў таксама была на ўзроўні.

– Сухі тэрмін “музеефікацыя” неяк не зусім асацыіруецца з натхнёнасцю і творчай працай па стварэнні музейнай прасторы.

 – Многія не любяць гэтае слова, нават камп’ютар падкрэслівае яго, бо лічыць няправільным. Аднак сутнасць нашай працы заключалася менавіта ў музеефікацыі – пераўтварэнні архітэктурных помнікаў старажытнага горада ў аб'екты музейнага паказу, максімальна поўным выяўленні іх гісторыка-культурнай, навуковай, мастацкай каштоўнасцяў. Вельмі цікавы і творчы працэс, у якім важная кожная дэталь, фрагменты асяроддзя, традыцыі, што існавалі або існуюць на дадзенай тэрыторыі, і шмат іншых, здавалася б, “дробязяў”. Музеефікацыя з’яўляецца неад'емнай часткай сучаснай сусветнай музейнай практыкі.

Першыя гады былі вельмі плённымі. За кароткі час у горадзе было створана пяць паўнавартасных і надзвычай цікавых музеяў. Музеефікацыі стала падвяргацца культурная прастора – на сённяшні дзень мы падыйшлі непасрэдна да наматэрыяльнай спадчыны Полаччыны.

Тады, у 1985 годзе, цэнтральнымі аб’ектамі для нашай працы сталі нядаўна адрэстаўраваныя Сафійскі і Багаяўленскі саборы, а таксама памяшканні былой Полацкай брацкай школы, у якой вучыўся, а затым выкладаў Сімяон Полацкі. Асабіста мне пашчасціла працаваць у групе па стварэнні Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.

Гэты храм перажыў шмат драматычных падзей, у выніку якіх страціў свой першапачатковы выгляд, аднак Сафійскі сабор правамерна лічыцца пачаткам каменнага дойлідства на Беларусі. Да сённяшніх дзён тут захаваліся сведкі часоў Полацкага княства: падмурак, алтарная апсіда, фрагменты старажытнай муроўкі, фрэскавыя роспісы канца ХІ ст. і інш. Сярод экспанатаў ёсць рэдкія прадметы, знойдзеныя пры раскопках Верхняга замка: скандынаўскі залаты пярсцёнак, віслая пячатка кіеўскага князя Усевалада, плінфа з сімваламі Рурыкавічаў – усё гэта датуецца ХІ ст. З больш позняга перыяду цікавасць выклікаюць копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы “Тайная вячэра”, барэльеф “Троіца Новазапаветная”, тэмперны жывапіс “Спас Нерукатворны”. Працуючы з такім матэрыялам, сапраўды адчуваеш трапяткое дыханне Гісторыі... Нам вельмі хацелася, каб гэты подых мінуўшчыны не пакінуў раўнадушнымі сучаснікаў, каб музей жыў і дарыў наведвальнікам неспадзяваныя адкрыцці. Ідэя сумясціць музей і канцэртную залу была як нельга дарэчы – канцэрты камернай музыкі праходзілі ў саборы і раней, а з 1985 года тут загучаў арган.

З прафесійнага пункту гледжання, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора – адзін з найбольш змястоўных, дзе вельмі граматна пададзеная каштоўная гістарычная спадчына Полаччыны. Гэта быў выдатны пачатак для нас. Адначасова вялася праца ў розных накірунках – музей баявой славы, мемарыяльная кватэра Героя Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанкі, музей ткацтва, музей кнігадрукавання, домік Пятра І або музей гісторыі адной вуліцы... Словам, тэмп нашага жыцця быў скорасны!

– Якая ідэя вамі рухала? Зрабіць Полацк самым музейным горадам Беларусі?

– Гэта фармулюецца крыху інакш – стварыць горад-музей. Але не проста выпадковы набор музеяў, як, напрыклад, “Музейны востраў” у Берліне. Хутчэй накшталт Венецыі – горада-гісторыі, горада-музея пад адкрытым небам. Наша канцэпцыя імкнулася звязаць у адзінае Полацкую гісторыю праз розныя музеі, розныя перыяды і падзеі.

Помнік шкаляру часоў Скарыны каля Дзіцячага музея – гэта менавіта нанізванне на адзіную “чырвоную нітку” гістарычнай спадчыны. Лічу, у нас атрымалася, і не знешнімі дэталямі, якія прызваныя ствараць запамінальныя вобразы, а самімі экспазіцыямі. У іх адзіная скіраванасць, адзіны дух, інфармацыя плаўна перацякае з аднаго музея ў другі. Прычым няма паўтораў, але ёсць сувязь часоў, найбольш важныя этапы гісторыі Полацка крыжуюцца, аднак падаюцца новыя факты, робяцца іншыя акцэнты. Дарэчы, усе полацкія музеі пабудаваныя на музейным прадмеце. Гэта вельмі важна. Сёння ва ўсім свеце імкнуцца да аўтэнтыкі, да сапраўдных рарытэтаў.

Вельмі актыўна ішло музейнае будаўніцтва падчас дырэктарства Мікалая Мікалаевіча Ільніцкага, які ўзначаліў наш гісторыка-культурны музей-запаведнік з сярэдзіны 1990-х. Ён зрабіў усё магчымае, каб запаведнік стаў “нацыянальным”, і марыў пра статус “горад-музей” для Полацка.

На жаль, заканадаўча такі статус у нашай краіне пакуль не вызначаны. Калі я была запрошаная ў якасці члена экспертнага савета па музеялогіі на сесію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, я падавала адпаведны запыт. Усе падставы назвацца горадам-музеем ёсць сёння і ў Гродна, і ў Нясвіжа. Будзем спадзявацца, што музейшчыкаў пачуюць. Гэта паспрыяе захаванасці нашай гісторыка-культурнай спадчыны, развіццю турызму і пашырэнню міжнароднага навуковага супрацоўніцтва.

– Сёлета, у юбілейны год, найбольш прыцягвае да сябе ўвагу Музей беларускага кнігадрукавання.

– Наведвальнікаў тут чакае нямала прыемных сюрпрызаў. Музей адчыніў свае дзверы ў верасні 1990 года, да 500-годдзя з дня нараджэння нашага першадрукара Францыска Скарыны. Зараз мы абнавілі некаторыя вітрыны, змянілі асобныя экспазіцыі, палепшылі асвятленне. Хоць зазначу: унесці абнаўленні было даволі складана, бо музейная прастора арганізаваная выключна прафесійна. Стваральніцай навуковай канцэпцыі і першым дырэктарам гэтага музея была мая каляжанка Галіна Пятроўна Ладзісава, цяпер – дырэктар музея гісторыі горада Мінска. Яна прачытала сотні кніг, наведала дзясяткі архіваў і самыя вядомыя бібліятэкі Масквы, Пецярбурга, Вільнюса, нават не забаялася звярнуцца да генеральнага дырэктара Эрмітажа Піятроўскага з просьбай “дапамагчы новаму музею і падзяліцца рарытэтамі”. Сёння такое ўжо наўрад ці было б магчыма. Аднак дзякуючы энтузіязму і напорыстасці Ладзісавай маем багаты скарб: больш за паўтары тысячы музейных экспанатаў, прысвечаных гісторыі кнігапісання, кнігадрукавання, беларускай кнігі і пісьменства.

Да юбілейных святаў плануем выставіць у музеі помнік нацыянальнай кніжнай культуры – “Малую падарожную кніжку”, надрукаваную Францыскам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе; яна не так даўно папоўніла карпаратыўную калекцыю “Белгазпрамбанка". Віртуальна яе можна будзе нават пагартаць, нашы спецыялісты зрабілі лічбавую копію. Таксама можна ўбачыць пячатку Еўфрасінні Полацкай, якую знайшлі падчас раскопак Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра два гады таму. Пячатка праляжала ў зямлі больш за восем стагоддзяў, але нягледзячы на гэта знаходзіцца ў добрым стане. Адбудзецца выстаўка памятных манет “Шлях Скарыны". Акрамя таго, у Сафійскім саборы пройдзе прэм'ера сюіты Таццяны Кароткінай, прысвечаная першадрукару. А ў Дзіцячым музеі з 1 верасня пачне працаваць выстава “Падручнік-чараўнік", якая раскажа пра тое, як з'явіўся першы буквар і якія кнігі выдаваліся ў Беларусі для дзіцячага чытання.

Цікава

 

 На пачэсным месцы ў нашым музеі можна ўбачыць добра вядомы ўсім "Буквар" Анатоля Клышкі, па якім вучыліся многія беларусы. Сапраўды легендарная кніга! У 1975 годзе на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Лейпцыгу (Германія) буквар узяў вышэйшую ўзнагароду, заваяваў Гран-пры і быў абвешчаны лепшай кнігай свету. Гэта адзіная кніга з усіх нацыянальных буквароў былога СССР, якая ўзнагароджана залатым медалём міжнароднай кніжнай выстаўкі.

Музей кнігадрукавання мае адзін сакрэт: у ім як быццам схаваная яшчэ адна ўстанова –  музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, якая адначасова з’яўляецца навуковай бібліятэкай горада і якую асабліва ўпадабалі студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта.

– Вы згадалі пра лічбавую копію “Малой падарожнай кніжыцы” Скарыны. А наколькі актыўна сёння вашы музеі карыстаюцца інфармацыйнымі тэхналогіямі?

– Я прытрымліваюся непапулярнага меркавання Наталлі Талстой, члена прэзідыума Міжнароднага савета музеяў (ICOM) ад Расіі: у музеязнаўстве вельмі складана спалучыць інфармацыйныя тэхналогіі і сапраўдны прафесіяналізм, каб нічога не загубіць. Аўтэнтычнасць, рарытэты цэнныя самі па сабе, а не электронныя копіі. Магчыма, ёсць сэнс іншы раз паказаць на экране нейкія вельмі старажытныя або вельмі крохкія прадметы, якія маюцца ва ўласных фондах. Афармленне ж музейных залаў “чужымі” аб’ектамі з выкарыстаннем сучасных праграм і тэхнікі я не вітаю.

Камп’ютар у музеі можа цудоўна выконваць ролю “этыкеткі”: падрабязна расказаць пра нейкі прадмет, патлумачыць асобныя характарыстыкі. Таксама інфармацыйныя тэхналогіі я ўспрымаю як інструмент больш эфектыўнай арганізацыі працы музейшчыкаў. Даведачныя стэнды, электронныя каталогі, музейная лаўка па продажу сувеніраў, продаж білетаў, заказ экскурсій, аўдыёгіды, музейная карта і г.д. Увогуле, нічога не варта выракацца, лепш імкнуцца выкарыстоўваць розныя магчымасці. Аднак пры гэтым не пераўтварыць гісторыю ў шоу, прафесіяналізм – у блюзнерства.

– Нядаўна ваш музей-запаведнік прадставіў у Віцебску на міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” арыгінальны сценапіс з Полацкага Спаса-Праабражэнскага храма.

– Так, мы прэзентавалі мастацка-гістарычны праект "Спадчына Еўфрасінні Полацкай. Сценапіс XII – XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма".

Гэта ўнікальныя фрагменты арыгінальнага роспісу храмавых сцен, раскрытыя пасля рэстаўрацыйных работ у Спаса-Еўфрасінеўскім манастыры. Такі невялічкі кавалачак культурнай прасторы старажытнага Полацка.

Мы практычна не вывозім свае выставы за межы музеяў, усіх аматараў гісторыі запрашаем да сябе паглядзець на цікавосткі. Але надышоў момант, калі хочацца ганарыцца і паказаць суайчыннікам вынікі шматгадовай крапатлівай працы, асабліва калі яны сталі выключнай з’явай.

Больш дзесяці гадоў рэстаўратары займаліся адслаеннем і пераносам на іншую аснову алейнага жывапісу ў Спаса-Праабражэнскім храме. Царква ў гонар Усяміласцівага Спаса была пабудаваная ў ХІІ ст. па заказе самой Прападобнай Еўфрасінні і з’яўляецца помнікам старажытнага дойлідства сусветнага ўзроўню. Такіх старажытных роспісаў сюжэтнага характару, як у царкве Спаса, больш нідзе няма.

Нашы рэстаўратары здзейснілі цуд – раскрылі фрэскі амаль 900-гадовай даўніны! Распісвалі іх візантыйскія майстры натуральнымі фарбамі, таму яны захаваліся амаль у поўным аб'ёме. Але храм некалькі разоў перабудоўваўся, фрэскі пакрывалі новымі пластамі тынкоўкі і новымі алейнымі роспісамі ў 1857 і 1885 гадах. Сёння пласты сярэдзіны ХІХ стагоддзя таксама з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таму пры рэстаўрацыі іх імкнуліся зберагчы. Спачатку працы па адслаенні сценапісу вёў амаль у адзіночку мінскі рэстаўратар і даследчык Уладзімір Ракіцкі. У 2007 годзе на дапамогу прыйшлі маскоўскія спецыялісты, якія валодалі больш сучаснымі метадамі, на чале з галоўным мастацтвазнаўцам Навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення Міністэрства культуры Расіі Уладзімірам Сараб’янавым.

Уладзімір Дзімітравіч быў выдатнейшым спецыялістам, паважаным экспертам і вопытным практыкам, які кіраваў рэстаўрацыяй фрэскавых помнікаў Пскова, Ноўгарада, Старой Ладагі, сабораў Маскоўскага Крамля. Ён навучыў беларускіх калег тэхналогіям адслаення насценнага роспісу, якія не маюць аналагаў у краінах СНД, а ў сусветнай практыцы падобныя вопыты адзінкавыя. Звычайна больш познія малюнкі пры рэстаўрацыі знішчаліся – іх проста зразалі габлюшкай на падлогу.

У нас жа пры рэстаўрацыі адслоеныя фрагменты царкоўнага жывапісу наносілі на новую аснову. Такім чынам з'явілася магчымасць экспанаваць іх як самастойныя помнікі. Гэта фрагменты кампазіцый "Тайная вячэра", "Архангел", "Нараджэнне Хрыстова", "Цуд у Кане Галілейскай" і іншыя.

Мы вельмі ганарымся тым, што ў Мастацкай галерэі Полацка ёсць пастаянная экспазіцыя аўтэнтычнага сценапісу XII – XIX стагоддзяў, праект быў здзейснены дзякуючы гранту фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Дарэчы, працэс таніроўкі сценапісу, да якога зараз прыступілі спецыялісты, таксама вядзецца за кошт гранта.

– Тамара Аляксандраўна, падзяліцеся з намі планамі – які яшчэ музей з’явіцца ў Полацку?

– Сёння мы пакуль не займаемся падрыхтоўкай новых музеяў, а працуем над музейнымі праектамі, і яны становяцца ўсё больш навукаёмкімі, патрабуюць глыбокага даследавання асобных пластоў з жыцця тысячагадовага горада. Прэзентуючы новыя музейныя прадметы ў экспазіцыі, ствараем адначаснасць у музейнай прасторы. Гэта таксама вельмі творчы працэс, які грунтуецца на музеефікацыі фрагментаў, асяроддзя, нават нематэрыяльнай спадчыны.

Шмат увагі ўдзяляем музейна-педагагічнай дзейнасці, дарэчы, тут мы сярод “піянераў”, займаемся гэтым з 1991 года. Мы адзіныя ў краіне, дзе музейныя заняткі для дзяцей праводзяцца цыкламі, пачынаючы з 4-гадовага ўзросту. Гэта 6 праграм на працягу 9-ці месяцаў навучальнага года. Напачатку простае знаёмства з музеем як установай, з тым, як разглядаць музейны прадмет, а потым больш сур’ёзныя сустрэчы – у фондах, з рэстаўратарамі і г.д. Сёння самая любімая палачанамі праграма – сямейныя музейныя заняткі з дзецьмі ад 1,5 года, да падрыхтоўкі іх прыцягнутыя не толькі педагогі, але і псіхолагі.

– Вы з такім замілаваннем расказваеце пра Полацк і яго музеі, што відавочна – вы вельмі любіце сваю працу!

– Захапілася музейнай справай я неспадзявана, па спецыяльнасці я настаўніца гісторыі і замежнай мовы. У вольны час праводзіла экскурсіі, закончыла курсы экскурсаводаў. Памятаю, столькі ўсяго расказвала турыстам пра свой родны горад, што тыя раскрывалі раты... Полацк – мае карані і маё паветра, ён дае сілы і натхняе, дорыць моц і надзвычайную энергію, ахінае цяплом і мацярынскай пяшчотай. Бачыла сябе толькі ў Полацку: уявіце, выпускніца з “чырвоным дыпломам” едзе на перыферыю са сталіцы, а ёй прапаноўваюць 6 месцаў па размеркаванні ў самім Мінску! Аднакурснікі круцілі ля скроні… Тагачасны дырэктар полацкіх музеяў Таццяна Рудава, здаецца, бачыла мяне наскрозь. Дзякуючы яе намаганням нас з Галінай Ладзісавай накіравалі вучыцца ў Санкт-Пецярбург. Гэта была адзіная ў СССР  вышэйшая музейная навучальная ўстанова, студэнтаў 16 чалавек, навучанне праходзіла на базе Дзяржаўнага Эрмітажа – аднаго з самых прызнаных культурна-гістарычных музеяў свету. Так я стала музейшчыцай, аб чым ніколькі не шкадую. Сын мяне падтрымлівае ў жыцці, а вось прафесію выбраў іншую. Я яго не дакараю. Важна адбыцца ў сваёй прафесіі, адчуць асалоду ад кожнага працоўнага дня, кожнага новага праекта, кожнай сустрэчы з калегамі, нават ад тэлефоннага званка “па справе”…

Дасье

Джумантаева Тамара Аляксандраўна – кандыдат культуралогіі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

У 1983 г. скончыла Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Горкага па спецыяльнасці “гісторыя, англійская мова”; у 1993 г. – Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную акадэмію культуры па спецыяльнасці "музейная справа і ахова помнікаў гісторыі і культуры”. У 2011 г. абараніла ступень кандыдата культуралогіі па тэме “Музеефікацыя культурнай прасторы Полацка”.

З 2012 г. займае пасаду дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Т.А. Джумантаева з'яўляецца членам экспертнага савета па музеялогіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Алена ЦЯРЭНЦЬЕВА

Фота з архіва музеяў і БЕЛТА

 

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.