Вы тут

Градус трэба паніжаць


Гэта клініка мае ўжо амаль 100-гадовую гісторыю. Шмат аддзяленняў аказваюць меддапамогу хворым з рознай псіхічнай паталогіяй, аднак толькі ў чатырох дапамагаюць пераадольваць залежнасці, у першую чаргу, алкагольную і наркатычную. У гэтых аддзяленнях сёння працуюць мультыдысцыплінарныя брыгады, у склад якіх уваходзяць урачы псіхіятры-нарколагі, псіхолагі і псіхатэрапеўты. Большая частка залежных пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя — з Мінска і Мінскай вобласці.


Хтосьці прыязджае сюды па накіраванні псіхіятра-нарколага або псіхатэрапеўта (па месцы жыхарства), а хтосьці сам звяртаецца непасрэдна ў цэнтр, у кансультацыйна-паліклінічнае аддзяленне, спецыялісты якога і накіроўваюць на шпіталізацыю. Зварот можа быць цалкам ананімным, як і лячэнне, але ў такім выпадку яно будзе платнае. Вядома, не ўсе разумеюць неабходнасць своечасовага звароту да спецыялістаў. Калі залежны пацыент паступае менавіта ў вострым псіхатычным стане, галоўнае вызначыць, з чым звязаны такі стан пацыента, — ад гэтага будзе залежаць выбар тэрапеўтычнага ўмяшання. Дапамагае ў гэтым не толькі размова з пацыентам, але і псіхалагічнае тэсціраванне, лабараторныя даследаванні і г. д., тлумачыць намеснік дырэктара па медыцынскай часці РНПЦ псіхічнага здароўя Аксана КАЛБАСАВА.

У складаных сітуацыях для дыягностыкі ў цэнтры выкарыстоўваецца магнітна-рэзанансная тамаграфія, з дапамогай якой можна даследаваць галаўны мозг, яго сасуды і г. д. Акрамя таго, тут пры неабходнасці кансультуюць спецыялісты — тэрапеўт, неўролаг, эндакрынолаг, хірург, акуліст, дэрматавенеролаг, гінеколаг і іншыя. У складаных сітуацыях збіраецца кансіліум з некалькіх спецыялістаў.

Нярэдка ў пацыентаў з алкагольнай залежнасцю развіваецца абстынентны сіндром, або стан адмены. Выйсці з гэтага хваравітага стану дапамагае медыкаментозная тэрапія. Паказаны такім пацыентам і розныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры, а таксама знакамітая баракамера — лячэнне кіслародам пад павышаным атмасферным ціскам. Працэдура добра вядомая ўжо шмат гадоў і карысная, дарэчы, не толькі для алкаголікаў. У народзе гэта яшчэ называюць ачышчэннем арганізма. Атмасферны ціск у баракамеры адчуваецца прыкладна так, як пры пагружэнні пад ваду на глыбіню 3—5 метраў. Галоўнае, не баяцца замкнутай прасторы. А так — ляжыш і проста дыхаеш кіслародам. Сакрэт жа ў тым, што чым мацней ціск газу, які мы ўдыхаем, тым лепш ён раствараецца ў вадкасцях, у гэтым выпадку ў крыві. Клеткі добра насычаюцца кіслародам, арганізм аднаўляецца. А заадно зніжаецца і жаданне выпіць, паляпшаецца сон, вяртаецца добры настрой, павышаецца працаздольнасць. Некаторым патрабуецца тры-пяць працэдур, некаму дзесяць. Называецца працэдура «гіпербарычная аксігенацыя».

Сучасныя падыходы да аказання меддапамогі пацыентам з залежнасцямі прадугледжваюць абавязковую рэабілітацыю. Цэнтр псіхічнага здароўя мае рэабілітацыйнае наркалагічнае аддзяленне —21-е, дзе атрымліваюць дапамогу мужчыны і жанчыны.

— У аддзяленні — 50 месцаў, большасць пацыентаў зараз — мужчыны. Частка хварэе не толькі на алкагалізм, але паралельна ўжывае яшчэ і наркотыкі, напрыклад, спайсы. Прыкладна палова знаходзіцца тут платна, і гэта, галоўным чынам, мінчане, — расказвае за-
гадчык 21-га наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір ІВАНОЎ
. — Лячэнне комплекснае, уключае шырокі спектр медыкаментаў, бо нярэдка нашы пацыенты пакутуюць ад дэпрэсіі. Працуюць два ўрачы-псіхатэрапеўты і чатыры псіхолагі. У аснове работы — прынцыпы праграмы «Дванаццаць крокаў», а таксама пошук новых цікавых заняткаў, у першую чаргу, спорт, актыўнае грамадскае жыццё, дапамога такім жа... Што і не дзіўна: сярэдні ўзрост людзей з алкагольнай залежнасцю — 25—45 гадоў...

Ва ўсім свеце алкаголем злоўжывае прыкладна аднолькавая частка насельніцтва, сцвярджаюць спецыялісты. Аднак у нашай краіне ёсць свае асаблівасці і падставы для злоўжывання. У нашым выпадку неабходна імкнуцца да зніжэння ўзроўню спажывання алкаголю, а спосабы дасягнення гэтай мэты даўно і добра вядомыя. У першую чагу, праблема заключаецца ў высокай даступнасці — магазіны з алкаголем на кожным кроку. Месцы продажу неабходна скарачаць. Варта таксама збалансаваць кошт такіх напояў, а ўзрост продажу ал-
кагольных напояў павысіць да 21 года. І адначасова трэба звярнуць увагу на агульную адукаванасць насельніцтва адносна таго, што такое алкаголь...

Калі зараз прыняць правільныя рашэнні, то за 20—25 гадоў Беларусь можа выйсці на ўзровень спажывання не больш за 6—7 л абсалютнага спірту на душу насельніцтва ў год (зараз у краіне гэта лічба складае 8,8 л). Пры гэтым спажываем мы ў першую чаргу моцныя напоі, а градус трэба паступова паніжаць, адзначае галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іван КАНАРАЗАЎ. Такім чынам, кошт акцызаў на моцны алкаголь будзе павышацца, а рэалізацыю алкаголю на тэрыторыі краіны плануецца забараніць з 23.00 да раніцы (за выключэннем аб'ектаў грамадскага харчавання), бо статыстыка сведчыць, што начная злачыннасць цесна звязана з «дагонкай», калі выпітага аказалася малавата.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?