Вы тут

Ігар Поршнеў: «Няма такога рэжысёра, які не прэтэндуе на Оскар»


Калі яшчэ нядаўна з «Беларусьфільма» рэдка прыходзілі навіны пра здымкі ігравога кіно, то апошнім часам яны з'яўляюцца адна за другой — пра баявік, серыялы, фільм Дзмітрыя Астрахана і іншае. Таму, калі мы прыйшлі да дырэктара нацыянальнай кінастудыі Ігара Поршнева на інтэрв'ю, перш за ўсё запыталіся аб прычынах такога «буму».


— З моманту, калі ў верасні 2015 года я заняў пасаду дырэктара кінастудыі, да жніўня 2016-га не прайшло ніводнага конкурсу кінапраектаў Міністэрства культуры, а бюджэтныя сродкі мы можам атрымаць толькі праз яго. У гэты час мы завяршалі дзве ігравыя карціны, мультстудыя была больш-менш загружана, затое студыя дакументальнага кіно "Летапіс" аказалася на мяжы выжывання, мы тут нават рэкламу здымалі. Нарэшце, у конкурсе 2016 года мы перамаглі ў пэўнай колькасці намінацый і запусцілі праекты ў работу, таму цяпер у вытворчасці знаходзіцца адразу шэсць ігравых карцін. Мяне радуе, што кінастудыя загружана, праўда, лепш было б, каб працэс здымак быў рытмічным, бо нашы тэхнічныя магчымасці не бясконцыя, тым больш што "Беларусьфільм" знаходзіцца ў завяршальнай стадыі рэканструкцыі. Прыходзіцца пераразмяркоўваць кіназдымачнае, асвятляльнае і гукавое абсталяванне, дзяліць мантажныя кабінеты. Але ўсё роўна групы працуюць з вялікім энтузіязмам, я думаю, у наступным годзе ў нашага маркетынгавага аддзела будзе шмат працы па рэалізацыі створанага.

— Раскажыце пра ігравыя фільмы, якія знаходзяцца ў здымачным перыядзе.

— Адзін з іх — працяг тэлесерыяла "Ой, ма-мач-кі", што з поспехам прайшоў на расійскіх каналах і нядаўна быў паказаны на нашым тэлебачанні. Восенню група павінна завяршыць здымкі, распачаць мантажна-таніровачны перыяд і ў гэтым жа годзе здаць серыял. Гэта камерцыйны праект, мы будзем рэалізоўваць яго на расійскім рынку і разлічваем зарабіць. Фільм Дзмітрыя Астрахана "Жыццё пасля жыцця" — першая за шмат гадоў паўнавартасная сумесная работа нашага Міністэрства культуры і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Цікавая карціна з прыцягненнем расійскіх зорак і вялікай колькасцю нашых акцёраў. Цяпер актыўна ідуць здымкі, мы зробім чатырохсерыйную версію для тэлеэкрана і поўнаметражны фільм для кінаэкранаў Беларусі і Расіі. У такім жа двайным фармаце, дарэчы, выйдзе жорсткі баявік "Чорны сабака", здымкі якога мы скончылі паўтара месяца таму. Таксама запусціўся мастацкі кіраўнік "Беларусьфільма" Вячаслаў Нікіфараў з фільмам "Тум-пабі-дум" — вельмі цікавай работай "для сямейнага прагляду" пра хлопчыка з дзіцячага дома, здымалі ў сапраўдным дзіцячым доме. Мы з нецярпеннем чакаем карціну і разлічваем, што яна прыме ўдзел у кінафестывалі "Лістапад". Спадзяёмся, калі ўсе даручэнні кіраўніка дзяржавы будуць выкананы і ў лістападзе ён наведае "Беларусьфільм", каб "прыняць" завершаную рэканструкцыю кінастудыі, мы зможам паказаць "Тум-пабі-дум" першай асобе. Апроч іншага, "Беларусьфільм" запусціў прыгодніцкую карціну "Прынцэса і тыгр" Ігара Чацверыкова пра падлеткаў, якія шукаюць скарб у Нясвіжскім замку, і падрыхтаваў першы за доўгія гады зборнік дэбютных работ маладых рэжысёраў "Мы". Альманах складаецца з пяці кароткаметражак розных жанраў ад камедыі да драмы, яго мы таксама хочам аддаць на "Лістапад". Спадзяёмся, ён пройдзе і ў пракаце. Пры жаданні зборнік можна раскласці на асобныя фільмы, з якімі аўтары могуць удзельнічаць у кінафестывалях.

— Здымкі альманаха "Мы", я так разумею, былі праведзены не за бюджэтныя грошы?

— Сто працэнтаў бюджэтнага фінансавання. З дзесяці, нават больш, прэтэндэнтаў спецыяльная камісія выбрала пяць рэжысёраў. Можа, атрымаецца кожны год рабіць такія зборнікі, паглядзім, як ён пройдзе ў пракаце.

— Калі вы здаяце фільм "Чорны сабака" і пра што гэты баявік?

— Мы здадзім яго да канца года, карціна робіцца з прыцэлам на расійскія тэлеканалы, таму што яны больш плацежаздольныя, у фільме закранаецца і сірыйская праблема. "Чорны сабака" заснаваны на кнізе Мікалая Чаргінца, у яго ёсць моцныя дэтэктыўныя раманы. Не буду раскрываць гісторыю, скажу толькі, што тут добрыя артысты і здымачная група.

— А не страшна брацца за такі складаны жанр?

— Тут выдатны склад здымачнай групы і вельмі добрая літаратурная аснова. Калі ёсць добрая літаратурная аснова, не страшна, можна за ўсё брацца. Баявік — папулярны мужчынскі запатрабаваны жанр, у якім наш партнёр Глеб Шпрыгаў мае вялізны вопыт працы. Цяпер, калі ў нас ужо ёсць чарнавы мантаж, я бачу, што атрымліваецца дастаткова захапляльны фільм, высокай якасці матэрыял. Нашы магчымасці, піратэхнічныя і іншыя, — усё дастойна.

— То-бок у "Беларусьфільма" добры вопыт стварэння баевікоў? Яны акупаюцца?

— Не, якраз вопыт сумны. У мяне ляжыць апошні фільм серыі "Дзяржаўная граніца", які мы можам рэалізаваць толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Я не магу прадаць яго ў Расіі, ужо колькі высілкаў патраціў на спробы, але адказ адзін: гэта пра вашу беларускую граніцу, вось калі б вы знялі пра савецкую... А тут беларуская граніца і ўсё, Расія як адрэзана.

— Як тады пад расійскі рынак адаптаваны "Чорны сабака"?

— А там невыразнае месца дзеяння — не Беларусь і не Расія. Проста спецвойскі і спецаперацыі. Вазьміце любы замежны фільм: у героя чорная форма, яго закідваюць на заданне і чыноўнік кажа "калі з вамі нешта здарыцца, вы нас не ведаеце". Вельмі зручная пазіцыя.

— Акцёрскі склад "Чорнага сабакі" — руска-беларускі?

— Так, там нашы Павел Харланчук і Анатоль Кот, а ў галоўнай ролі Уладзімір Епіфанцаў.

— А ў фільме Дзмітрыя Астрахана не будзе крэну, як часта здараецца ў сумесных руска-беларускіх праектах, у бок расійскіх акцёраў, якія іграюць у галоўных ролях, пакідаючы ўсе астатнія беларусам?

— Складана сказаць. Гэта капрадукцыя, галоўную ролю выконвае Аляксандр Дамагараў, дзве жаночыя ролі — актрысы з Санкт-Пецярбурга і Масквы, а ўсе астатнія ў прынцыпе іграюць беларускія акцёры. Я не бачу тут ніякага перакосу. Як у мяне пытаюцца: "Вы што, не знайшлі ў Беларусі хлопчыка на галоўную ролю "Тум-пабі-дум"?" Тысячу дзяцей адгледзелі, але ж мы звярталі ўвагу не на нацыянальную прыналежнасць, у выніку выбралі найталенавіцейшага хлопчыка — проста фантастыка, што ён робіць, мы не можам на яго нарадавацца. Хлопчык з Адэсы, чым дрэнна? Мы гэтым хлопчыкам адкрываем для сябе ўкраінскі рынак, хоць і не наўмысна.

— Што зараз з серыялам "Трымайся за аблокі"? Калі кінастудыя пачынала над ім працаваць, меркавалася, што ён выйдзе летам 2017-га.

— Здымкі серыяла па розных прычынах знаходзіліся ў працяглай кансервацыі.

— Па якіх прычынах?

— Мы не паспелі зняць сур'ёзныя трукавыя сцэны, звязаныя з рызыкай для жыцця, скончылася лета, а дзеянне серыі адбываецца летам, таму мы перанеслі здымкі. У гэтым годзе мы павінны ўсё скончыць, засталося зняць недзе 15—20 працэнтаў матэрыялу — прыкладна адну серыю з васьмі і кавалачкі некаторых сцэн. То-бок работа не кінутая, не спісаная, яна існуе, зараз ідзе мантаж таго, што ўжо зроблена, і хутка серыял будзе гатовы.

— Гэта значыць, затрымка менавіта тэхнічная і пытанняў да якасці матэрыялу не ўзнікала?

— Тэхнічная — так, альбо хутчэй эканамічна-кліматычная. Грошы, што былі адпушчаны на серыял, не былі зрасходаваны, мы іх замарозілі і цяпер дастаём.

— А што з дакументальным кіно?

— Усё добра. Толькі выйшла некалькі карцін (у тым ліку "Агмень" Юрыя Цімафеева, "Янка Купала" Віктара Аслюка, "Першадрук" Ігара Чышчэні, "Чужое і сваё" Галіны Адамовіч, пра якія пісала "Звязда". — Аўт.), зараз мы тэрмінова выконваем даручэнне Міністэрства культуры і кіраўніка дзяржавы — здымаем восем кароткаметражных фільмаў пра лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі.

— Гэтым займаецца Анатоль Алай?

— Ён мастацкі кіраўнік. Зразумела, ён адзін не змог бы ўсё зрабіць, таму мы сабралі групу.

— На гэта выдзелены нейкі асобны бюджэт?

— Быў аб'яўлены спецыяльны конкурс, у якім удзельнічалі не толькі мы. Фільмы здымаюцца, адзін ужо здалі, да канца года павінны быць зроблены ўсе восем. Новую работу цяпер здымае Віктар Аслюк, называецца "Беларуская Атлантыда", Вольга Дашук — "Чалавека з фотаапаратам", Галіна Адамовіч — "Сівую легенду". То-бок будуць яшчэ цікавыя работы.

— Нельга не заўважыць пераўтварэнні на "Беларусьфільме": вы запрасілі ў каманду вядомага рэжысёра Вячаслава Нікіфарава і прадзюсара Юрыя Ігрушу, у кінастудыі з'явіўся прэс-сакратар, вы аддаяце належную ўвагу не толькі стварэнню кіно, але і яго прасоўванню. Гэта, можна сказаць, нешта новае.

— Гэта не новае, вы проста забылі тую кінастудыю... Я ўсё жыццё тут правёў. Нарадзіўся на здымачнай пляцоўцы фільма "Гадзіннік спыніўся апоўначы", помню сябе ў аўтобусе на шляху ў экспедыцыю некуды ў Крым. Я помню фільмы, на якіх працавалі мае бацькі, я заўсёды быў на пляцоўцы, калі вяртаўся са школы — пераходзіў вуліцу і ішоў на кінастудыю. Я вырас у гэтым асяроддзі і ведаю, што студыя заўсёды ганарылася сваімі работамі, яе запрашалі на міжнародныя кінафестывалі, сюды прыязджалі — мала хто ведае — італьянцы з намерам зняць "Альпійскую баладу" па Васілю Быкаву, якую ў выніку зняў Барыс Сцяпанаў. Такая была палітычная сітуацыя: калі італьянцы зацікавіліся, значыць, мы самі здымем. Лічу, атрымалася не самая дрэнная работа. У нашым музеі міжнародныя прызы найвышэйшага ўзроўню. Мы хочам адрадзіць той аўтарытэт, для гэтага мы павінны прысутнічаць на міжнародных кінафестывалях, наша маркетынгавая служба гэтым займаецца. Многія нават не ведаюць, што "Беларусьфільм" існуе, таму, калі ёсць дастойныя работы, мы іх адсылаем на фестывалі, дакументалістаў ведаюць больш, але самымі вядомымі з'яўляюцца нашы мультыплікатары. Мы хочам, каб тое ж самае было з ігравым кіно.

— Служба маркетынгу мэтанакіравана над гэтым працуе?

— Так, напрыклад, зараз прадстаўнік кінакампаніі "BАZЕLЕVS" (якую заснаваў Цімур Бекмамбетаў) прапануе далучыцца да найцікавейшай работы "Урокі персідскай". Мы будзем сустракацца з яе аўтарам, у праекце ўжо ўдзельнічаюць бельгійскі і нямецкі фонды, збіраюцца сродкі ў Амерыцы і Еўропе, я ўжо даў згоду, "Беларусьфільм" павінен удзельнічаць у любым выпадку, тут якраз тэма Вялікай Айчыннай вайны, а ў нас для гэтага ёсць усё, у тым ліку велізарныя калекцыі зброі і касцюмаў таго часу. Мы актыўна вядзём перагаворы, і калі не зможам паўдзельнічаць сродкамі, то паўдзельнічаем хоць бы матэрыяльнай базай і натурнымі пляцоўкамі. Аператар будучага фільма — немец Бенедыкт Ноенфельс, які атрымаў Оскар за фільм "Фальшываманетчыкі", рэжысёр — Вадзім Перэльман, які намінаваўся на Оскар, тут жа Цімур Бекмамбетаў, з якім добра сябраваць, бо ён выходзіць на Кітай. Мы хочам уключыцца ў сусветную кінаіндустрыю, інакш мы не выжывем. Дзяржава ўсе гэтыя гады ўкладвала ў нацыянальны кінематограф сур'ёзныя сродкі. "Беларусьфільм" здадуць пасля рэканструкцыі — ён будзе кінастудыяй еўрапейскага ўзроўню, якая павінна адказаць дзяржаве тым, што зарабляе грошы, а не толькі стаіць з працягнутай рукой. Гэта вельмі складаная задача, найскладанейшая, але мы будзем старацца. У нас ёсць вялікае жаданне зняць нацыянальны праект, але ён павінен быць вымераны і правільна выбраны.

— Калі вы бераце курс на тое, каб увайсці ў міжнародную кінаіндустрыю, напэўна, вы адпаведна рыхтуецеся да конкурсу кінапраектаў Міністэрства культуры і з разлікам на тыя амбіцыі падбіраеце праекты.

— Вялікая колькасць аўтараў прыносіць нам свае работы. У рэдактуры працуе пяць чалавек, яны адбіраюць праекты і фарміруюць партфель на конкурс. Наш тэматычны план развіцця распісаны да 2020 года, мы актыўна шукаем літаратурны матэрыял, таму што ў нас багатая класіка, да якой наш кінематограф даўно не звяртаўся. У нас ёсць людзі — гонар рэспублікі, але пра іх ніколі не здымалі кіно. Угадать тэму, якая будзе запатрабавана, — няпростая задача. Як нам знайсці шамана, які падкажа, што трэба рабіць сёння, а што можна адкласці на заўтра?

— Значыць, вы адчуваеце, што моцныя бакі беларускага кіно трэба акумуляваць, а старыя адкінуць назад.

— А хто вызначыць, якія з іх моцныя, а якія слабыя?

— А ў вас пакуль няма азначэння?

— Быць такім вызначальнікам — адказна і страшна, адразу вырастае вялікая колькасць ворагаў і нядобразычліўцаў, але мы гэтага не баімся. Страшна памыліцца, таму што шмат людзей прысвяцілі сябе кіно, лічаць сябе ўнікальнымі, да іх трэба паважліва ставіцца. Мая пазіцыя ў тым, што трэба выслухаць кожнага і кожнаму даць магчымасць выказацца і прынесці сваю работу. Мы сустракаемся і з "ветэранамі", і з моладдзю. У мяне дзверы адчынены заўсёды, па чацвяргах — адкрытыя дні, мне прыносяць розныя сцэнарыі, я ўсё аддаю ў рэдактуру. Вялікую дапамогу аказвае Вячаслаў Нікіфараў, толькі зараз ён заняты на здымках. Тое, пра што вы запыталі, — азначэнне таго, што цікава, а што не, — знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Два гады, якія я працую на пасадзе дырэктара, мне прыйшлося быць крызісным менеджарам, каб прывесці кінастудыю ў працоўны стан. Вось былі пустыя памяшканні, а зараз там 80 тысяч касцюмаў, кожны вісіць на асобнай вешалачцы, можна падысці, памацаць, 20 тысяч капелюшоў — кожны на асобным цвічку. Прыязджаюць да нас кінематаграфісты, з Індыі, з ЗША, — не сорамна паказаць. Індыйцы кажуць "шыкоўная калекцыя, агромністыя натурныя пляцоўкі, з вамі можна працаваць". Калі яны здымалі ў Швейцарыі, там колькасць індыйскіх турыстаў вырасла на 20 працэнтаў. Тое ж самае можа здарыцца і з намі, Індыя нам вельмі цікавая.

— Перабудовы, пра якія я ўжо казала, ваша ўвага да маркетынгу, жаданне прасоўваць фільмы на кінафестывалі — даволі сімпатычны шлях. У той жа час, гледзячы на баявік альбо серыялы, якія зараз у рабоце, здаецца, што вы імкняцеся да тэлебачання і продажаў. Узнікае кантраст: думаем, вы хочаце ўліцца ў сусветную кінаіндустрыю, а праекты, што зараз у працы, гэтаму супярэчаць.

— Ёсць яшчэ даручэнне кіраўніцтва, згодна з якім мы павінны быць не толькі ўтрыманцамі, але і зарабляць. Я з вамі не згодны: так, мы робім тэлесерыялы, але да іх ствараем і кінаварыянт. Фільм "Жыццё пасля жыцця", я думаю, будзе новай формай, вельмі цікавай гісторыяй і чыста фестывальным кіно. Дзмітрый Астрахан неаднаразова браў узнагароды за свае карціны. "Чорны сабака", менавіта поўнаметражны фільм, таксама можа ўдзельнічаць у кінафорумах, я ведаю шмат фестываляў, прысвечаных баевікам і ўсялякім паліцэйскім карцінам. Зборнік дэбютных работ — гэта, лічыце, пяць кароткаметражных фільмаў, якія ў прынцыпе накіраваны на тое, каб удзельнічаць у форумах. Напэўна, трыста фестываляў я ведаю, куды можна рассылаць заяўкі, і калі з пяці навел адбяруць адну, гэта ўжо будзе поспехам. Мы думаем, "Прынцэса і тыгр" таксама будзе дастойнай работай, толькі на тэрыторыі СНД ёсць чатыры альбо пяць фестываляў фільмаў для дзяцей і юнакоў. "Тум-пабі-дум", я думаю, Вячаслаў Нікіфараў зробіць фестывальным, гэта не будзе прахадной карцінай, яна скажа нешта новае ў кінематографе. Ёсць прыказка: няма такога радавога, які не марыць стаць генералам. Дык вось, няма такога рэжысёра, які не прэтэндуе на Оскар.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».